«Турысты з Еўрасаюза стануць вашымі. І наадварот»
02.08.2013 18:12:02
Міжнародны інвестыцыйны форум у Глыбокім сабраў звыш двухсот удзельнікаў з Латвіі, Літвы, Мінска і Віцебскай вобласці
БОЛЬШАСЦЬ з іх былі знаёмыя паміж сабой па шматгадоваму трансгранічнаму супрацоўніцтву ў Еўрарэгіёне «Азёрны край». Яно прынесла немалыя набыткі ў галіне культуры, адукацыі, медыцыны, аховы акаляючага асяроддзя.
Аднак калі на апошніх форумах у Браславе і Верхнядзвінску інвестыцыйныя прапановы паступалі ў асноўным з беларускага боку, то на гэты раз больш актыўнымі былі госці. Яны гаварылі пра неабходнасць адукацыйных мерапрыемстваў у сферы малога і сярэдняга бізнесу, захаванні помнікаў архітэктуры ў прыгранічных раёнах, аб развіцці энергетыкі і аднаўляемых рэсурсаў, перапрацоўцы драўніны, арганізацыі сумесных кірмашоў.
Асабліва часта гучала тэма турызму.
Некалькі інвестыцыйных праектаў прадставіў на форуме і беларускі бок.
Так, глыбоцкі кансервавы завод «Купцовъ», які мае вядомы брэнд зялёнага гарошку, шукае партнёраў для далейшай мадэрнізацыі вытворчасці. Выпускаць швейную прадукцыю на базе фабрыкі мастацкіх вырабаў разлічваюць верхнядзвінцы. Пастаўчане «размахнуліся» на трохзоркавую гасцініцу і базы адпачынку.
Ёсць і першыя вынікі. Аб супрацоўніцтве ў галіне льнаводства дамовіліся прадстаўнікі Інстытута льнаводства Беларусі і латвійскага Латгальскага сельскагаспадарчага навуковага цэнтра.
Прысутных вітаў старшыня Глыбоцкага райвыканкама Алег Морхат. Актыўны ўдзел у мерапрыемстве прыняў старшыня прэзідыума рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальнікаў Уладзімір Карагін. На форуме ўсе мелі магчымасць прадэгуставаць прадукцыю вядучых прадпрыемстваў Глыбоччыны.
Уладзімір САУЛІЧ, «БН»
Фота аўтара