Турысты вучацца араць
05.10.2013 18:02:20
У конкурсе на лепшую аграсядзібу перамог Андрэй Крук з вёскі Калюга Капыльскага раёна
ДВА ГАДЫ таму назад з’явілася гэта турыстычная кропка на карце Міншчыны, а ўжо сёння пра яе ведаюць не толькі ў рэспубліцы, але і далёка за яе межамі. Яна, без перабольшвання, як месца для экалагічна чыстага адпачынку, карыстаецца проста фантастычнай папулярнасцю.
«Вясёлая хата» — сапраўдны комплекс паслуг, многія з якіх акунаюць наведвальнікаў яшчэ і ў сівую мінуўшчыну. Пры дапамозе старажытных прылад працы аматары сельскага адпачынку вучацца араць, баранаваць і касіць. Таксама карыстаецца папулярнасцю і «навука» нарыхтоўваць дровы. Даспадобы гатаванне традыцыйных страў беларускай кухні, у падрыхтоўцы якіх можна паўдзельнічаць самім.
Камфортнасць адпачынку ў аграсядзібе яшчэ і ў тым, што ў любы сезон, няхай гэта будзе ранняя вясна, гарачае лета, глыбокая восень альбо снежная зіма, вам забяспечаць максімальна годны вольны час. Спектр паслуг настолькі разнастайны, што ў любую пару года ён будзе насычаным, неардынарным і таму незабыўным.
Вельмі проста расказваць, як працуе «Вясёлая хата» і чым яна багата. Але хацелася б яшчэ засяродзіць увагу чытачоў на тым, што шлях да стварэння ўласнага агратурыстычнага бізнесу ў Андрэя быў няпростым. На доўгія месяцы ён забыўся пра зручнае жыццё ў сталіцы, ператвараючы фактычна запусцелы дом у прыгожую і камфортную сядзібу, двор — у месца для культурнага і спартыўнага адпачынку. Многае, што цяпер знаходзіцца на тэрыторыі «Вясёлай хаты», якая займае прыкладна гектар зямлі, зроблена менавіта рукамі гаспадара. Дапамагала яму і любая жонка Наталля, якая ўносіла дызайнерскія ідэі для афармлення двара. Літаральна за апошні год на падворку з’явіліся новыя элементы для паўнацэннага адпачынку, сярод якіх ганаровае месца заняла, бясспрэчна, валейбольная пляцоўка. Побач з сажалкай (таксама навінка падворка) «вырасла» невялікая горка, дзе ўзімку дзеці з ветрыкам змогуць пакатацца на санках ці лыжах. Адным словам, камфортны адпачынак увесь час перажывае змены, удасканальваецца, каб наведвальнікі паўнавартасна змаглі нацешыцца прыгажосцю беларускай прыроды і адчуць хараство сельскага побыту. На дасягнутым Андрэй спыняцца не збіраецца: у планах пабудаваць яшчэ адзін домік для гасцей.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ