Церушынкі
11.08.2012 16:51:51
Міхась УЛАСЕНКА
Колькі глупства, слёз і здрады
Нарабіў наш век штармовы!
І камусь язык гавяды
Даражэй ад роднай мовы.
* * *
Калі ўсе вакол чужыя,
Цяжка выбіцца у людзі.
Каб не атрымаць па шыі,
Бі мацней сябе у грудзі!
* * *
Навучаны з маленства
Лынды біць,
Быў хутка да гультайства
Прыахвочаны.
І зараз
Ад няма чаго рабіць
Ён пастаянна чымсьці
Заклапочаны.
* * *
Згаджаюся,
Што ісціна — ў віне,
Калі фужэрчык
Наліваюць мне.
* * *
Нам вынік нясе выпадковасць.
Адно пастаяннае ў вечнасці:
Сардэчная недастатковасць
Ад недастатковай сардэчнасці.
* * *
Я шмат бадзяўся і не змог
Знайсці сябе
Ў жыццёвым скрутку.
Як мала пройдзена дарог,
Як многа зношана абутку!..