Ці водзіцца паўтаракілаграмовы лешч у “Кубку Дружбы”?
24.09.2011 19:41:54
На Чыгірынскім вадасховішчы сустрэліся “Піранні”, чэмпіёны-расіяне і мясцовыя аматары лоўлі.
У КІРАЎСКІМ раёне на маляўнічым беразе неўзабаве сабралася эліта рыбалоўнага спорту Еўропы: тут праходзілі міжнародныя спаборніцтвы па спартыўнай лоўлі рыбы фідзэрам. У трэці раз гэты куток Магілёўшчыны прымаў рыбаловаў-спартсменаў з Беларусі і замежжа. І ў трэці раз Чыгірынскае вадасховішча, багатае на рыбу розных відаў і памераў, шчодра прадастаўляла ім магчымасць паспрачацца за лідарства. З году ў год спаборніцтвы па рыбнай лоўлі пашыраюць свае маштабы: калі ў першы год удзел прымала 12 каманд, у 2010-м — 17, то сёлета — 22. Інтарэс да “Кубка Дружбы” ўзрастае, і гэта бачна не толькі па колькасці каманд, але і па іх саставу: у сёлетніх спаборніцтвах прымалі ўдзел чэмпіёны свету па фідзэрнай лоўлі рыбы — расіяне Ілья Калачоў і Іван Андрыянаў.
— На сёлетні “Кубак Дружбы” прыехалі лепшыя спартсмены-рыбаловы з Беларусі, Расіі, Украіны, Эстоніі. Былі і навічкі — дзве каманды з Літвы. Лічу, нашы спабор- ніцтвы можна называць малым чэмпіянатам Усходняй Еўропы.
Пасля таго, як пад матывы дзяржаўных гімнаў у неба ўзняліся флагі краін- удзельніц, слова атрымаў старшыня арганізацыйнага камітэта спаборніцтваў, кіраўнік Кіраўскага райвыканкама Уладзімір Піскіжаў:
— Калі ў першы раз прапанавалі правесці спаборніцтвы такога ўзроўню на Кіраўшчыне, я палічыў — гэта выпадковасць, у другі — супадзенне. А ў трэці — ужо заканамернасць, якая, упэўнены, перарасце ў добрую традыцыю.
Сваю рыбацкую “амуні- цыю” ўдзельнікі чэмпіянату раскладвалі на працягу амаль што дзвюх гадзін.
— У “Кубку Дружбы” наша каманда ўдзельнічае ўжо ў трэці раз, — гаворыць Ілья Калачоў. — Я з радасцю сустракаюся тут са сваімі сябрамі, знаёмымі, кожны год заводжу новыя знаёмствы, абменьваемся рыбалоўным вопытам. Арганізатары чэмпіянату забяспечваюць нам добрыя ўмовы для пражывання і сумленнай барацьбы.
Але рыбалкай захапляюцца і прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва, прычым не толькі на аматарскім узроўні. Удзел у спаборніцтвах зноў прымала адзіная жаночая каманда ў краінах СНД — “Піранні” з Кіева.
— Рыбалоўным спортам займаюся чатыры гады, — гаворыць капітан каманды Таццяна Дзянісава. — Захапіў гэтай справай муж. Менавіта з ім як група падтрымкі ўпершыню паехала на спаборніцтвы па рыбнай лоўлі, захапілася атмасферай саперніцтва, якая на іх пануе, вырашыла паспрабаваць сама. Самы запамінальны мой улоў — белы амур вагой 7 кілаграмаў 600 грамаў, вылавіла яго на спаборніцтвах у Кіеве.
Каму ж усміхнулася ўдача, высветлілася напрыканцы другога дня спаборніцтваў. Чэмпіёнам “Кубка Дружбы” Беларусь-2011 стала расій- ская каманда “Мавер” у саставе Міхаіла Дунаева і Паўла Гарэлава. Дарэчы, апошні спартсмен-рыбалоў заняў трэцюю прыступку п’едэстала гонару ў асабістым заліку. Другое і трэцяе месцы ў каманд з Эстоніі — “Andler-2” і “Pelikan” адпаведна. У асабістым заліку першынство на рахунку эстонскага спартсмена-рыбалова Дзмітрыя Забашта, а вось другое месца адваявала ў сапернікаў-мужчын Таццяна Дзянісава. Самую вялікую рыбу вадасховішча дазволіла вылавіць менавіта беларусу — Вадзіму Якубовічу. Лешч заважыў 1 кілаграм 580 грамаў.
Удзел у раённым першынстве па рыбнай лоўлі на донную вуду прынялі 9 каманд: адначасова з “Кубкам” ішлі спаборніцтвы па лоўлі на донную вуду сярод кіраўцаў. Першае месца заняла каманда МАУ “Кіраўскі ліцэй № 15”, дзякуючы ўдаламу ўлову Уладзіміра Рышкевіча — падляшча вагой 298 грамаў. Другое месца на рахунку райаграпрамтэхзабеспячэння. Улоў прадстаўніка каманды Уладзіміра Сгібнева заважыў 167 грамаў. Трэцяе месца — у каманды ДЮСШ-1. Падляшча вагой 110 грамаў злавіў Валянцін Шакараў. Такім жа чынам размеркаваліся месцы і ў асабістым заліку.
Старшыня райвыканкама разам з сынам выцягнулі з вадаёма шчупака вагой каля трох кілаграмаў.
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ
Фота аўтара і Максіма МІКЕШЫНА