Таямнічы лік
14.03.2009 01:00:00
Жонка пасля смерці мужа сорак дзён хадзіла, не заплятаючы валасы ў касу, а калі ўдава збіралася яшчэ раз замуж, то да сарака дзён не зашпіляла каўняра кашулі і не завязвала фартуха. Калі ў іх засталося шмат дзяцей, то і мужу, і жонцы дазвалялася ствараць новую сям’ю ўжо праз сорак дзён. Для аднавяскоўцаў, а яшчэ больш — для людзей з іншых вёсак на акне хаты, у якой памёр чалавек, сорак дзён вісеў белы ручнік, як сімвал жалобы і пера-
сцярогі для калядоўшчыкаў або валачобнікаў. Сані або калёсы, на якіх везлі нябожчыка, пасля пахавання перакульвалі каля вёскі, і там яны ляжалі сорак дзён. Посцілка або дыван, на якім стаяла труна, вяроўкі, на якіх труну апускалі ў магілу, забаранялася выкарыстоўваць у побыце таксама такі ж час — сорак дзён.
Яшчэ раз нагадаем залатое правіла традыцыйнай культуры беларусаў: з моманту смерці (пахавання) і да саракавога дня, калі душа толькі вызначала свой далейшы прытулак, мы, узгадваючы імя памерлага, павінны прагаварыць формулу-абярэг для сябе і формулу-пажаданне для яго: “Зямля пухам”.
Універсальны рытм прадвызначае шэраг асноўных абрадавых падзей і ў структуры радзінаў-хрэсьбінаў і жыцці дзіцяці на працягу першага года. У некаторых месцах да сарака дзён, а ў іншых аж да паўгода парадзіхі ўстрымліваліся ад паказу дзіцяці чужым людзям. Жанчыне забаранялася да сарака дзён пасля родаў наведваць царкву, а таксама некаторыя гаспадарчыя пабудовы, напрыклад гумно. На саракавы дзень дзіця хрысцілі, давалі яму пастаяннае імя, якое вельмі моцна ўплывала на лёс.
Да нашых дзён на Палессі існуе абрад “адвязіны”, калі на саракавы дзень парадзіха са сваёй сям’ёй наведвае павітуху, каб аддзячыць яе якім-небудзь падарункам.
Супастаўленне пахавальна-памінальнай і радзінна-хрэсьбіннай абраднасці дае шмат падстаў для разумення сістэмы светапоглядных уяўленняў нашых продкаў і асабліва таго, якім чынам звязаны паміж сабой “свет” продкаў і свет жывых.