Народная артистка Беларуси Татьяна Мархель празднует юбилей
19.01.2019 09:11:00
Ирина СВИРКО
Народны характар
Яе тэатральная кар’ера пачалася ў 1963 годзе, калі па размеркаванні выпускніца тэатральна-мастацкага інстытута трапіла ў Гродзенскі абласны драматычны тэатр. Таццяна Мархель заўсёды весела ўспамінае сваю дэбютную ролю японскай шпіёнкі Куін-Сан у спектаклі «Порт-Артур». На тую яе японскую гейшу ў купальніку з бліскаўкамі перад выхадам на сцэну збіраўся паглядзець увесь тэатр – у цнатлівых 1960-х актрысы ў пастаноўках далей сукенкі не распраналіся.
За гады працы Таццяна Мархель зменіць шэсць сцэнічных пляцовак. Родным стане Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, у ім яна служыць з 1993-га, ужо больш за чвэрць стагоддзя. За доўгае творчае жыццё на яго сцэне ёю створана яркая галерэя розных вобразаў. Працавала заўсёды аддана і плённа. Яна і сёння занятая ў пяці спектаклях рэпертуару, а днямі іграла ў прэм’еры – сатырычнай камедыі «Мудрамер» паводле Мікалая Матукоўскага.
У фільмаграфіі Таццяны Мархель многа вядомых кінастужак. Здымалася ў карцінах «Людзі на балоце», «Подых навальніцы», «Давай ажэнімся», «Мяне завуць Арлекіна», «Маці Урагану», «Плач перапёлкі», «Анастасія Слуцкая», серыялах «Каменская», «Мухтар. Новы след», «Павук»… Роляў больш за паўсотні, шкада, эпізадычныя ў большасці, але запамінальныя.
А быў у кінажыцці актрысы выпадак, калі магла быць роля галоўная, якая стала б, можа, і лёсавызначальнай у яе кінакар’еры, — Сцепаніды ў знакамітым фільме Міхаіла Пташука «Знак бяды» паводле Васіля Быкава. Да яе Таццяна Мархель многа і сур’ёзна рыхтавалася, нават пахудзела кілаграмаў на 10, як патрабаваў рэжысёр. Але ў самы апошні момант усё памянялася, ролю аддалі іншай — маскоўскай актрысе Ніне Русланавай, у ёй убачылі стваральнікі карціны Сцепаніду.
— Столькі плакала тады, — расказвала Таццяна Рыгораўна, — проста не магла супакоіцца. Для мяне гэта было страшэнна, быццам страціла вельмі блізкага чалавека, настолькі жыла гэтай роляй...
Пра Таццяну Мархель справядліва гавораць, што яна найбольш выразна ўвасабляе народны характар — беларускі, нацыянальны. Сапраўды, асабліва запамінальнымі атрымліваюцца ў яе ролі простых жанчын з народа, сялянак.
— Чаму менавіта яны найлепш удаюцца? — спытала неяк Таццяну Рыгораўну.
— Дык я ж сама з вёскі, жыла сярод простых людзей і жыву, — адказала актрыса.
Карані вясковыя
Яна нарадзілася ў вёсцы Шпакоўшчына Смалявіцкага раёна. У 1939-м. Яшчэ зусім малая была, калі бацьку забралі на фронт. Маці засталася з трыма дзецьмі адна. Вёску немцы два разы палілі, ратаваліся ў балоце. Тыя ўспаміны жывуць у сэрцы Таццяны Рыгораўны і сёння. Як атрымалі паведамленне, што бацька загінуў пад Кёнігсбергам. Як маці доўга таму не верыла, чакала, спадзявалася, што вернецца, што жывы, мо трапіў у палон. Як пасля вайны, калі пабудавалі новую хату, стоячы на зэдліку, разам са старэйшымі сястрой і братам крычала ў комін: «Татачка, ідзі дадому, мы цябе чакаем!..» Так навучыла мама, казала, што з першым дымам словы абавязкова дойдуць да бацькі, ён пачуе і вернецца. Але ж — не вярнуўся…Бацькі ў яе жыцці, прызнавалася Таццяна Рыгораўна, вельмі не хапала. Але была любая матуля Вера Кірылаўна, звычайная сялянская жанчына, якая шмат працавала, адна паднімала дзяцей, чалавек цікавы і вельмі таленавіты. Многае для роляў сваіх будучых гераінь з народа Таццяна Мархель узяла ад сваёй маці. Усе, хто ведалі абедзвюх, часта параўноўвалі: ну Кірылаўна, адзін у адзін!
А яшчэ ў спадчыну ад маці засталіся народныя песні, нашы, беларускія — гэта тое асабістае, дарагое, што Таццяна Мархель беражліва захоўвае і чым шчодра дзеліцца з людзьмі.
Матчына песня
Гэтых матуліных песень яна ведае мноства. Ніколі спецыяльна іх не збірала і не запісвала. Проста з дзяцінства чула, як спявала маці, — дома, у полі, на святах і вяселлях:
— Для мяне тое было звычайна, натуральнае наша жыццё. Ніколі не думала, што гэта штосьці дзіўнае, асаблівае. Мама спявала, і я разам з ёй, так і навучылася. А мама спявала ўвесь час, нават калі ёй было ўжо за 90 і яна жыла са мной у Мінску. Бывала, яна пачынае, і я за ёй.
Як спявае Таццяна Мархель – заслухаешся! Непаўторны інтэрпрэтатар абрадавых цыклаў – менавіта так яе прадстаўляюць. Яе не пераблытаеш ні з кім, бо так самабытна народныя песні не выконвае, бадай, ні адна з актрыс.
Аднойчы яны гучалі нават у Маскве ў зале Чайкоўскага. Кампазітар Алег Янчанка ўключыў іх у сваю сімфонію «Белая Вежа»: частка сімфанічнага аркестра, хор, арган, народныя старадаўнія музычныя інструменты, цымбалы і беларускі аўтэнтычны спеў у выкананні Таццяны Мархель.
Яе голас і песні можна пачуць у многіх кінафільмах. З імі, прадстаўляючы Беларусь, артыстка шмат выступала ў іншых краінах, нязменна выклікаючы цікавасць публікі:
— Проста неверагодна, як за мяжой нашы народныя песні на фестывалях успрымаюцца — напрамую і адразу ўздзейнічаюць на людзей. Памятаю, у Бельгіі толькі пачала спяваць — усе пакідалі свае ноўтбукі і раскрылі раты. Слухачы — у палоне. Не ад таго, што я неяк спявала выключна. А ад таго — што спявала, што пачулі. Такі магнетызм у нашым фальклоры, мове. Шкада, што мы іншы раз не ўсведамляем, якое гэта багацце і як яно цікава для другіх людзей, што, карыстаючыся ім, мы можам паказаць сябе і гэта не застанецца незаўважаным. Велізарная сіла прыцягнення. Нейкія таямнічыя, сакральныя рэчы захаваны ў спрадвеку складзеных народам песнях.
Сцэна са спектакля «Жанчыны Бергмана».
Бывай, медыцына
Можа, не многія ведаюць, але артысткай Таццяна Мархель магла б і не стаць. Матуля хацела, каб дачка вывучылася на доктара. Пасля заканчэння школы вясковая дзяўчына разам з дзвюма сяброўкамі адправілася паступаць у медвучылішча. Але тыя на экзаменах праваліліся, паступіла адна Таццяна. Яшчэ і пакрыўдзіліся на яе.
Вучылася на фельчарска-акушэрскім аддзяленні паспяхова і з задавальненнем, скончыла яго з чырвоным дыпломам, папрацавала медсястрой, а праз колькі часу вытрымала вельмі сур’ёзны конкурс і паступіла ў Мінскі медінстытут. Праўда, далей справы пайшлі горш. Праз некалькі месяцаў дакладна зразумела — не падабаецца. Пайшла да дэкана: не хачу больш вучыцца. Той быў ашаломлены — вытрымаць такі вялікі конкурс, паступіць і кінуць?! Адгаворваў. А дзяўчына ў слёзы — не буду вучыцца ўсё роўна, паеду дамоў. І кінула.
А на наступны год падалася ў артысткі, паступіла ў тэатральны інстытут. Там ад усяго была ў захапленні. Апантана вывучала гісторыю мастацтваў, пачала асвойваць ігру на фартэпіяна, займалася гімнастыкай. Але жыццё вясковай дзяўчыны-студэнткі не было лёгкім. На фоне аднакурсніц Таццяна глядзелася нявыйгрышна, заціснутая была страшэнна, ды яшчэ і размаўляць па-гарадскому атрымлівалася дрэнна, што ні скажа — усе смяюцца. Стаяла нават пытанне пра выключэнне з курса. А яшчэ здарылася зусім жудаснае. Адна выкладчыца мела завядзёнку свае назіранні за студэнтамі запісваць, а пасля «непрыкметна» пакідаць тыя нататкі навідавоку. Студэнты не абміналі пачытаць. Тады і даведалася Таццяна пра вельмі непрыемныя ў свой бок характарыстыкі. Гэты выпадак мог канчаткова раздавіць. Але ў той час дзяўчыну вельмі падтрымаў іншы педагог, па танцах. Выконвалі вальс, і яна раптам пачула: «Выдатна, Танечка! Такой будзь і на сцэне – свабоднай, натуральнай».
Усяго некалькі слоў, але ў дзяўчыны ад іх быццам крылы выраслі.
А пасля нехта прапанаваў зрабіць урывак з апавядання Чэхава «Егер». Гісторыя пра даглядчыцу жывёлы і егера, якога сп’яна ажаніў з ёй барын. Фонам — спякотны час жніва. І іграючы, Таццяна заспявала народную жніўную песню, адну з тых самых, якія з дзяцінства ведала ад мамы. І так гэта да месца было. Тады і заўважылі ўсе, як хораша і лёгка вобраз у яе атрымаўся. І яна паверыла ў сябе.
У ТЭМУ
19 студзеня, у юбілей народнай артысткі Беларусі Таццяны Мархель тэлеканал «Беларусь 3» у 22.25 пакажа праграму «Майстры і куміры» з удзелам актрысы, успомніць разам з ёй яе лепшыя ролі на сцэне і ў кадры.
Адразу пасля інтэрв’ю ў 23.20 тэлегледачы ўбачаць фолк-оперу Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі па матывах аднайменнай паэмы Янкі Купалы «Адвечная песня», дзе адну з галоўных роляў – Маці Зімы — выконвае Таццяна Рыгораўна. Гэта сучасная беларуская фолк-опера, у якой спалучаюцца народныя матывы і рок-музыка, спектакль пра шлях Чалавека пад гэтым сонцам на гэтай зямлі, пра тых, хто даў яму жыццё, сілу, годнасць і веру.