«Каб казу падняцi, трэба штосьцi дацi»: как Минск присоединяется к праздничным традициям Коляд

Святло каляднай зоркi

У вёсках традыцыі моцныя. Кожны год у калядныя святы ў асобных мясцінах праводзяцца абрады продкаў, на стол выстаўляюць 12 страў, моладзь варожыць, гуляе — святкуе. У Мінску з гэтым пытаннем сапраўдная нуда. Ну няма гэтай зімовай весялосці! Рэдка хто збіраецца ў кампаніі, прыбіраецца і адпраўляецца калядаваць па шматпавярхоўках. У горадзе, дарэчы, няшмат і месцаў, дзе на практыцы можна даведацца, як святкуюцца нашы Каляды, якімі былі звычаі продкаў, што яны рабілі падчас свят, у якія гульні гулялі… Другі год запар Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры ў Мінску дае магчымасць адчуць сябе ўдзельнікам калядных імпрэз. Мы завіталі на свята. 

Каза — галоўны персанаж Каляд. 

Чакаем самага лепшага

Прымаем удзел у музейным свяце «Прыехала Каляда на белым вазочку» з трэцім і шостым класамі дзвюх мінскіх школ. «А-а-а, дык гэта свята толькі для малодшага пакалення?» — расчаравана спытае чытач. «Не!» — хутка адкажуць у музеі. І малыя, і дарослыя ўдзельнічаюць у дзействе. Бацькі не засумуюць. Уключаецца святочная музыка — і больш за 40 чалавек адпраўляюцца на Каляды…

Стаць удзельнікамі калядных імпрэз могуць і дзеці, і дарослыя. 

Загадчыца навукова-асветніцкага аддзела музея Эліна Свірыдовіч — гаспадыня свята ў адпаведным строі нібыта ў беларускай хаце. Пачынае, вядома, з гісторыі: Каляды святкавалі на нашай зямлі і тысячы гадоў таму. Чаму? Падкажа сэнс слова «Каляды», падобнага на «каляндар». Новы год адлічвалі ад зімовых месяцаў, а дакладней — ад 21 снежня: дня зімовага сонцастаяння. Пачынаючы ад самай доўгай ночы і да 20 студзеня нашы продкі святкавалі павелічэнне дня. Лічылі, што ў гэты час стары год памірае і нараджаецца новы. Што датычыцца галоўнага персанажа беларускіх Каляд — Казы, то яна і сімвалізавала гэты год, які памірае, і які нанава з’яўляецца. 

Эліна Свірыдовіч — гаспадыня свята ў калядным строі, дапамагала адчуць на сабе ўсе традыцыі і абрады. 

Напачатку мерапрыемства некаторыя малыя шмат чаго не ведалі, але сышлі дакладна з ведамі аб Калядах.

Эліна Свірыдовіч расказвае, што мы будзем зараз рабіць: да таго, як узыдзе першая зорка — таксама сімвал Каляд, — трэба прыбраць на падворку, у хаце, каб да прыходу калядоўшчыкаў, якія пажадаюць усяго добрага, быў парадак. Таму на імправізаваным падворку дзеці прыбіралі нібыта снег. 

— Самы галоўны сэнс свята: калі памірае стары год, мы ў ім пакідаем усё самае кепскае і чакаем толькі самага лепшага ў новым годзе, жадаючы адзін аднаму ўсяго добрага. Таму падчас Каляд нельга крыўдзіцца, сварыцца, — нагадвае Эліна Свірыдовіч тым малым, якія вырашылі паспрачацца паміж сабой. Яны супакойваюцца: калі продкі не сварыліся ў гэты час, то і яны не будуць.

Кожны зрабіў сабе сваю Калядную зорачку. 

Час упрыгожваць ялінку — такога, праўда, раней не рабілі. Традыцыю ўвялі немцы, а свет падхапіў. Што потым? Трэба стол рыхтаваць! Дагэтуль на яго сцелюць чысты абрусік, а пад яго — сена, якое сімвалізавала дабрабыт. Калядная вячэра, Куцця, на якой збіраюцца ўсе члены сям’і і ўзгадваюць тых, каго ўжо няма, — вельмі важная традыцыя. А якая страва самая галоўная? Таксама Куцця — ячневыя крупы, якія добра прапарылі ў печы, а потым заправілі мёдам і прысмакамі. Пасля ставяць астатнія 12 страў. Селі за стол? Ужо і першая зорка ўзышла… Так, тут яна таксама ёсць, з 12 праменьчыкамі — адпаведна колькасці месяцаў у годзе. 

Ці вы ведалі, што раней ніхто не ўпрыгожваў елку? Гэтую традыцыю некалі ўнеслі немцы.

Шасцігадовая Ульяна ГОЛІК проста прыйшла ў музей са сваёй стрыечнай сястрычкай Ганнай і бабуляй Ларысай, але ўсе нечакана сталі ўдзельнікамі свята. 

Калядная зорка

А цяпер будзем чакаць гасцей — суседзяў, сяброў, якія, пераапрануўшыся, прыйшлі пажадаць усяго найлепшага і, вядома, пачаставацца. Што за героі? Старац-павадыр, які сімвалізуе сонца, кругазварот. Механоша, які збірае ў мех тое, чым частуюць у хатах. Потым Зорканоша — нясе калядную зорку. Жывёлы: Буслік, Пеўнік, Мядзведзік, Цмок… А яшчэ цыганы, якія будуць прадказваць лёс. Галоўная ж тут Каза. І калі ў апошнюю пераапранулася супрацоўніца музея, то ролі астатніх герояў выконвалі наведвальнікі. Выдалі ўборы, распавялі, што рабіць, — гатовыя калядоўшчыкі ў цэнтры Мінска! Пайшлі дружна шукаць Казу па музеі. Знайшлі? Пачынаецца абрад «Падняцце казы», якая нібыта памерла, а мы, госці, павінны даць ёй пачастункі, каб падняць яе. Нам раздалі сала, каўбасу, цукеркі і іншыя прысмакі. Каб наступны год быў добрым, трэба частаваць імі калядоўшчыкаў, якія кажуць нам: «Каб казу падняці, трэба штосьці даці!» Пасля сабраліся ў карагод, каб паўдзельнічаць у традыцыйнай каляднай гульні «Ішоў казёл». Сэнс: зрабіць з удзельнікаў доўгі хвост казла, які стане больш за наш карагод. Дзеці на ўвесь музей спявалі: «Ішоў казёл, наш казёл ды па ельнічку, хлопцаў-дзевак запрашаў на вяселічку: «Выбіраю я цябе! Бе-е-е!» 

На баранках малыя варажылі: калі захапілі рукой іх цотную колькасць, то жаданне спраўдзіцца. 

Пасля — варажба ад цыган. Эліна Свірыдовіч расказала, якія былі спосабы варажбы. Але як варажыць на суджанага такім малым? Вырашылі на прафесію, а таксама на здзяйсненне жадання. Што б там ні было, у Каляды, калі моцна-моцна верыш у сваё жаданне, яно абавязкова збудзецца і без варажбы. 

Завітаць на музейнае свята «Прыехала Каляда на белым вазочку» можна па 17 студзеня.

Кожны з дзяцей зрабіў сваю калядную зорку, якую аднясе дадому. Яна будзе нагадваць аб галоўным: у гэтае самае доўгае беларускае свята трэба быць добразычлівым, адкрытым адзін да аднаго, вясёлым, каб увесь год, а не толькі калядны вечар, быў шчодрым для нас. 








kasel@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter