Суседзі
08.10.2011
Было гэта, як кажуць у гэтай мясцовасці, за польскім часам. Жылі ў вёсцы, што непадалёку ад Вялікай Бераставіцы, два суседа Іван і Сцяпан. Аднойчы восенню заходзіць на падворак да Сцяпана Іван.
— Чым займаешся, суседзе? — пытаецца.
— Ды вунь, бульбу трэба перабраць.
— Адпачні ды паслухай добрую навіну.
Сцяпан высыпаў з кошыка бульбу ў пограб, сеў на калоду і пачаў скручваць самакрутку.
— Дык вось, Сцяпане, слухай. Ты ведаеш сабаку, якую мае графскі вартаўнік Архіп?
— Ды хто яго не ведае, гэтага ваўкалака?! Не сабака, а сапраўдны звер, любога чалавека можа збіць з ног.
— Во-во. Але няма яго болей.
— ???
— Ага, учора ўвечары апруцянеў, каніны аб’еўся. Сам бачыў, як парабкі на графскім двары скуру з яго лупілі. Мо старому графу на боты, каб цяплей на паляванне было хадзіць.
— Ну і што з гэтага? — не даўмеўся Сцяпан.
— Які ты недагадлівы! Без свайго ваўкалака вартаўнік Архіп нізашто ноччу ў полі сядзець не будзе, збаіцца. А мы з табой, як сцямнее, пойдзем набяром там снапоў. Казалі парабкі, што ў графа надта добрае жыта ўрадзіла.
…І вось ноччу, калі патухла апошняе святло ў вясковых хатах, дзве постаці з вяроўкай за плячыма бясшумна рушылі ў дарогу.
— Іван, а калі вартаўнік усё ж прыйшоў на поле са стрэльбай? — шэптам сумняваўся Сцяпан.
— Цьфу на цябе! Ды нізавошта не прыйдзе без свайго ваўкалака. Пасля памінальнай чаркі па свайму лахматаму сябру ён даўно спіць.
Вось і поле, залітае месячным святлом.
— Дванаццаць копак стаіць, — шэпча Сцяпан. — Ты бяры першую, а я дзясятую, каб у вочы не надта кідалася.
Трэба заўважыць, у вёсцы не было хлопца, дужэйшага за Сцяпана. Падышоў ён да копкі, абхапіў яе рукамі і зацягнуў вяроўкай усе дзесяць снапоў. “Малавата…” — падумаў і, узяўшы з другой копкі яшчэ два снапы, закінуў цяжкую ношу на плечы.
Прайшлі яны з паўсотні крокаў.
— Давай адпачнем, — просіць Іван.
— У цябе колькі снапоў?
— Дзесяць.
— А ў мяне дванаццаць, і нічога, не плачу я, — адказвае Сцяпан.
Нарэшце паказалася вёска. У сваім гумне Сцяпан, прыкрыўшы дзверы, з палёгкай скінуў снапы на гліняны ток: “Фу, якія цяжкія!”
— Ой! Ой! — заенчылі снапы.
— Што за нячыстая сіла?! — Сцяпан, запаліўшы ліхтар, тузануў вяроўку. Са снапоў выкаціўся вартаўнік з прыжатай да грудзей стрэльбай.
— А, дык гэта ты! Гэта цябе я нёс! — Сцяпан схапіўся за цэп. — Іду і думаю: чаму гэтак цяжка? Чаго не адзываўся?!
— Павер, браточак, як выпіў гарэлкі, калі памінаў свайго сябра ваўкалака, дык заснуў намертва ў капе. Ачомаўся, дык падалося, што анёлы нясуць мяне проста ў рай, дзе мяне чакае мой лахматы сябра…
— Я табе дам і рай, і пекла! Буду малаціць зараз цэпам замест жыта!
— Сцяпан, міленькі, не забівай, нікому не скажу. Ідзі яшчэ па снапы.
Да світанку, не губляючы часу, Сцяпан яшчэ пару разоў абярнуўся ў поле…
P.S. Прайшлі гады. Змянілася ўлада. Пачалася страшная вайна. На ёй загінуў Іван. Затым памёр Сцяпан. І толькі тады былы графскі вартаўнік асмеліўся расказаць аднавяскоўцам гэтую гісторыю.