Ручное сенакашэнне можа стаць новым брэндам вёскі

Стварыць брэнд і... накасіць "капусты"

НЕ так даўно ў рэдакцыю завітаў даўні сябар газеты з вёскі Жылінскія, што ў Пастаўскім раёне, Пётр Кароль. Мясцовы прадпрымальнік ужо шэсць гадоў запар ладзіць у родным мястэчку міжнародны чэмпіянат па ручным сенакашэнні (удзельнічалі ў ім і нашы карэспандэнты). Такі візіт, прызнацца, здзівіў. Можа, зноў намячаюцца чарговыя спаборніцтвы? Але зіма ж на двары! Аказваецца, пастаўчане выступілі з цікавай ініцыятывай, якой вырашылі падзяліцца, — заснаваць першую ў нашай краіне Федэрацыю спартыўнай касьбы. Гэта пытанне ўжо абмяркоўвалі ў Міністэрстве спорту і турызму. Здаецца, своечасова. Бо касьба для вёскі ў хуткім часе можа стаць відам працы выміраючым...   

На гэта ёсць свае прычыны. Вяскоўцы ўсё часцей сталі схіляцца да лягчэйшага сцэнарыя – не гаспадаркай займацца, а купляць, што патрэбна, у краме. Навошта трымаць жывёлу? Не трэба нарыхтоўваць кармы, адпаведна неабходнасць адпадае і ў касьбе. Да таго ж “касіць — справа не абы-якая, мужчынская справа, тут трэба і сіла, і спрыт, умець трэба”, — пісаў Іван Мележ у кнізе “Людзі на балоце”. Класік нездарма нямала месца адвёў сюжэту аб сенакосе. Яшчэ некалькі дзясяткаў гадоў таму ў пачатку лета жыццё ў беларускіх вёсках замірала: цэлыя сем’і адпраўляліся нарыхтоўваць сена. З часам у гэтай нялёгкай працы на дапамогу чалавеку прыйшла тэхніка. Цяпер ужо нячаста можна сустрэць таго, хто запраўскі валодае касой. Шкада...

Яшчэ ў маім дзяцінстве, а было гэта не так і даўно, панавала зусім іншая карціна. Добра памятаю, як захаплялася, здаецца, звычайнай штодзённай працай бацькі. Зранку, калі матуля ўставала, каб управіцца па гаспадарцы, той важна сядаў на лаву, браў малаток і пачынаў адбіваць, а потым вастрыць касу. Прачыналася, а ён ужо ў полі. Ляцела да яго па яшчэ мокрай ад расы траве і сачыла за магічнымі рухамі касы. У гэтым была свая прыгажосць. Прыгажосць вясковай працы. Можа, яна была звычайнай для замыленага вока мясцовых жыхароў, але не для дзіцяці. Ужо тады разумела, як важна было своечасова нарыхтаваць сена. Так ствараўся зачын на зіму. 

Прыемна, што паступова інтарэс да касьбы зноў стаў адраджацца. Узяць хаця б знакамітыя “Спораўскія сенакосы” ў вёсцы Высокае Бярозаўскага раёна. Экалагічны фэст хоць і мае канкрэтную мэту — прыцягнуць увагу грамадскасці да праблем захавання балот, аднак не наўмысна звяртаецца і да традыцый вёскі. Тое ж можна сказаць і пра “Жылінскія сенакосы”. Заснавальнік спаборніцтва Пётр Кароль таксама адным махам забівае двух зайцоў – папулярызуе старадаўні від працы і прыводзіць у парадак родную вёску. Нешта падобнае ладзіцца і ў лідскіх Ганчарах. Раённы конкурс “Звініць каса — жыве вёска”, праўда, свята больш культурнае. Але ў аснове таксама тая ж касьба. 

І зусім не важна, якая мэта ў гэтых выпадках пераважае. Бо ўсё роўна ў выніку ствараецца брэнд вёскі. Здаецца, што можа быць прасцей? Ідэя ж на паверхні: неабходна проста азірнуцца на якія два дзесяцігоддзі назад, паглядзець, чым займаліся сяляне, і з гэтага зрабіць камерцыйны праект. Так, да прыкладу, робяць тая ж Сербія, Славакія, нават Германія і Аўстрыя. Яны праводзяць у сябе буйныя спаборніцтвы, і на гэтым яшчэ “косяць” грошы. У нас жа – усе перадумовы... 

У гэтым святле ініцыятыва пастаўчан бачыцца выйгрышнай. І праўда, каму, як не нам, праслаўляць простую сялянскую працу? Ці праз існуючыя фестывалі, ці з дапамогай спартыўнага грамадскага аб’яднання, якое ў нас ужо хутка можа з’явіцца...

bizyk@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter