Ствараюцца чарговыя фаліянты...
25.08.2012 18:04:19
Выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Пятруся Броўкі» рыхтуе новыя праекты, прысвечаныя кніжнай культуры Веткі і беларусам Масквы
– НАШЫ новыя кнігі мы плануем выдаць у наступным годзе да Міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу ў Мінску. На гэтым форуме ўпершыню і прэзентуем кнігі, — паведаміла карэспандэнту «БН» намеснік галоўнага рэдактара выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Пятруся Броўкі» Ганна МАЛЕЙ. — Праекты рыхтуюцца сумесна з партнёрамі з Расіі і з’яўляюцца вынікам паспяховага супрацоўніцтва з Дэпартаментам сродкаў масавай інфармацыі і рэкламы горада Масквы.
Нагадаю, што сумесна з гэтым расійскім дэпартаментам Міністэрства культуры Беларусі выдала кнігу «Живая вера. Ветка». Яна апавядае пра іканапісную культуру стараверскага пісьма XVII—XIX стагоддзяў. Цэнтральнае месца ў кнізе адведзена, зразумела, іконе. У выданне ўвайшлі ўнікальныя матэрыялы з Веткаўскага музея народнай творчасці імя Фёдара Шклярава. А фотаальбом, які выйшаў, дарэчы, у серыі «Энцыклапедыя рарытэтаў», атрымаў дыплом першай ступені IX Міжнароднага конкурсу «Мастацтва кнігі» дзяржаў — удзельнікаў СНД у намінацыі «Садружнасць».
— «Кніжная культура Веткі» — гэта працяг плённай працы з веткаўскім музеем. Тэкставы матэрыял рыхтуе для нас навуковы супрацоўнік установы, галоўны захавальнік фондаў Веткаўскага музея народнай творчасці Святлана Іванаўна Лявонцьева, — дадала Ганна Малей. — Як толькі да нас паступіць тэкст, мы яго адрэдактуем і неадкладна пачнём вёрстку кнігі. Тым больш што ілюстратыўны матэрыял да выдання мы ўжо назапасілі і падрыхтавалі.
Курыраваць другі беларуска-расійскі кніжны праект будзе кандыдат мастацтвазнаўства, аўтар-укладальнік кнігі «Д. Струков. Альбом рисунков. 1864—1867» Вольга Бажэнава. Выданне называцца «Белорусы Москвы». Гаворка ў кнізе пойдзе пра майстраў-беларусаў XVII—XVIII стагоддзяў, якія працавалі — стваралі шыкоўныя творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва — у Маскоўскім Крамлю. Гэта майстры златакавалі, разьбяры, мастакі.
Выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Пятруся Броўкі» плануе таксама здзейсніць праекты. Гэта палацава-паркавы ансамбль Румянцавых-Паскевічаў у Гомелі, а таксама Мірскі замак. Канцэпцыю новых кніг стваральнікі пакуль што трымаюць у сакрэце.
Таццяна УСКОВА, «БН»