Старасць

Добра быць маладым і бесклапотным, калі тваё існаванне падаецца бясконцым. Кожны чалавек хоча жыць доўга і мець някепскае здароўе. Аднак усё ў свеце часова, усё мінае.

Калі столькі размоў вядзецца пра экалагічны апакаліпсіс, усплываюць несуцяшальныя звесткі. Згодна з часопісам Lancet, забруджванне навакольнага асяроддзя (у тым ліку вады і паветра) забірае больш жыццяў, чым войны і канфлікты, насілле, хваробы, голад ці стыхійныя бедствы. Статыстыка сведчыць: памерлых ад экалагічнага забруджвання ў паўтара разы больш за колькасць смерцяў ад наступстваў курэння, такіх выпадкаў у тры разы больш, чым смерць ад СНІДу, туберкулёзу і малярыі, у пятнаццаць разоў больш, чым гібель ад войнаў і гвалту.

Толькі ў 2015-м кожная шостая дачасная смерць на планеце, а гэта каля дзевяці мільёнаў чалавек, адбылася з-за таксічнага ўздзеяння. Спіс дзяржаў, дзе шмат людзей паміраюць ад бруднага паветра і вады, “узначальвае” Індыя (2,5 мільёна). На другім месцы Кітай (1,8 мільёна). Экалагічна небяспечныя Бангладэш, Гаіці, Пакістан, Паўночная Карэя і Паўднёвы Судан.

Як вядома, услед за экалогіяй ідзе эканоміка, сацыяльная галіна любога грамадства, а значыць і медыцына, развіццё якой непасрэдна звязана з магчымасцямі забеспячэння больш доўгага жыцця для кожнага з нас. Дык вось, нават у самай заможнай з краін — ЗША — працягласць жыцця грамадзян зніжаецца. Паводле звестак Таварыства актуарыяў (Society of Actuaries, SOA) за 2016 год, тамтэйшы 65-гадовы пенсіянер-мужчына дажыве да 85,5 года, жанчына — да 87,6 (у Беларусі гэты паказчык складае 66 і 78 гадоў адпаведна). Годам раней тыя, хто выходзіў на пенсію ў Злучаных Штатах у гэтым узросце, жылі на 0,2 года больш. Адносна смяротнасці ў ЗША. Пачынаючы з 2005 года, з 2014-га па 2015-ты гэты паказчык упершыню вырас на 1,2 працэнта.

Насельніцтва Зямлі хутка расце і імкліва старэе. Паводле ацэнак часопіса BMJ Open, у сярэдзіне бягучага стагоддзя толькі ў Еўрасаюзе кожная чацвёртая састарэлая жанчына і кожны шосты мужчына падобнага ўзросту стануць інвалідамі або атрымаюць цяжкія хранічныя хваробы. У сувязі з чым значна павысіцца фінансавы ціск на бюджэты, што выкліча глабальны крызіс. Выйсце з сітуацыі вучоныя прапаноўваюць праз стварэнне методык працягу жыцця і падтрымання здароўя чалавека ў пажылым узросце.

Як вядома, сёння ў свеце каля 785 мільёнаў чалавек з інваліднасцю (15 працэнтаў зямлян). У нашай краіне звыш 530 тысяч.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...

sav@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter