Спявай, душа!
01.04.2004
— Не хачу пытацца пра ваш узрост, шаноўная Людміла Анатольеўна, бо ў адносінах да жанчын такое не прынята. Але так і хочацца назваць вас “ягадкай” ці “вішанькай” у самым саку (прабачце за міжвольнае какецтва), бо гэта ад шчырасці. І як спалучыць усё гэта са словам “ветэран”?
— Не вы першы ў такой разгубленасці. Нават у газетах пісалі, што я нібыта знайшла таямнічы эліксір маладосці. (Звонка смяецца.) А ўвесь сакрэт і “эліксір” у тым, каб проста жыць і радавацца кожнай хвілінцы жыцця. Тады і час не так уладны над чалавекам. А я вось радасць жыцця знаходжу ў песні, дружбе з такімі ж акрыленымі і апантанымі. Каб не лічыць гады, як зязюля, не ўглядвацца ў люстэрка і шукаць зморшчыны, а песняй саграваць сваё і чужыя сэрцы...
— Ды вы і сапраўды нейкая акрыленая, як тая жар-птушка. І размаўляеце, як паэтка. Дзе такому вучаць?
— Ну вы мяне і рассмяшылі! Але нейкія адносіны да неба і вышыні маю. Хаця б таму, што ўжо 26 гадоў працую ў Віцебскім аэрапорце. Праўда, не лётчыкам, а кадравіком. А па адукацыі я – настаўніца беларускай мовы і літаратуры. І нават гадоў з пяць педагагічная прафесія спатрэбілася мне на вельмі нялёгкай рабоце ў калоніі для непаўналетніх. Прасцей кажучы, у турме для юных злачынцаў. А потым абставіны склаліся так, што стала “лётчыцай”...
— Колькі вас у хоры – цяпер ужо народным? І хто лепшыя “паўночныя салавейкі”?
— Цяпер ужо стабільна на сцэне выступаюць звыш 30 самадзейных артыстаў і артыстак. Душой народнага хору з’яўляюцца спевакі і музыкі – сямейная пара Уладзімір і Кацярына Філенкі, Анатолій Кляймёнаў, Алег Старчанка, Валянціна Міронава, Аляксей Чуканаў, Ніна Шабашова... Многім — за семдзесят. Але язык не паварочваецца называць нашых салістаў не толькі дзядамі ды бабулямі, а нават пенсіянерамі. Узрост чалавека, як бачым, вымяраецца не колькасцю пражытых гадоў, а маладосцю душы.
— І што вы спяваеце?
— У адрозненне ад “папсовага” тэлевізійнага рэпертуару, дзе шмат бездухоўнасці, безгустоўнасці і адкрытай пошласці, народны хор ветэранаў Віцебскага абласнога цэнтра сацыяльнага абслугоўвання ветэранаў і інвалідаў прапагандуе сапраўды высокае мастацтва. Мы выконваем меладычныя песні. З ухілам да народнасці, лірызму, разумна захоўваючы прапорцыю рускіх і беларускіх песень.
— Але ж такім вялікім калектывам, пэўна, кіруе прафесіянал?
— Зразумела. Наш выдатны хормайстар Міраслаў Міхайлавіч Барабаш скончыў кансерваторыю. Яму ўжо 69 год (ці ўсяго толькі 69?!). Сам на ўсіх музычных інструментах іграе. Чвэрць веку працуе з харавымі калектывамі. І ўжо трэці самадзейны калектыў вывеў у народныя.
Разам з тым мы пастаянна адчуваем падтрымку ўпраўлення сацыяльнай абароны насельніцтва Віцебскага аблвыканкома і яго начальніка Зоі Карпаўны Крот, дырэктара цэнтра сацыяльнага абслугоўвання ветэранаў і інвалідаў Соф’і Аляксандраўны Валасевіч, начальніка Віцебскага аэрапорта УП “Белавіянавігацыя” Сяргея Іосіфавіча Рурыса і шмат каго яшчэ, каму дарагія сапраўднае мастацтва і народныя традыцыі.
— Над чым працуеце цяпер? Аб чым марыцца “віцебскім салаўям”?
— Пачалі рыхтаваць спецыяльную канцэртную праграму з нагоды 60-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Шмат выступаем не толькі на гарадскіх пляцоўках, а і ў сельскай мясцовасці. Радуемся, калі публіка весяліцца не ад гарэлкі і тэлевізійных баевікоў, а ад раздольнай і гаючай народнай песні.