
Зручнае месца для адпачынку
Ідэя арганізаваць пляж для людзей з абмежаванымі магчымасцямі на Мінскім моры прыйшла Дзянісу Васілевічу, інструктару па актыўнай рэабілітацыі Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў:
Свой праект Дзяніс Васілевіч прадставіў на конкурсе Social Weekend і выйшаў у фінал, атрымаўшы падтрымку мецэнатаў. Задумку рэалізуюць у партнёрстве з Рэспубліканскай асацыяцыяй інвалідаў-калясачнікаў.
Лакацыя — 9-ы пляж Заслаўскага вадасховішча — выбрана невыпадкова: тут спадзістая мясцовасць, зручны ўваход у ваду, у крокавай даступнасці аўтамабільная паркоўка і прыпынак грамадскага транспарту. Але пакуль пляж інклюзіўным не назавеш — наперадзе нямала работы. У бліжэйшы час будаўнікі пракладуць драўляныя дарожкі, па якіх змогуць камфортна рухацца інваліды-калясачнікі і мамы з дзіцячымі каляскамі. З’явяцца і поручні для бяспечнага спуску ў ваду людзей з аслабленым зрокам, пажылых і цяжарных жанчын. У планах — узвесці пантон з шэзлонгамі, адкуль можна будзе рыбачыць і садзіцца на водныя атракцыёны, і адкрыць пляцоўку для крос-фіту. Акрамя таго, для наведвальнікаў з абмежаванымі магчымасцямі неабходна абсталяваць спецыяльныя кабінкі для пераапранання з пандусамі і прыбіральні. Пляж стане зручным месцам адпачынку для маламабільнай катэгорыі нашых грамадзян: пажылых, цяжарных жанчын, мам з маленькімі дзецьмі, людзей з траўмамі і інваліднасцю.
Экстрэмальныя забавы
— Дзяніс абраў выдатнае месца, — дзеліцца ўражаннямі старшыня Мінскай аб’яднанай арганізацыі ГА «Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-калясачнікаў» Валянціна Гапон. — Без дапамогі атрымліваецца рухацца на калясцы па пляжы, таму што мясцовасць спадзістая. Таксама сюды нас без праблем можа прывезці сацыяльнае таксі. Усе вельмі рады сёння тут знаходзіцца, бо так хочацца адпачыць у спякотныя летнія дзянькі на прыродзе ля вады. У горадзе гэта зрабіць практычна немагчыма! Да верасня мы плануем арганізаваць яшчэ чатыры такія пікнікі, якраз будзем тэсціраваць новае абсталяванне. Дзяніс выдатна ведае, як усё трэба ўладкаваць. Яго маці — інвалід-калясачнік, ён рос у нашым асяроддзі, разумее ўсе нашы патрэбы.
У праграме цяперашняга турыстычнага злёту былі і экстрэмальныя забавы — гідрацыкл, водныя цюбінгі і SUP-дошкі. Хутка тут можна будзе паплаваць на байдарках.
— Такі адрэналін! Уражанняў потым на цэлы год, — дзеліцца Валянціна Гапон, якая вырашыла пакатацца на «ватрушцы».
На гэтую забаву мне страшнавата было нават глядзець з берага — цюбінг, падскокваючы, носіцца па воднай роўнядзі на вар’яцкай хуткасці. Разлічана «ватрушка» на дваіх «пасажыраў»: здаровага чалавека, які будзе сачыць за бяспекай, і экстрэмала-калясачніка. У чарзе на атракцыён я пазнаёмілася і з бясстрашнай пенсіянеркай Людмілай Галась. Для яе такі экстрым — дробязі. Не маючы магчымасці хадзіць, Людміла ўжо прыгала з парашутам і аб’ездзіла палову свету — толькі вярнулася з Ізраіля.
За рулём гідрацыкла — Віктар Захар’еў. Ён стаў першым у краіне фітнес-трэнерам у інваліднай калясцы, а таксама паспяхова здаў на кіраванне гідрацыклам. Назіраючы за тым, як ён удала вядзе аквабайк, не падумаеш, што магчымасці маладога чалавека неяк абмежаваны.
— Інклюзіўны пляж стане месцам, дзе чалавек з інваліднасцю зможа цікава правесці час і пераканацца ў тым, што для яго няма нічога немагчымага, — упэўнены Дзяніс Васілевіч.
Бюджэт праекта складае 12 тысяч рублёў.
matuzova@sb.by
Фота аўтара