Сны аб Беларусі
26.06.2007 01:00:00
— Уладзімір Канстанцінавіч, адкуль з’явілася такая назва — “Сны аб Беларусі”?
—У Купалы ёсць такія радкі:
Мне бацькаўшчына цэлы свет,
Ад родных ніў я адарваўся,
Адно... Не збыў яшчэ ўсіх бед —
Мне сняцца сны аб Беларусі.
Адсюль і назва спектакля. Радкі гэтыя былі напісаны ў стане ўнутранага канфлікту, душэўнага злому, у той трагічны перыяд, калі Купала спрабаваў скончыць жыццё самагубствам. П’еса Караткевіча, што стала асновай спектакля, распавядае пра нараджэнне, юнацтва і станаўленне паэта. У спектаклі таксама пойдзе размова пра нараджэнне генія. Але геніяльнасць — гэта не толькі дар, гэта і вялікая трагедыя для яе носьбіта. А сапраўднае нараджэнне Паэта — так ужо, на жаль, устроена чалавецтва — гэта яго смерць. Менавіта пасля таго, як геній зыходзіць, яму пачынаюць ставіць помнікі, выдаваць яго кнігі і ламаць рукі — чаму ж не цанілі пры жыцці... Таму спектакль пачнецца са смерці Купалы. І ўвесь ён — яго апошні сон, калейдаскоп успамінаў; лічыцца, што перад смерцю перад вачыма чалавека праходзіць ўсё жыццё. На сцэне будуць тры Купалы — маленькі хлопчык, юнак і пажылы, сталы паэт.
Сын нашай артысткі Ірыны Рымаравай, дарэчы, яго імя — Іван, Янка — Купала-дзіця. Міхаіл Зуй сыграе маладога Купалу, а ролю старога, перад вачыма якога і праходзяць успаміны, выконвае заслужаны артыст Беларусі Аляксандр Падабед. Мы не імкнуліся дабіцца партрэтнага падабенства з Купалам, мне падаецца значна больш важным перадаць унутраны свет паэта — складаны, канфліктны, трагічны. На сцэне літаральна на вачах гледача будуць нараджацца знакамітыя купалаўскія “Яна і я”, “На куццю”, “Сон на кургане”, “Адвечная песня”, “Раскіданае гняздо”...
— Ставіць спектакль пра Купалу на сцэне купалаўскага тэатра ды яшчэ ў год 125-годдзя паэта — не цісне груз адказнасці?
—Тое, што прэм’ера адбудзецца “да юбілея” — выпадковасць. Задума “Сноў аб Беларусі” нарадзілася даволі даўно. Але груз адказнасці сапраўды цісне. Справа ў тым, што мне б хацелася паказаць Купалу, яго светаразуменне крыху непадобным на звыклы штамп паэта “ад зямлі, ад сахі”. Мне здаецца, ён намнога больш складаны, трагічны, яго паэзія вітае не на зямлі, а недзе вышэй. Мне хацелася б падняць іншы пласт творчасці генія, разгадаць гэтую яго загадку. Ці атрымаецца? Можна замахнуцца — і не здолець...
— Не ўпершыню вы звяртаецеся да творчасці Уладзіміра Караткевіча — на купалаўскай сцэне ўжо ідзе спектакль “Дзікае паляванне караля Стаха”, які ставілі вы. І зараз зноў — п’еса Караткевіча...
— Я ўпэўнены: дух народа, яго ідэю, ідэалогію не трэба шукаць па-за межамі яго зямлі ці ствараць штучна. А такія асобы, як Колас, Купала, Багдановіч, Караткевіч, Быкаў, — не штучна створаныя постаці, яны нарадзіліся на нашай зямлі і сталі прарокамі, не пабаюся гэтага слова, бо інакш проста не магло быць. Па іх мы павінны звяраць свае пачуцці і думкі. На пасаду духоўнага лідэра немагчыма нікога прызначыць. На яе прызначае Яе вялікасць гісторыя. Чалавек можа паставіць сабе мэту, прыкласці намаганні і стаць эканамічным, палітычным ці гераічным лідэрам народа. Але месца духоўнага лідэра па ўласным рашэнні ці па загаду заняць не атрымаецца, якім бы разумным, адукаваным і мэтанакіраваным ні быў чалавек.
— Такім чынам, “Сны аб Беларусі” — гэта спроба паказаць у першую чаргу маладому пакаленню не партрэт у энцыклапедыі ці бронзавы помнік, а жывога Купалу?
— Так. Творчая спадчына Купалы, а рыхтуючыся да работы над спектаклем, я перачытаў увесь збор яго твораў, — гэта паэзія сусветнага ўзроўню, надзвычайнай філасофскай глыбіні, яна прымушае думаць, разважаць. Але мы захапляемся Бадлерам... Я не супраць, гэта вялікі паэт, аднак трэба спачатку пачуць, зразумець, асэнсаваць тое вялікае, што было створана на нашай зямлі. Тым больш сёння, калі значная частка моладзі не чытае ні сваіх геніяў, ні чужых. Калі малады глядач такі разбэшчаны... Як тэатру спрачацца з тым жа “Еўрабачаннем”?! Калі перакладаеш тую “паэзію”, што гучыць са сцэны “гэтага прэстыжнага міжнароднага эстраднага форуму”, становіцца проста страшна.
— “Сны аб Беларусі” — зусім не лёгкае, забаўляльнае відовішча. Ці пойдзе на яго глядач?
— Так, размова будзе не такой забаўляльнай, як сёння прывык глядач. На мой погляд, гэта вельмі небяспечная тэндэнцыя — прывучаць гледача да лёгкіх забаўляльных відовішчаў: пасмяяўся і выкінуў з галавы... Нельга забываць, што ўсе мы — артысты, рэжысёры, сцэнарысты — у адказнасці за таго гледача, якога выхоўваем. І якім мы яго выхаваем, такім ён і прыйдзе да нас у наступны раз. Прыйшоўшы на спектакль “Сны аб Беларусі”, трэба будзе папрацаваць над сабой, паспрабаваць пачуць, зразумець, паразважаць. Але спектакль будзе цікавым і сам па сабе, па выразных сродках. Сумна не будзе, але, зразумела, “Сны аб Беларусі” — гэта не камедыя.
— Дарэчы, наконт выразных сродкаў. Паэзію Купалы вельмі складана адлюстраваць з дапамогай нейкага відэарада, бо яна апеліруе ў першую чаргу да духоўных, надматэрыяльных паняццяў...
— Галоўны выразны сродак на сцэне — гэта акцёр. І ў першую чаргу я разлічваю на талент, на энергетыку нашых артыстаў. Спектакль вельмі густанаселены, у ім занята амаль уся трупа — і моладзь, і старэйшае пакаленне. Па-іншаму, з двума-трыма акцёрамі, такую тэму раскрыць нельга, бо трэба стварыць атмасферу таго часу, калі жыў Купала... Ведаеце, тэатр — гэта не кіно, калі мы выключылі тэлевізар, пайшлі зварылі каву, вярнуліся і ўключылі фільм зноў. У тэатры, калі ўжо глядач “выключыўся”, “уключыць” яго амаль што немагчыма. І якія б спецэфекты, якія б фокусы ні прыдумываліся, калі акцёр не іграе ў поўную сілу, глядач праз дваццаць хвілін пачынае пазяхаць.
— А на што вы, як рэжысёр, робіце акцэнт — на патрыятызм, ментальнасць, абрадавасць?
— Гэта той выпадак, калі на сцэне будзе ўсё: і старажытныя абрады, і гарадская лірыка, і грамадзянская паэзія, і любоўная, патрыятычная лініі, і дэтэктыўная гісторыя. Тыя адвечныя праблемы, якія падымае спектакль, лёгка праецыруюцца на сучаснасць, і, напэўна, кожны з гледачоў “Сноў аб Беларусі” зможа знайсці нешта асабліва блізкае для сябе. А для мяне вельмі важна, што са сцэны зноў прагучыць купалаўскае слова. Калі падбіраць азначэнне для той дзеі, што ўбачыць глядач, мне здаецца, больш за ўсё падыходзіць слова “калейдаскоп”. Зараз ідзе работа па зборцы гэтага калейдаскопа ў адзіную карціну.