ТОП-темы

Слова жывое

10:39, 21 февраля 2025
Родная мова не страціць актуальнасці, пакуль ёй будзе карыстацца народ
Нам пашчасціла жыць у краіне, дзе двухмоўе зацверджана на дзяржаўным узроўні (дарэчы, у маі споўніцца 30 гадоў рэферэндуму, дзякуючы якому тое стала магчыма). У Беларусі кожны можа размаўляць, пісаць, думаць так, як яму зручней. Пры гэтым ніякага бар’ера паміж беларускамоўнымі і рускамоўнымі не існуе: усе адзін аднаго добра разумеюць. За спробамі раздзьмуць «моўнае пытанне» амаль заўсёды прагледжваюцца ці неразуменне рэальнай сітуацыі, ці, што бывае часцей, даволі канкрэтныя палітычныя матывы…
Нельга не згадаць словы Прэзідэнта, які яшчэ ў 2019-м трапна выказаўся наконт двухмоўя ў нашай краіне: «Калі хтосьці хоча згубіць розум, ён згубіць рускую мову! Калі ён хоча згубіць сваё сэрца, ён згубіць беларускую мову!»

Гучыць па-нашаму

21 лютага ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Па выніках апошняга перапісу насельніцтва беларускую мову назвалі роднай 90,8% жыхароў Ганцавіцкага, 89,71% Столінскага і 88,2% Лунінецкага раёнаў. Гэта самыя высокія паказчыкі ва ўсёй краіне. 

Як чалавек, што нарадзіўся і вырас у звычайнай палескай вёсцы, магу пацвердзіць: лічбы не хлусяць. Для мяне нават пытання такога ніколі не было, якую мову лічыць роднай. Дома заўсёды размаўлялі «па-нашаму», «па-вясковаму». Пішу гэта, і адразу ўспамінаецца, як прабабуля кліча нас з братам: «Ганё! Жэнё! Хадзіце есці...» Ці як яна просіць: «Засповай, як у садзіку навучылі…» Зразумела, што палескія дыялекты — гэта не тое ж самае, што літаратурная мова. Але хіба іх нельга назваць беларускімі? 

Родную мову, як і родную краіну, бацькоў, не выбіраюць. Мне не сорамна прызнацца: я толькі гадоў у 11 даведался, што агрэст і парэчкі, якія раслі пад маім акном, у рускай мове называюцца «крыжовником» і «смородиной». У нашай сям’і гэтыя словы ніхто не выкарыстоўваў. А старэйшы брат майго бацькі, калі аднойчы на ўроку літаратуры гаворка зайшла пра алеі (дарогі, абсаджаныя дрэвамі), выдаў настаўніцы: «Алеі — гэта не дарогі, а тое, на чым маці аладкі пячэ». Гумарыстычную сітуацыю ў нашай вясковай школе настаўніцы ўспаміналі нават праз дзесяцігоддзі. 

А калі сур’ёзна, родная мова ніколі не была для нас перашкодай. Так, я лёгка паступіла ў ліцэй з навучаннем па-руску. І на цэнтралізаваным тэсціраванні пасля 11 класаў здавала менавіта рускую мову. Пры гэтым ва ўніверсітэце ўсе работы, у тым ліку дыплом, пісала ўжо па-беларуску. Вось такое яно, айчыннае двухмоўе ў рэальным жыцці. 

Кропкі над і

Некалькі месяцаў таму ўніверсітэцкія выкладчыкі ў эфіры аднаго з тэлеканалаў агучылі такую думку: «Беларуская мова — мова інтэлігенцыі». Дазволю сабе не пагадзіцца, хоць і вучоных ступеней не маю. Наша мова народная, таму і жывая. Яна гучыць паўсюль — у сталічным метро, у школах, на вясковых вуліцах. Няхай нягучна, а часам зусім незаўважна, але ў гэтым і ёсць яе краса і сіла.

Да таго ж нельга забываць, што многія стагоддзі беларуская мова існавала выключна ў вусным варыянце і захавалася дзякуючы простаму народу, які, нягледзячы ні на што, заставаўся сабой і не адмаўляўся ад матчынага слова. 

Спробы «прыватызаваць» мову любым з сацыяльных класаў, каб тым самым адгарадзіцца, паказаць сваю перавагу перад іншымі, ні да чаго добрага не вядуць. Сюды ж — беспаспяховыя намаганні зрабіць мову інструментам палітычнай барацьбы. Усе падобныя працэссы заведама вядуць і мову, і народ у нікуды. Па прыклады далёка хадзіць не трэба: паўднёвыя суседзі і па-руску гаварыць развучыліся, але і ўкраінская мова ў іх зусім не такая, да якой яны імкнуліся. 

Успамінаецца, як на хвалі 2020 года знаёмыя айцішнікі, што насядзеліся ў тэлеграм-каналах, фінансаваных з-за мяжы, абураліся: «Чаму ў нашай краіне прымусова не ўвядуць паўсюдна беларускую мову? Мы ж беларусы!» На што я спакойна заўважала: «Дык чаму б вам самім не пачаць размаўляць па-беларуску? Чаму б не аддаць дачку ў беларускамоўны садок? Ніхто ж не забараняе!» У адказ — непераканаўчыя адгаворкі тыпу «калі ўсе пачнуць, тады і мы будзем». Што ў выніку? У іх цяпер няма магчымасці гаварыць і па-руску, і па-беларуску — бо пан у Варшаве патрабуе ад іх толькі па-польску.

Знаёма?

У кожнага рускамоўнага беларуса ў жыцці бываюць сітуацыі, калі ў размове яму хочацца ўкінуць беларускае слоўца. Пагадзіцеся, што «бульба» для нас гучыць куды смачней, чым «картошка»… А «людскасць» дакладней перадае рысу нацыянальнага характару, чым «человечность».

kurak@sb.by


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.

Нравится читать наши новости и материалы? Добавьте нас в «Google Рекомендации» по ссылке.


Андрей МУКОВОЗЧИК
Андрей МУКОВОЗЧИК
Карма есть!
Игорь ТУР
Игорь ТУР
Это моя ночь