Слова, якое яднае
17.03.2007 01:00:00
Гомельская зямля сапраўды адыграла значную ролю ў жыццi беларускага песняра. Паэт шмат разоў наведваў Гомель, Бабруйск, Навабелiцу, Калiнкавiчы, Мазыр. Адзiн з яго нарысаў “Лагер смерцi”, апублiкаваны ў газеце “Известия”, што распачаў цэлы цыкл беларускай дакументалiстыкi пра беларускiя Хатынi, быў створаны па апавяданнях палоннiкаў канцлагера ў раёне мястэчка Азарычы, што на Гомель-
шчыне. Дарэчы, экспанаты, якiя iлюструюць гiстарычную i творчую сувязь класiка з Гомельшчынай, вылучаны ў асобны экспазiцыйны комплекс. Увогуле, як расказала намеснiк дырэктара Дзяржаўнага лiтаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Ганна Зайцава, выстава, прысвечаная 125-годдзю песняра, складаецца з пяцi тэматычных блокаў. Гэта серыя работ мастака Уладзiмiра Сулкоўскага “Радзiма Якуба Коласа”. Дарэчы, кансультантам мастака стаў старэйшы сын класiка Данiла Мiцкевiч. Наступны тэматычны раздзел — галерэя партрэтаў Якуба Коласа з фондаў музея, а таксама яго асабiстыя рэчы. Трэцi i чацвёрты экспазiцыйныя блокi прадставяць наведвальнiкам плакаты да папярэднiх юбiлеяў песняра, фотаздымкi, дакументы i друкаваныя выданнi коласаўскiх твораў. Апошнi тэматычны блок выставы, якая на працягу года будзе вандраваць па гарадах Беларусi, раскажа аб гiстарычных i творчых сувязях твораў песняра з тым рэгiёнам, дзе выстава будзе дэманстравацца.