Сліва ў пошуках пары
23.05.2016 15:00:24
Па сваёй прыродзе сліва, яе сястра алыча і іншыя костачкавыя культуры здольны радзіць кожны год. У любое лета яны ўтвараюць кветкавыя пупышкі — аснову будучага ўраджаю. Аднак яны менш зімаўстойлівыя, чым звычайныя вегетатыўныя — першымі гінуць ад моцных марозаў і халодных вятроў, найбольш згубна для іх вяртанне халадоў пасля працяглай адлігі. Таму слівы і іншыя костачкавыя культуры пажадана пры магчымасці саджаць у зацішку з паўднёвага боку пабудоў, на паўднёвым ці заходнім схіле ўзгорку, а не ў нізіне, дзе заўсёды халадней. Гатункі таксама трэба падбіраць найбольш зімаўстойлівыя. У нашых умовах лепш за другія зімуюць мясцовыя слівы народнай селекцыі: “еўразія-21”, “венгерка беларуская”, “віцебская позняя”. З алычы пасля самых неспрыяльных зім заўсёды родзяць “лама” і “нектар”. Гэтыя гатункі гарантавана забяспечаць вас пладамі нават пры вырошчванні там, дзе спецыялісты не раяць саджаць слівы.
Калі сад расце на адкрытым месцы, пажадана з паўночнага, усходняга і заходняга бакоў для змяншэння сілы вятроў пасадзіць густа, у два-тры рады, глог, іргу.
Нават у зацішных месцах не будзе ўраджаю пры вырошчванні толькі аднаго гатунку слівы ці алычы. Амаль усе гатункі костачкавых добра ўтвараюць завязь толькі пры апыленні іх кветак пылком другіх гатункаў. Шэраг іх (напрыклад, “венгеркі”) могуць самаапыляцца, але перакрыжаванае апыленне спрыяе ўтварэнню ў некалькі разоў большай колькасці завязі, і з яе вырастаюць буйнейшыя плады. Жаўтаплодныя слівы, рэнклоды, гібрыдная алыча пры адсутнасці паблізу гатункаў-апыляльнікаў зусім не родзяць.
Калі з-за недахопу зямлі не атрымоўваецца пасадзіць некалькі дрэў розных гатункаў, то на адно прышчэпліваюць два-тры гатункі ў крону.
Нават і пры выкананні пералічаных умоў слівавы сад можа застацца без ураджаю, калі яго кветкі пападуць пад вясновыя замаразкі. Ад гэтай неспрыяльнай з’явы можна выратаваць сад дымленнем або дажджаваннем пры пагрозе замаразкаў ноччу.
Надзейныя гатункі, добрае месца размяшчэння і ахова ад замаразкаў не гарантуюць штогадовага ўраджаю. Многія скардзяцца на тое, што на ўсёй завязі пасля цвіцення з’яўляюцца чорныя плямкі. З-за гэтага яна ўся на працягу месяца ападае. Гэта папрацаваў слівавы пілільшчык. Для барацьбы з ім часта раяць перакопваць глебу пад дрэвамі і трэсці іх вясной. Але на змену ім адразу прыляцяць родзічы з другіх садоў. Кожная самка адкладзе больш за сотню яек. Ды і з зямлі яны вылазяць амаль штомесяц. Нават пры самым старанным выкананні парад пілільшчыкаў ад сліў не прагоніш. Адзіны на- дзейны сродак — апрыскванне слівавых і алычовых дрэў перад цвіценнем або адразу пасля яго. Па кветках пырскаць нельга. Гэта адпужне ўсіх насякомых-апыляльнікаў.
Шчодрая пладаноснасць сліў, як бачна залежыць ад месца іх пасадкі, падбору гатункаў і аховы саду ад неспрыяльных умоў надвор’я і шкоднікаў.
Пётр ВАРОНЕНКА, аграном