
Зразумела, перш за ўсё гаворка iшла пра само абвяшчэнне БССР. Гэты шлях, на думку дырэктара Iнстытута гiсторыi Нацыянальнай акадэмii навук Вячаслава Данiловiча, быў вельмi няпростым:
— Тое ж абвяшчэнне БНР фактычна было рэакцыяй на несправядлiвы Брэсцкi мiр. З другога боку, была частка беларускай элiты, якая плённа дзейнiчала ў iнтарэсах стварэння беларускай дзяржаўнасцi ў рамках савецкай высновы. Таму можна сказаць, што стварэнне нацыянальнай дзяржаўнасцi iшло па ўсiх напрамках.
I такiя складанасцi былi цалкам аб’ектыўнымi. Загадчык аддзела навейшай гiсторыi Беларусi Iнстытута гiсторыi НАН Сяргей Траццяк прапанаваў звярнуць увагу на геапалiтычныя абставiны, на фоне якiх адбывалася фармiраванне беларускай дзяржаўнасцi:
— Тая Беларуская Савецкая Рэспублiка, якая ў той час стваралася, на думку Масквы, павiнна была стаць буфернай зонай памiж Савецкай Расiяй i Польшчай. Таму i месца ёй было — як мага далей на Захад i як мага блiжэй на Усход. I толькi пасля другога абвяшчэння БССР у склад Беларусi ўвайшлi ўсе тыя землi, якiя лiчылi сябе беларускiмi.

Дык чым жа была БССР перш за ўсё — нацыянальным утварэннем цi савецкiм? Меркаванне Вячаслава Данiловiча наконт гэтага:
— У беларускiм нацыянальным руху вельмi шмат месца займала вырашэнне сацыяльных пытанняў. I ў гэтым Беларуская Рэспублiка была сугучная з Савецкай Расiяй. Але i без нацыянальнага характару ўтварэнне дзяржаўнасцi на гэтых землях было б немагчымым. Таму можно канстатаваць, што беларускiя нацыянальныя лозунгi ў нас арганiчна спалучалiся з савецкiмi.
Гэты тэзiс падтрымаў загадчык кафедры гiсторыi Беларусi гiстарычнага факультэта БДПУ iмя М.Танка Анатоль Вялiкi. Ён узгадаў, што ў 1920–я гады ў
адносiнах да беларускiх лiдараў Аляксандра Чарвякова i Змiцера Жылуновiча нават выкарыстоўваўся тэрмiн «беларускiя нацыянал–камунiсты»:
— У перабудовачныя часы пра гэта пiсалi, потым забылi зноў.
На думку вядучага навуковага супрацоўнiка аддзела навейшай гiсторыi Беларусi Iнстытута гiсторыi НАН Валянцiна Мазца, на першым месцы пры абвяшчэннi БССР усё ж было нацыянальнае пытанне. Але трэба разумець абставiны:
— Пагроза была ў тым, што шмат нашых суседзяў заяўлялi свае правы на беларускiя землi. I таму менавiта захаванне тэрытарыяльнай цэласнасцi было галоўным пытаннем, а не выбар «з кiм iсцi». Дарэчы, нельга лiчыць тую ж Раду БНР цалкам антысавецкай: яе iнтарэсы наконт Беларусi па многiх пазiцыях супадалi з савецкiмi. Напрыклад, што тычыцца зямлi i па шэрагу iншых пытанняў.
На «круглым стале» прагучаў яшчэ адзiн важны аспект. Анатоль Вялiкi звярнуў увагу прысутных, што навуковых даследаванняў гiсторыi абвяшчэння БССР, на жаль, вельмi мала:
— Не можа быць дзяржавы без айцоў–заснавальнiкаў! А ў нас нiводнай дысертацыi пра тых, хто ствараў БССР i закладваў падмурак сучаснай дзяржаўнасцi, няма. Пра таго ж Бiсмарка напiсана больш за 200 навуковых прац — а што, нашы Чарвякоў цi Жылуновiч гэтага ня вартыя? Трэба звярнуць на гэта ўвагу. Тады мы маглi б гаварыць: вось яна, наша элiта!
osipov@sb.by

