Сеяць 24 часы ў суткі
09.04.2013 19:52:25
Апошні збор напярэдадні пасяўной праведзены на Глыбоччыне
У мінулую суботу ў гарадскім Доме культуры сабраліся аграномы, кіраўнікі гаспадарак, механізатары, якія будуць працаваць на энерганасычанай тэхніцы.
Вёў сход старшыня райвыканкама Алег Морхат. Спецыялісты райсельгасхарча ў сваіх выступленнях зрабілі акцэнт на культуры зямляробства, строгім захаванні тэхналогіі: нормах высеву насення, глыбіні яго закладкі ў глебу, рэгуляванні пасяўных агрэгатаў.
Работу намечана весці кругласутачна і завяршыць за 10—12 дзён. Для гэтага горад накіроўвае ў вёску звыш 100 механізатараў. Свае кадры пасылае і мясцовы прафесійны ліцэй.
Удзельнікаў пасяўной благаславілі на паспяховае правядзенне кампаніі айцец Сергій і ксёндз-прэлат Мячыслаў.
Уладзімір САУЛІЧ, «БН»