Сем дзён «лістапада»
17.11.2014 19:58:23
«Лістапад-2014» стаў гісторыяй. Мінскі міжнародны кінафорум завершаны, паказаны ўсе фільмы праграмы, раз’ехаліся шматлікія госці. Чым запомніўся ён замежным удзельнікам? Якія ўражанні засталіся ў іх ад сямі восеньскіх дзён, праведзеных у фестывальным Мінску?
Фота Віталя ГІЛЯ
Валерый ТАДАРОЎСКІ, рэжысёр, сцэнарыст, прадзюсар (Расія):
— Мне здаецца, фестываль лепшы, чым пра яго думаюць. Я маю на ўвазе тое, што ў горадзе мала ведаюць пра яго. Прасцей кажучы, гэтаму мерапрыемству не хапае раскруткі. Людзі не ўсведамляюць значнасці падзеі, і гэта вялікі пралік у яго арганізацыі. «Лістапад» сапраўды варты ўвагі. Проста трэба яго раскруціць, стварыць ажыятаж. Уласна я ні на хвіліну не пашкадаваў, што сюды прыехаў.
Леанід ПАЎЛЮЧЫК, кінакрытык (Расія):
— Не першы год на «Лістападзе», але сёлета проста ў захапленні ад таго, што тут адбывалася. Фестываль расце, пашыраецца. Ёсць адчуванне, што ён становіцца не толькі буйной культурнай падзеяй, але і гонарам рэспублікі, бо той узровень праграмы, які я назіраў, — вельмі высокі. У ёй больш за 160 карцін — і гэта не проста звалка атрыманых пакетам фільмаў, яны строга структурыраваныя па жанрах, рубрыках, конкурсах, кожны з веданнем справы адабраны. У сукупнасці гэта цэльны партрэт сучаснага кінематографа, створаны і маладымі талентамі, і сталымі майстрамі. Фестываль, па-мойму, становіцца, свайго роду мастком паміж постсавецкай кінапрасторай, з аднаго боку, і еўрапейскім кінематографам — з другога. Вельмі важна, што тут ідзе нармальны культурны дыялог паміж прадстаўнікамі розных частак свету, розных пакаленняў кінематаграфістаў, і гэта — здорава!
— На «Лістапад» я трапіў чатыры гады таму, параўноўваючы, магу павіншаваць арганізатараў і засведчыць — узровень фестывалю вырас. Планка, зададзеная сёлета, па падборы і насычанасці праграмы — высокая. Вельмі добра, што ў ёй з’явіўся і конкурс нацыянальнага кіно. Фестывальная «вокладка» для такога мерапрыемства вельмі спрыяльная. Бо нацыянальны конкурс фільмаў — гэта зварот увагі да свайго кіно не толькі ўнутранай публікі, але і замежных удзельнікаў.
Праўда, на мой погляд, варта было б лепш прадумаць размяшчэнне ў агульнай фестывальнай праграме нацыянальных фільмаў, каб замежныя госці, прафесіяналы свету кіно маглі лепш з імі пазнаёміцца. Магчыма, варта адвесці, напрыклад, два дні нацыянальнаму кіно, каб менавіта на ім сканцэнтраваць увагу. Па-мойму, відавочнай памылкай было ўзнагароджваць пераможцаў нацыянальнага конкурсу не ў ходзе ўрачыстай цырымоніі закрыцця фестывалю, а на асобнай пляцоўцы. Гэта ўсё ж — ваша кіно! Штосьці ў ім удаецца, штосьці пакуль не, але ў вас ёсць выдатныя майстры, прафесіяналы, і гэтых лепшых аўтараў трэба паказваць.
Шон БЕЙКЕР, рэжысёр, уладальнік Гран-пры кінафестываляў у Лос-Анджэлесе і Вудстоку, спецпрыза ў Лакарна (ЗША):
— Я ўдзячны за цудоўны тыдзень, праведзены ў гасцінным Мінску. Размаўляў тут са многімі калегамі з розных краін — усе адзначаюць высокі ўзровень арганізацыі. Але хацеў бы спыніцца на двух момантах. Шкада, што, напрыклад, у ЗША, Канадзе «Лістапад» не ведаюць. Вось я адправіў у ЗША віншаванне Ані Лілі Амірпур, яе стужку «Дзяўчына гуляе ноччу адна» адзначыла журы кінапрэсы як з’яву ў мастацтве, але яна нават не ведала, што карціна ўдзельнічае ў конкурсе. Параіў бы арганізатарам больш кантактаваць напрамую з рэжысёрамі, не праз агенцтвы. Для аўтараў карцін такая цікавасць да сябе заўсёды прыемная, і гэта спрыяе наладжванню сяброўскіх кантактаў. Другі момант — складана вырашальны, але, думаю, ён звярнуў бы больш увагі да вашага кінафестывалю. Да галоўных прызоў была б вельмі дарэчы хаця б невялікая грашовая прэмія альбо, напрыклад, бонус аўтару-пераможцу ў аплаце якіх-небудзь тэхнічных паслуг пры стварэнні яго будучага фільма.
Крысціна ФЛУТУР, актрыса, лаўрэат Канскага фестывалю 2012 года за ролю ў драме Крысціяна Мунджыу «За пагоркамі» (Румынія):
— Самае важнае асабіста для мяне на фестывалі — гэта чалавечнаць, добры і цёплы падыход, атмасфера шчырасці і сумленнасці, бо ў гэтым свеце вельмі многа несапраўднага. Тут — усё па-сапраўднаму. Я атрымала сапраўднае задавальненне ад удзелу. Тут ніхто не імкнуўся стварыць фальшывае добрае ўражанне пра сябе, і гэта тая сапраўднасць, якую я цаню. Тут я адчула сапраўдную любоў і цікавасць да добрага кіно. Я шчаслівая, што змагла прыехаць. Дзякуй, што запрасілі.
Звіяд ДАЛІДЗЭ, кіназнаўца, доктар мастацтвазнаўства, прафесар грузінскага Ўніверсітэта тэатра і кіно імя Шата Руставэлі (Грузія):
— На працягу многіх гадоў я ўдзельнічаў у шэрагу розных кінафестываляў. «Лістапад» — адзін з лепшых. Мы выдатна папрацавалі з калегамі ў журы конкурсу дакументальнага кіно, паспрачаліся, але прыйшлі ўсё ж да аднадушнага рашэння. Што да нейкіх арганізацыйных момантаў, то, натуральна, людзі, якія нешта робяць, могуць і памыляцца, і пасля гэтыя памылкі выпраўляць. Думаю, калі памылкі былі, арганізатары лепш, чым хто, ведаюць, як іх выправіць на будучае. Галоўнае, каб фестываль год ад года станавіўся толькі лепш. Каб не было, як у вядомым кінематаграфічным анекдоце, калі двое мышанят сядзяць у архіве, грызуць кінаплёнку і адзін другому гаворыць: а сцэнарый быў усё ж лепшы.
У тэму
Прыз Прэзідэнта «За гуманізм і духоўнасць у кіно» прысуджаны фільму «Я не вярнуся» эстонскага рэжысёра Ільмара Раага.
Карціна знята ў капрадукцыі Расіяй, Эстоніяй, Беларуссю, Казахстанам і Фінляндыяй, яна стала фільмам адкрыцця «Лістапада-2014». На правах аднаго з партнёраў, задзейнічаных у здымках фільма, узнагароду ў ходзе ўрачыстай цырымоніі закрыцця кінафоруму атрымаў генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Алег Сільвановіч. Ён, у прыватнасці, адзначыў, што для кінастудыі прыз Прэзідэнта — толькі пачатак на вялікім шляху перабудовы беларускага кіно.
Ірына СВІРКО
isvirko@mail.ru