Нагрудным знаком «За вклад в развитие культуры Беларуси» отмечен солист ансамбля «Бяседа» Валентин Кириленко

Саліст заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля народнай музыкі «Бяседа» Нацыянальнай дзяржтэлерадыёкампаніі Валянцін Кірыленка: «Нішто людзей так не яднае, як родная зямля»

Добра вядомы не толькі ў нашай краіне, а і за яе межамі заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбля народнай музыкі «Бяседа» Нацыянальнай дзяржтэлерадыёкампаніі — удзельнік розных беларускіх і міжнародных музычных фестываляў. Песні ў выкананні артыстаў па праве сталі народнымі: іх спяваюць вяскоўцы і гараджане на застоллях і ўрачыстасцях. За такой ашаламляльнай папулярнасцю карпатлівая штодзённая праца апантаных творцаў. 

Састаў салістаў і музыкантаў слыннага калектыву пастаянна абнаўляецца. А два дзесяцігоддзі таму яго папоўніў выпускнік Белдзяржуніверсітэта культуры Валянцін КІРЫЛЕНКА. 

З першых выступленняў малады артыст сваім меладычным голасам паланіў сэрцы паклоннікаў.

Творчая дзейнасць Валянціна Аляксандравіча адзначана медалём Францыска Скарыны, нагрудным знакам Міністэрства культуры «За ўклад у развіццё культуры Беларусі», дыпломам лаўрэата І ступені Рэспубліканскага конкурсу «Галасы Радзімы», прэміяй Федэрацыі прафсаюзаў.

Неаднаразова даводзілася бачыць, як гледачы шчыра вітаюць выхад на сцэну саліста «Бяседы» Валянціна Кірыленкі. 

І сапраўды, аднойчы пачуўшы яго спеў, назаўсёды зачароўваешся голасам артыста. Узгадваецца трапнае выказванне рускага кампазітара Міхаіла Глінкі: «Каб прыгажосць стварыць, трэба самому быць чыстым душою». Гэта поўнасцю датычыцца і харызматычнага бяседаўца. 


У Валянціна Аляксандравіча талент ад бога, ён стрыжань слыннага музычнага калектыву. У залаты фонд «Бяседы» ўвайшлі яго песенныя дуэты з заслужанымі артысткамі Беларусі Наталляй Раманскай і Святланай Суседчык. 

Вырас майстра ў сялянскай сям'і. Бацька Аляксандр Віктаравіч спачатку працаваў трактарыстам у калгасе, потым электрыкам. Маці Зінаіда Іванаўна з трыццаці пяці гадоў стажу ў аддзяленні паштовай сувязі Гаўлі амаль палову тэрміну дастаўляла падпісныя выданні жыхарам навакольных буда-кашалёўскіх паселішчаў Беразіна, Дзедаў Курган, Гута, Козі Рог. Часта брала з сабою на працу малодшага сына Валянціна. Паштальёны пад спевы сарціравалі карэспандэнцыю, а хлапчук падпяваў жанчынам.

— Дзяцінства прайшло ў асяроддзі вясковых спевакоў, — прыгадвае Валянцін Кірыленка. — Маці Зінаідзе Іванаўне дастаўся ў спадчыну цудоўны голас. Магла атрымаць музычную адукацыю, але засталася ў вёсцы побач з рана аўдавелай маці Уллянай Іосіфаўнай. 

На святах і вяселлях землякоў не абыходзілася без спеваў пад гармонік бабуліных братоў Івана і Сцяпана. 

— Вялікае шчасце мець цудоўны голас. Важна раскрыць і развіць вакальныя здольнасці. Хто заўважыў у вас такі талент?

— З маленства цягнула спяваць. На вясковых вяселлях прыладжваўся каля гарманіста-самавучкі Мікалая Бакланава і назіраў, як спрытна хадзілі яго пальцы па клавішах гармоніка. Загарэўся жаданнем навучыцца іграць. Родным параілі аддаць мяне ў дзіцячую музычную школу. Перш трэба было купіць музычны інструмент, але грошай на яго ў сямейным бюджэце не знайшлося. Бацька вырашыў скасаваць страхоўку і на атрыманыя сродкі купіў тульскі баян. Двойчы на тыдзень вазіў мяне на сваім трактары за дзесяць кіламетраў на заняткі ў Пірэвіцкую дзіцячую музычную школу. 

Актыўна ўдзельнічаў у школьнай мастацкай самадзейнасці. Заўзята чытаў са сцэны «Пісьмо на фронт» паэткі Алены Благінінай. Дырэктар Мікалай Аляксеевіч Казакоў выклікаў мяне, вучня шостага класа, у настаўніцкую. Як толькі пераступіў парог, ён спрытна падхапіў мяне на рукі і паставіў на стол, каб уявіў, што знаходжуся на сцэне. Я дэкламаваў вершы перад педагогамі, выступаў на раённых аглядах-конкурсах мастацкай самадзейнасці школьнікаў.

Вызначальнай у маім лёсе стала перамога на тэлерадыёконкурсе «Чырвоныя гваздзікі»: дамоў вярнуўся лаўрэатам з дыпломам I ступені і прызам — фотаапаратам «Змена». Усёй вёскай мяне віншавалі. З яшчэ большым жаданнем удзельнічаў у мастацкай самадзейнасці. Вясною ладзілі ў полі свята першай баразны. Рукадзельніца Лідзія Глушчанкова вышыла мне кашулю — у прыгожай вышыванцы мяне здымалі гомельскія тэлевізійшчыкі. А як цудоўна ў нашай вёсцы Гаўлі адзначалі свята Міхайла! Самадзейныя артысты рыхтавалі канцэртную праграму, маці і я выступалі ў вясковым хоры. А ў будні бацька браў мяне з сабою на трактар. 

— Вас цікавіла тэхніка? 

— У школьныя гады навучыўся кіраваць бацькавым трактарам, але асаблівай цягі да тэхнікі не меў. Кожнаму вызначаны пэўны лёс. Сялянскай працы ніколі не цураўся. І зараз магу касіць, дровы калоць, за плугам хадзіць. Аднойчы прыехалі з сям'ёю адведаць цёшчу ў навагрудскую вёску Янавічы. Жонка занялася агародам, а я вырашыў навесці парадак у хаце. Парог пераступіў дзядзька Аркадзь і атарапеў, калі ўбачыў, што мыю падлогу. Сказаў, людзі смяяцца будуць. А для мяне гэта не сорам: бацькі працай нас з братам выхоўвалі. Маім галоўным заняткам стала сцэна. Хутка праляцелі гады вучобы ў Гомельскім музвучылішчы імя Сакалоўскага. Тады даведаўся, што ў сталічным інстытуце культуры створаны студэнцкі калектыў «Валачобнікі». 

Пасля атрымання дыплома паехаў у Мінск, адшукаў кіраўніка «Валачобнікаў» Станіслава Дробыша, каб праслухаў мае спевы. Пад гармонік заспяваў «Ой у полі азярэчка». Педагог параіў вучыцца на аддзяленні сцэнічнага мастацтва інстытута культуры. Творчы конкурс вытрымаў, але заставаўся экзамен па роднай мове і літаратуры. Сачыненне пісаў пра дзеда-франтавіка Івана Апанасавіча Самцова, пра яго ваеннае ведаў ад бабулі Улляны. 

З першых дзён нямецка-фашысцкай акупацыі дзядуля пайшоў на фронт, змагаўся з ворагам на Курскай дузе ў арміі Маршала Савецкага Саюза Івана Сцяпанавіча Конева. Вярнуўся з вайны інвалідам 2-й групы з медалём «За баявыя заслугі». Як самую дарагую рэліквію захоўваю копію яго ўзнагароднага ліста. Адшукалі ў Гомельскім абласным архіве. У 1967 годзе дзядулі не стала. Пахаваны ён на вясковых могілках, да якіх зарасла дарога. У Год гістарычнай памяці варта было б мясцовым уладам паклапаціцца, каб вырашыць гэту праблему. На цвінтары суседняй вёскі пакоіцца бацька. 

Паміж нашай вёскай Гаўлі і суседняй Патапаўкай узвышаецца Курган Славы. У брацкай магіле там пахаваны савецкія воіны, што загінулі ў баях з гітлераўцамі. Памятаю, як у былыя гады прыязджалі да святыні родныя паўшых франтавікоў. Наша школа-васьмігодка шэфствавала над мемарыялам: кожную вясну мы наводзілі парадак, фарбавалі надмагіллі. Калі бываю ў родных мясцінах, абавязкова наведваюся да Кургана Славы. 

— Паміж рэпетыцыямі і выступленнямі выкройваеце час, каб зазірнуць у вёску да маці?

— Выручае тэлефон. Пастаянна трымаем сувязь. Няма пасёлка Беразіна, дзе стаяў бабулін драўляны дом. З дзіцячых гадоў у памяці застаўся страшэнны пажар, які знішчыў сядзібу. Бацькі былі на працы, бабуля нечым на полі занялася. У хаце засталіся мой дзесяцігадовы брат і я. Брат чыркануў запалкай каля адчыненай банкі з фарбай — умомант успыхнула полымя і перакінулася на пукі лёну, што ляжаў пад павеццю. Агонь хутка ахапіў дах хаты. Дзень быў летні, спякотны. Звычайна ў такі час да вечара ў хляве стаялі карова і цялушка, а ў хлеўчыку — свінні. Бабуля з поля ўбачыла дым і прыбегла на падворак, дзе ўсё палала. Трашчаў шыфер. Нехта з вяскоўцаў кінуўся на ферму да тэлефона выклікаць пажарную службу. Пакуль яна прыехала з райцэнтра, да якога два дзясяткі кіламетраў, усё згарэла. Удалося ўратаваць карову і цялушку. Згарэў кабанчык у хлеўчыку, пад павеццю агонь знішчыў матацыкл, які бацька пазычыў у людзей. Маці праз поле на веласіпедзе вярталася з пошты, што ў суседняй вёсцы, і ўгледзела слупы чорнага дыму. Казала, што ледзьве не страціла прытомнасць. Бацька, як убачыў папялішча, адразу ніцма ўпаў. Калгас выдзеліў нам службовае жыллё ў суседняй вёсцы, людзі дапамагалі. Бабуля адмовілася пакідаць пасёлак. Купілі ёй нежылую старэнькую хату, дзе яна да апошняга свайго дня гаспадарыла. Вось якое няшчасце перажылі.

— Цяпер у вас свая сям'я, вы вядомая асоба. Рэпетыцыі, канцэрты... За больш як два дзесяцігоддзі творчай дзейнасці ў калектыве «Бяседы» багаты вопыт. Як лягчэй выступаць на сцэне: пад фанаграму ці не?

— Ставім канцэрты ў Дамах культуры ці вясковых клубах не пад фанаграму. Са сцэны адчуваю настрой слухачоў, часам жартую ці запрашаю каго патанцаваць. Пад фанаграму звычайна спяваем, калі ідзе тэлевізійны запіс праграмы. Не так і проста падладзіцца. 

Памятаю, у дуэце з заслужанай артысткай Беларусі Святланай Суседчык на Беларускім радыё запісвалі песню «Ой да развівайся, сухі дубе» (захоўваецца там у фондах). Хваляваўся, але ўсё атрымалася. Святлана Іванаўна — цудоўны імправізатар на сцэне, і кожнае яе выступленне было арыгінальнае. 

«Бяседа» — гэта заўсёды святочны настрой.
Фото  БЕЛТА

— Памятаеце першы выхад на сцэну з «Бяседаю»?

— Гэта было ўлетку. Выступалі перад вяскоўцамі на Магілёўшчыне, спявалі без гукавой апаратуры. Нам дарылі букеты палявых кветак і шчыра дзякавалі за спевы. 

— Без «Бяседы» не абыходзілася і свята-кірмаш «Дажынкі». Чым запомніліся гэтыя выступленні?

— Першыя «Дажынкі», дзе выступаў на сцэне ў складзе нашага калектыву, былі ў Нясвіжы. Там упершыню выканалі песню на словы Уладзіміра Купрыенкі «Справім дажынкі». Да кожнага хлебаробскага свята рыхтавалі новую праграму, звычайна па некалькі канцэртаў на дзень. Пастаянна нас запрашаюць на «Славянскі базар», іншыя музычныя фестывалі як у Беларусі, так і за мяжою. 

— Памятаеце першае выступленне за мяжой?

— У час вучобы ў інстытуце культуры са студэнцкім калектывам «Валачобнікі» ездзіў у ЗША па запрашэнні МГА «Згуртаванне беларусаў свету». Кожнае выступленне праходзіла з аншлагам. 

— Многія песні прысвяцілі каханню. А як у жыцці склалася з гэтым?

— Удзячны лёсу, што ў мяне ўсё атрымалася. З будучай жонкай Людмілай Валер'еўнай разам вучыліся ў інстытуце культуры. Пасля жаніцьбы на 4-м курсе нам выдзелілі пакой у студэнцкім інтэрнаце. Першынца назвалі Уладзіславам. Імкнуліся, каб атрымаў музычную адукацыю. Скончыў ён тры класы музычнай школы па баяне, але далей не пажадаў займацца музыкай. Малодшы Раман пяць гадоў іграў на цымбалах. Быў стыпендыятам прэзідэнцкага фонду, лаўрэатам шматлікіх музычных конкурсаў. Стаў прызёрам тэлеконкурсу «Талент краіны». Зараз вучыцца ў Беларускім дзяржаўным харэаграфічным каледжы, выступае ў спектаклях у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета. 

— Лічыце сябе гарадскім ці вясковым?

— Большую палову жыцця правёў у горадзе, але ў душы заўжды вёска, бацькоўскі падворак, дзе зрабіў першыя крокі. Нішто людзей так не яднае, як родная зямля. Калі прыязджаю дамоў, не цураюся ўзяць у рукі касу, сякеру. Паміж рэпетыцыямі і канцэртамі выкройваю час і для працы ў радыёэфіры. На Беларускім радыё разам з Таццянай Гулейка вядзём музычныя праграмы. 

— Хто ваш галоўны настаўнік у жыцці?

— Матуля Зінаіда Іванаўна. Заўжды тэлефануе і цікавіцца творчымі і сямейнымі справамі. Не прапускае ні адзін канцэрт «Бяседы», які трансліруецца па тэлебачанні. Яна не толькі мой настаўнік, але і самы строгі крытык. Значную ролю ў лёсе адыграў і кіраўнік нашага калектыву народны артыст Беларусі Леанід Захлеўны. Дзякуючы яму мне пашчасціла стаць салістам «Бяседы». 

— Ці бываюць моманты, калі незадаволены сабою?

— Як і ў любога чалавека, у мяне ўсялякае здараецца. Нам дадзена мудрасць, каб вытрымліваць выпрабаванні лёсу. Для артыста важна ўмець стрымліваць свае пачуцці і разумна кіраваць імі. Вопыт надае прафесіяналізму. 

— Музыка існуе дзеля забавы, атрымання асалоды ці ўсё ж такі заклікана развіваць нейкія духоўныя пачаткі ў чалавеку?

— Жыццё напоўнена рознымі гукамі. Музыка многае значыць для чалавека, нават лечыць. У сталічнай паліклініцы, дзе часта выступаем з жонкай, выказаў прапанову, каб нам выдзелілі кабінет. Будзем лячыць людзей музыкатэрапіяй. Іншы раз ад песні лягчэй на душы. 

— Заўтра Дзень моладзі. Што пажадаеце маладому пакаленню?

— Каб дасягалі сваёй мэты, маглі горы зрушыць, не баяліся цяжкасцей і выпрабаванняў, верылі ў будучае. Каб пад мірным небам больш гучала наша беларуская музыка і народная песня працягвала жыццё ў нашых унуках і праўнуках.

subbat50@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter