Рыбалоўныя сеткі «пацягнулі» амаль на мільён
28.01.2011 20:48:10
Супрацоўнікі спецпадраздзялення “Гарпун” ДАІ УУС Мінаблвыканкама затрымалі мужчыну, які парушыў прыродаахоўнае заканадаўства.
...Два жыхары Мядзельскага раёна па пуцёўцы рыбачылі на возеры Нарач. Кожны з іх злавіў па чатыры шчупакі. Прыкладна ў 22.00 сябры склалі “трафеі” ў аўто і паехалі дамоў. Па дарозе іх спынілі супрацоўнікі ДАІ. Акрамя рыбы, міліцыянеры знайшлі дзве сухія рыбалоўныя сеткі, якія ў прыродаахоўнай зоне лічацца забароненымі прыстасаваннямі для лоўлі рыбы. Вадзіцель патлумачыў, што сеткі ляжаць у багажніку даўно і карыстацца імі ён не збіраўся.
Хто ведае, можа, і так? Тым не менш рыбаку давядзецца заплаціць да 20 базавых велічынь штрафу. Думаецца, пасля гэтага ён будзе часцей заглядваць у багажнік аўтамабіля.
Аляксандр СЯНЮЦЬ