Почыркі вядомых музыкантаў ператварылі ў шрыфты
20.04.2018 10:34:00
Людмила МИНКЕВИЧ
Французскія дызайнеры Нікаля Дам’ен і Жульен Санс запусцілі праект пад назвай Songwriters Fonts. Аўтары прааналізавалі ўсе магчымыя лісты і запісы, якія адносяцца да жыцця і творчасці пяці культавых музыкантаў ХХ стагоддзя: Курта Кабейна, Леанарда Коэна, Дэвіда Боўі, Джона Ленана і Сержа Генсбура. На іх аснове дызайнеры стварылі камп’ютарныя шрыфты. Мэта аўтараў праекта — натхніць маладых творцаў. Дызайнеры ўпэўнены, што почыркі вядомых музыкантаў, якія бачыш перад вачыма, могуць паўплываць на ўяўленне і дапамагчы ў нараджэнні музычных ці празаічных шэдэўраў.
Цікава, што падобны праект некалькі гадоў таму быў рэалізаваны і ў нашай краіне. Айчынная каманда з праграмістаў, дызайнераў і навукоўцаў стварыла шрыфт на аснове почырка народнага паэта Янкі Купалы, надаўшы яму паэтычную назву Piasniar. Спампаваць яго можна на аднайменным сайце www.piasniar.by.
mila@sb.by