Безопасная розетка, общежитие будущего, электронный фликер: сегодня пройдет финал республиканского конкурса «100 идей для Беларуси»
27.02.2019 07:31:00
Юлия УЩЕНЧИК
Восьмы сезон папулярнага маладзёжнага конкурсу амаль завершаны. Распрацоўкі і ідэі напярэдадні прэзентавалі ва ўсіх абласцях краіны, прайшлі 63 раённыя і 20 занальных адборачных этапаў. Арганізатарам паступіла каля 2000 заявак ад 1200 інаватараў. Выбралі лепшых з лепшых: у фінал выйшлі амаль 110 інавацыйных праектаў. Сёння ў Парку высокіх тэхналогій агучаць імёны 20 пераможцаў конкурсу ў 10 намінацыях.
Прэзентацыя 3D-прынтара падчас абласнога этапа конкурсу ў Брэсце, дзе прадставілі 40 лепшых праектаў рэгіёну.
Другі сакратар ЦК ГА «БРСМ» Алег Дзікун упэўнены: конкурс спрыяе рэалізацыі інавацыйных ідэй, якія могуць быць запатрабаванымi ў нашай краіне:
— Фіналісты прэзентуюць свае перспектыўныя распрацоўкі, абароняць праекты перад рэспубліканскім экспертным саветам. Туды ўваходзяць прадстаўнікі органаў дзяржкіравання і арганізацый, Акадэміі навук, Дзяржкамітэта па навуцы і тэхналогіях, прадстаўнікі профільных суб’ектаў гаспадарання, бізнес-супольнасцей і іншыя.
Маладыя людзі з Гродна, да прыкладу, сур’ёзна задумаліся аб спецыяльных тактыльных кнігах для дзяцей са слабым зрокам, якія будуць вырабляцца з выкарыстаннем тэкстыльнага матэрыялу. Распрацоўшчыкі са Слуцка стварылі віртуальны інтэлектуальны памочнік, які знойдзе і вырашыць індывідуальныя псіхалагічныя праблемы чалавека, а таксама будзе кантраляваць некаторыя паказчыкі яго фізічнага здароўя.
Прыкаваць увагу гледачоў павінен і электронны флікер для веласіпедыстаў, які павялічыць шанцы быць заўважаным на дарозе. Распрацоўку абсталявалі паказальнікамі павароту і стоп-сігналу — кіраваць флікерам трэба з дапамогай дыстанцыйнага пульта.
Цяпліца з міні-кругаваротам вады і электраградкай, антыбактэрыяльнае пакрыццё, агенцтва самастойных экскурсій, робат-пажарны — гэтыя і іншыя праекты ўжо сёння ва ўсёй красе прадставяць экспертам. Яны ацэняць актуальнасць і навізну ідэі, яе практычную значнасць, а таксама рэальнасць рэалізацыі конкурснага інавацыйнага праекта. Усе фіналісты атрымаюць імянныя сертыфікаты ўдзельнікаў і каштоўныя прызы.