Журналістка Валянціна Хакімава і работніца культуры Алена Серабракова жывуць у заходнесібірскай глыбінцы, але ведаюць, што іхнія продкі — з беларускіх зямель
03.06.2015 09:19:44
Журналістка Валянціна Хакімава і работніца культуры Алена Серабракова жывуць у заходнесібірскай глыбінцы, але ведаюць, што іхнія продкі — з беларускіх зямель
Многія сучасныя сібіракі маюць родавыя сувязі з Беларуссю. Пра тое не раз даводзілася нам чуць пад час камандзіроўкі ў Цюмень. У прыватнасці, у райцэнтры Вікулава нам дапамагалі арганізаваць працу дзве мясцовыя жанчыны. І, як аказалася, абедзве яны маюць беларускія родавыя карані.
Песенная спадчына ад бабулі
Калега-журналістка Валянціна Хакімава суправаджала нас да каларытнай мясцовай спявачкі і вышывальшчыцы бабы Лены, якая — мясцовая славутасць: была адной з першых спявачак у фальклорным беларускім гурце “Вячоркі”. У рэпертуары яго шмат песень самаходаў: так называлі супляменнікаў нашых, што яшчэ ў ХІХ стагоддзі перасяляліся ў Сібір, адольваючы вялікія адлегласці пешшу, самаходам. Сама Валянціна Фёдараўна родам з мясцовай беларускай вёскі Ермакі. Памятае, як яе бабуля выразна гаварыла па-беларуску: “І яна малілася спевам. Распеў быў прыгожы, і я тое памятаю. І словы, і вымаўленне ў яе такое цікавае было! Я тады, калі яе слухала, у другім класе яшчэ вучылася. А потым наша сям’я з’ехала адтуль, і так сталася, што з месца на месца пераязджалі. А гэта, як вы разумееце, не вельмі спрыяе захаванню родавай памяці — патрэбна, каб бабулі і дзядулі жылі побач з унукамі”.
Магчыма, ад бабулі-беларускі, якая часам згадвала пра Магілёўскую вобласць, у яе па жыцці ёсць жаданне спяваць. “Бабуля казала: беларусы па лепшую долю ў Сібір выбіраліся. У яе беларускія карані былі, а дзядуля ў мяне тутэйшы, мясцовы. Я з дзяцінства спяваю, а хадзіла ў Вікулава не ў гурт “Вячоркі”, які арганізавала Валянціна Дзмітрыеўна Міхіенка, а ў іншы калектыў. Яна мяне, дарэчы, угаворвала да іх перайсці, а мне было ўжо складана: я ж ад самаходаўскай культуры адарвалася. Такія песні — а яны старыя ермакоўскія — ніколі не спявала. Хоць сэнс іх разумею: з дзяцінства ці ад нараджэння, пэўна, нешта закладзена”. З часам яе-такі завабіла да сябе Валянціна Міхіенка. І Хакімава спявае ў “Вячорках”. Кажа: прывыкла. І цяпер нават “песню расшыфраваць” можа — гэта значыць, зразумець сэнс беларускіх яе словаў. А некаторым з артыстаў, рускіх, тое не пад сілу. “Мы ж усе, “вячоркаўцы”, нарадзіліся тут, гаворым усё жыццё па-руску. І беларускія словы, каб зразумець, нам трэба спачатку перакласці. Гэта здаецца, што мовы беларуская і руская блізкія — але яны розныя. Для нас важны пераклад. Вось вы ў Цюмені звярталіся да супляменнікаў па-беларуску — і мне было ўсё зразумела. Ну, можа пра сэнс пары словаў даводзілася здагадвацца. А гаварыць па-беларуску мы тут зусім не можам. Хоць маем беларускія родавыя карані, ды ўжо далёка ад беларускай культуры, ад мовы адарваліся”.
Валянціна Хакімава расказала нам, што добры след у Вікулава па сабе пакінула Валянціна Міхіенка, яна — ганаровы грамадзянін раёна. Нарадзілася ў Ермаках, яе мама Таццяна Грэтчанка — беларуска, з сям’і перасяленцаў. “Валянціна Дзмітрыеўна працавала ў мясцовым Доме культуры і 25 гадоў кіравала калектывам “Вячоркі”. Яна яго і стварыла, вывела ў людзі, яна і спявала разам з мясцовымі жанчынамі, некаторыя ў гурце і цяпер”. Сама Валянціна Хакімава аднойчы толькі была ў Беларусі: калі тагачасны кіраўнік беларускай дыяспары ў Цюмені Леанід Ксяндзоў арганізоўваў для “Вячорак” паездку. Былі артысты ў вёсцы Шэйкі на яго радзіме, у Крупскім раёне: “Там яго хата родная захавалася. Была зачыненая, то мы адчынілі, парадак там навялі. Выступалі ў вёсцы, прама ў той хаце і спявалі. Людзі прыйшлі са сваімі зэдлікамі — шмат сабралася. Лета было. Добра ўсё помніцца”.
“Тата ўмее гаварыць па-самаходску”
Афіцыйная пасада ў Алены Серабраковай такая: яна дырэктар муніцыпальнай аўтаномнай установы культуры “Цэнтр культуры і вольнага часу Вікулаўскага раёна”, у яе па раёне 60 філіялаў: бібліятэкі, дамы культуры. “Наша мэта: аб’ядноўваць людзей, развіваць усе культуры, прадстаўнікі якіх у нас жывуць, — гаворыць яна. — Мы за тое, каб ішло развіццё ўсіх гэтых культур. Акрамя беларусаў, немцы, украінцы найбольш актыўна працуюць. І з беларускім таварыствам Цюмені мы супрацоўнічаем”.
Сяргей Яфімчык, былы старшыня Цюменьскай абласной грамадскай арганізацыі Нацыянальна-культурнае таварыства “Аўтаномія Беларусь” (нядаўна яго змяніў на гэтай пасадзе Улад Татарынцаў), ведае пра родавыя карані Алены. Сяргей Аляксандравіч і прапанаваў ёй кіраваць Вікулаўскім філіялам суполкі. Яна пагадзілася, дапамагае развівацца ў глыбінцы беларускай культуры ў гармоніі з іншымі. У раёне ёсць розныя “культурныя кусты”, так гістарычна склалася: у ермакоўскім баку жывуць самаходы, на супрацьлеглым баку раёна — эстонцы, а па дарозе ў Ішым — немцы.
Алене як дырэктарцы цікавыя ўсе тыя культуры, аднак пра беларусаў-самаходаў у яе найбольш поўнае ўяўленне: як прыйшлі, як развіваліся, абжываліся. Мясцовыя “самаходскія” гурты “Вячоркі” з Вікулава і “Россияночка” з Ермакоў удзельнічаюць у Днях беларускай культуры ў Цюмені. У Вікулава ў краязнаўчым музеі сабраны цікавыя матэрыялы пра беларусаў краю: “Ёсць нешта новае — таксама спрабуем выставіць. А ў Ермаках музей яшчэ больш цікавы: там гэтым жывуць”. Праўда, старэе вёска: зачынілі ўжо і дзіцячы сад, бо “ў асноўным моладзь у горада імкнецца”.
Што для яе Беларусь? Алена згадвае: Віцебск, Славянскі базар, самаходскія песні… А калі даць аб’яву ў райгазеце, людзей з беларускімі радавымі каранямі пашукаць — адгукнуцца? Лічыць, што так. Могуць адгукнуцца тыя, у каго былі дзядулі-бабулі з беларускага роду. У прыватнасці, на Дошцы гонару сярод слаўных людзей раёна мы бачылі прозвішча Дзяргач — яно, відаць, беларускае. А ў Вікулава, па словах Алены Пятроўны, такой пошукавай працы не вялі. То можа памаглі б яе арганізаваць беларусы з Цюмені? Можна было б і цікавыя сямейныя гісторыі запісаць, для райгазеты ў тым ліку. У Вікулава, казалі нам, ёсць альбом пра тое, як беларусы засялялі Ермакоўскую тэрыторыю — але там звесткі пададзены ўрыўкамі. А цікава было б ведаць: супляменнікі з якіх канкрэтна раёнаў, вёсак Беларусі пасяліліся ў вобласці? Па словах Алены, магчыма зрабіць запыт у абласны Цюменьскі архіў, а раённы цесна з ім супрацоўнічае. Пытанне ж можа быць пастаўлены так: з якіх канкрэтна заходніх тэрыторый Расійскай імперыі былі масавыя перасялення беларусаў у Цюменьскую вобласць, у тым ліку ў Вікулаўскі раён? Ці існуюць зводныя спісы: колькі сем’яў і з якіх месцаў (воласць, вёска, павет, губерня) перасяляліся і ў які час? Карацей, у гісторыі з’яўлення беларусаў у рэгіёне ёсць вельмі цікавыя старонкі.
Па словах Алены Серабраковай, і сярод супрацоўнікаў раённай адміністрацыі напэўна ёсць людзі з беларускімі родавымі каранямі. Калі іх апытаць — таксама можна шмат цікавага даведацца. З гэтага, дарэчы, у Цюмені ў свой час беларуская суполка і пачыналася: з прыцягнення супляменнікаў. А беларускую культуру, казала Алена, у раёне любяць, на канцэртах часта выконваюцца беларускія песні — хоць большай часткай там жывуць рускія. “А вось выходзяць на сцэну “Вячоркі” — і зала замірае, — згадвае Алена Серабракова. — Гэта сапраўды так: незвычайная мова, мелодыка песень бярэ за душу”.
У Вікулаўскі раён часта прыязджаюць студэнты з Цюменьскай дзяржакадэміі мастацтваў і культуры. Беларускай культурай мясцовага краю цікавіцца Лілія Васільеўна Дзёміна, якая кіруе гуртом “Ростань”, яна ж — дырэктар акадэмічнага Інстытута музыкі і харэаграфіі. Па словах Алены, яна “сама прыязджае і запісвае песні старадаўнія. У яе цэлыя зборнікі выйшлі, у тым ліку і беларускіх песень”. Спадзяемся, з часам мы зможам расказаць пра гэту ўнікальную працаўніцу і больш падрабязна.
У размове з Аленай мы выказалі мару-прапанову. Цяпер у рэгіёнах Расіі выдзяляюцца сродкі на праекты па ўмацаванні міжнацыянальнага адзінства. І добра было б у той плыні адміністрацыі раёна знайсці грошы на пошукі ў архівах беларускіх каранёў жыхароў, напрыклад, Ермакоў, фактаў з гісторыі вёскі. А будуць спісы — іх можна апублікаваць і ў беларускім друку. І такім чынам сібіракам дапамагчы адшукаць сваякоў-родзічаў у Беларусі. І на гэтай глебе могуць і далей расці-ўмацоўвацца пабрацімскія сувязі паміж раёнамі, абмен творчымі калектывамі. Па словах Алены, на першым часе тым мог бы заняцца раённы краязнаўчы музей. Шмат хто скажа ў Сібіры: нічога беларускага не памятаем, дзядулі-бабулі адышлі... Але ж, паважаныя супляменнікі, няшмат часу прайшло, і можна ў архівах нешта знайсці. І не толькі ў архівах: жывых сваіх родзічаў у Беларусі. У якіх, магчыма, у сямейных архівах ляжаць тыя ж здымкі, што і ў вас…
Іван і Валянціна Ждановічы