Рэкорды куюцца ў Сар'і
27.03.2014 17:29:06
У чым сакрэт высокіх удояў жывёлаводаў верхнядзвінскага СГП «Дрысенскі»
У СЕЛЬГАСПРАДПРЫЕМСТВЕ «Дрысенскі» Верхнядзвінскага раёна ў гэтыя дні дояць ад каровы ў суткі больш за дваццаць кілаграмаў малака, што на пяць кілаграмаў перавысіла мінулагодні ўзровень. Гэта не толькі вышэйшы паказчык у раёне, але і адзін з лепшых у вобласці. У месяц ад рэалізацыі малака гаспадарка атрымлівае 2 мільярды рублёў.
Але самае галоўнае — гэта ўсё-такі кадры. Начальнік комплексу Юлія Беспальчык паўтара года назад закончыла з адзнакай Віцебскую ветакадэмію, вярнулася дахаты і цяпер удала прымяняе набытыя веды на практыцы. Прафесія жывёлавода для яе — сямейная справа. Фермерам быў дзед Ілля, які трымаў 10 кароў. Аператарам машыннага даення працавала маці — Ніна Ільінічна. Тут жа, на комплексе, працуе слесарам і муж Юліі — Уладзімір.
Дваццаць год на пасадзе галоўнага ветурача гаспадаркі Андрэй Гаварцоў. Адказныя і надзейныя аператары машыннага даення Люцыя Рабікава, Наталля Мароз і падменная Таццяна Перапечкіна.
— І зарплатай, і ўмовамі працы задаволены, — адкрыта выказалася Люцыя Рабікава. — Чатыры дні працуем, потым — два выхадныя. Атрымліваем па шэсць з паловай мільёнаў у месяц.
І апошні немалаважны фактар, пра які паведаміў кіраўнік гаспадаркі: увесь малочны статак сканцэнтраваны ў адным месцы, у Сар’і. А гэта не толькі зручнасць у рабоце, але і магчымасць паўсядзённага кантролю.
Ці зможа «ўтрымацца» «Дрысенскі» на такіх рэкордных надоях і далей?
На гэта пытанне дырэктар Васіль Губанаў адказаў так:
— Мы штомесяц уводзім у статак навацельных кароў. А гэта значыць, што надоі застануцца на ўзроўні, а калі пабудуем другую чаргу комплексу, то яны вырастуць яшчэ больш.
Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»
Фота аўтара