Айвазоўскi, Фабержэ, старыя вобразы – у брэсцкім музеі “Выратаваныя мастацкія каштоўнасці” прадстаўлены больш за 300 шэдэураў, якія маглі знікнуць

Растаможаны луўр

Чвэрць стагоддзя таму журналісты назвалі гэты правінцыяльны музей «маленькім Луўрам». Тут захоўваюцца арыгіналы Айвазоўскага, Урубеля, Броннікава, Лежэ, іконы XVI стагоддзя, старажытныя вазы з Усходу, шэдэўры фірмы Фабержэ. Ацаніць кошт усёй калекцыі брэсцкага музея «Выратаваныя мастацкія каштоўнасці» наўрад ці магчыма. Мастацтвазнаўцы кажуць, што яна бясцэнная.

Музей «Выратаваныя мастацкія каштоўнасці» знаходзіцца ў цэнтры Брэста, на скрыжаванні вуліцы Леніна і праспекта Машэрава, у прыгожым асабняку, пабудаваным яшчэ «за польскім часам» па праекце Юліяна Лісецкага для чыноўнікаў Палескага ваяводства

Кіруе гэтым філіялам абласнога краязнаўчага музея Ірына Тарыма. Яна распавядае, што такiх экспазіцый на постсавецкай прасторы больш няма. Магчыма, няма іх і ва ўсім свеце:
Гэты пояс зрабілі майстры з Паўночнага Каўказа ў сярэдзіне XIX стагоддзя

— Унікальнасць нашай экспазіцыі заключаецца ў тым, што яна цалкам складаецца з твораў мастацтва і прадметаў антыкварыяту, канфіскаваных мытнай службай пры спробе незаконнага перамяшчэння праз мяжу.

Кантрабандысты часцей за ўсё перавозілі каштоўнасці самымі банальнымі спосабамі: хавалі ў чамаданах, у міжстолевай прасторы вагонаў. Значна радзей асабліва каштоўную і невялікую кантрабанду хавалі ў кнігах, у абцасах жаночага абутку, у кансервавых банках. Аднойчы спрабавалі правезці старажытную ікону ў падушцы, а партыю маленькіх абразкоў — у баначцы з-пад кавы. Аднак самыя буйныя партыі правозіліся зусім не пасажырамі цягнікоў і аўтобусаў, а ў фурах і грузавых вагонах. Напрыклад, у 1987 годзе мытнікі агледзелі кантэйнер, у якім замест заяўленых дываноў выявілі сотні прадметаў антыкварыяту. У тым ліку зброю XVIII—XIX стагоддзяў — рускую, еўрапейскую, усходнюю. Высветлілася, што ўсё гэта было cкрадзена ў музеі Кабула. Груз везлі ў Заходнюю Германію. Па міжурадавым пагадненні ўсе гэтыя каштоўнасці адправілі назад у Афганістан.

У музеі можна ўбачыць старажытныя іконы XVI—XVII стагоддзяў. Некаторыя з іх былі распілаваныя кантрабандыстамі на часткі, каб лягчэй было схаваць. Напрыклад, абраз святога Уласа Севастыйскага разрэзалі на шэсць частак. Вертыкальны спіл праходзіў проста праз выяву святога...

Эскіз карціны УРУБЕЛЯ «Дэман зрынуты». Само палатно захоўваецца ў Траццякоўскай галерэ

Загадчыца музея распавядае, што ўсходнеславянскія абразы на Захадзе заўсёды карысталіся попытам. У 1980-х гадах у Маскве нават працавала група скупшчыкаў. У яе ўваходзілі мастакі, рэстаўратары. Яны аднаўлялі і перапрадавалі старажытныя іконы супрацоўнікам пасольстваў, якія затым перавозілі іх на Захад. Гэтую добра арганізаваную схему выявілі брэсцкія мытнікі. Іконы канфіскавалі, а па факце іх незаконнага перамяшчэння праз мяжу была ўзбуджана крымінальная справа.

Напрастольнае Евангелле XVIII стагоддзя ў металічным акладзе. Подпіс, пакінуты

Акрамя абразоў, у музеі можна ўбачыць шмат чаго цікавага. Напрыклад, пейзажы Івана Айвазоўскага або эскіз карціны Урубеля «Дэман зрынуты». Само палатно захоўваецца ў Траццякоўскай галерэі.

Работа АЙВАЗОЎСКАГА «Паруснік на мелі»

Таксама ў брэсцкім музеі прадстаўлены творы майстроў вядомых ювелірных фірм: Грачова, Аўчыннікава, Фабержэ. Апошняя дасягнула свайго росквіту на мяжы XIX і XX стагоддзяў, калі фірма спецыялізавалася на выкананні заказаў для царскага дома Раманавых і каралеўскіх двароў Еўропы. Перш за ўсё — знакамітых велікодных яек. У музеі «Выратаваныя мастацкія каштоўнасці» можна ўбачыць жаночы туалетны набор з крышталя і срэбра ад Фабержэ, а яшчэ — нефрытавы нож для паперы аднаго з лепшых майстроў Віктора Арнэ, манументальную крыштальную вазу, выкананую маскоўскім аддзяленнем фірмы.

Подпіс, пакінуты рукой Івана Айвазоўскага

Супрацоўнікі музея робяць усё магчымае для таго, каб экспазіцыя была цікавая і дарослым, і дзецям. Напрыклад, можна паўдзельнічаць у сямейнай інтэрактыўнай гульні, адказаць на пытанні і атрымаць прыз. Але самая галоўная ўзнагарода для наведвальнікаў знаходзіцца ў 10 залах музея. Гэта ўнікальныя каштоўнасці, якія маглі бясследна знікнуць.

p.losich@gmail.com

Фота Паўла ЛОСІЧА і Валерыя КАРАЛЯ
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter