Радаўніца. Радасць. Радзіма...
14.04.2007 01:00:00
Хтосьці ідзе на могілкі ў “наўскі” чацвер — першы чацвер пасля Вялікадня, хтосьці — як таго вымагае мясцовая традыцыя — у Праводную нядзелю, праз тыдзень пасля свята, нехта — на Радаўніцу, на дзевяты дзень. Зрэшты, ад тэрміну сэнс не мяняецца: тым, хто сышоў у нябыт, хто апякуецца адтуль над намі, мы павінны прынесці РАДАсную вестку пра вясну, пра ажыўленне прыроды, пра Вялікдзень, каб і яны паРАДАваліся, пацешыліся за нас, за тых, для каго яны хацелі лепшай долі, дзеля каго яны жылі. Нездарма ж так выразна чуваць у слове РАДАўніца іншае слова — РАДАсць. Свята светлага суму, заімглёнага слязьмі, асветленага ўсмешкамі, свята ціхага ўспаміну і яднання ўсяго Роду — і памерлых прашчураў, і жывых нашчадкаў.
Гэта трэба не тым, хто ляжыць на кладах. Гэта трэба найперш нам самім. Не абавязак, не банальнае “што людзі скажуць” адрывае нас на пачатку вясны ад дачна-агародных і іншых важных клопатаў і прымушае ехаць часам за сотні кіламетраў да родных магіл. Мы едзем шукаць саміх сябе. Прыслухайцеся да свайго сэрца і да сваёй памяці: калі вы адчулі сябе сваім на сваёй зямлі? Сэрца і памяць многім падкажуць: на могілках. Калі ўпершыню прачытаў, даведаўся, зразумеў, што пад гэтым крыжам ляжыць бацька твайго бацькі, а побач — яго бацька, а крыху воддаль, пад старым замшэлым камяніскам — яго дзед. І ва ўсіх іх прозвішча, якое носіш ты, і табе наканавана ў сваю пару легчы побач з імі ў гэту зямлю, якую яны дзеля цябе шчодра палілі потам і крывёю, і надпіс на тваім помніку будзе чытаць твой унук і адчуваць прыкладна тое самае. І прыходзіць разуменне, што нікуды не трэба з’язджаць далёка і надоўга, што трэба трымацца за іх, за гэтыя магілы, як дрэва трымаецца за карэнні, бо інакш жыццёвыя буры проста падхопяць, як парушынку, і размятуць па свеце... Мы нярэдка не ўсведамляем гэтага, але іменна на могілках да многіх з нас упершыню прыходзіць адчуванне РАДзімы. Спытайце ў любога філолага, ён пацвердзіць: Радзіма, Род і Радаўніца — словы аднакарэнныя.
“Перш чым сабе — продкам” — гэты прынцып народнай культуры не парушаўся раней ніколі. Чапаць вясной зямлю ля ўласнай сядзібы можна было толькі пасля таго, як прыбярэшся на могілках. Першую кроплю з чаркі, якую пускалі па крузе на Радаўніцу (выпівалі толькі адну (!) чарку ўсёй сям’ёй, ні кроплі больш), адлівалі на магілу. Перш чым пачаць прыбіраць, з памерлымі сваякамі “хрыстосаваліся” — клалі прынесенае нябожчыку чырвонае яйка, “малявалі” ім на магіле крыж. Простыя, спрадвечныя рытуалы, зусім нескладаныя, але напоўненыя такой урачыстасцю, што пачынаеш разумець, чаму Радаўніца — гэта не дзень памяці, а іменна Свята Памяці.
У гэтыя выхадныя, як і сотні гадоў назад, усе могілкі Беларусі будуць стракацець уборамі і звінець галасамі. Так будзе і праз дзесяць вёснаў, і праз дваццаць, і праз пяцьдзесят. Пакуль на гэтай зямлі будуць жыць людзі, якія лічаць яе сваёй Радзімай.