Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Анлайн-акцыя Міжнароднага радыё “Беларусь” працягвае аб’ядноўваць беларусаў замежжа

Прывітанні з усяго свету

У Год малой радзімы радыё “Беларусь” і яго міжнародная інтэрактыўная акцыя “Гукае ласкай родны край!” працягвае аб’ядноўваць беларусаў замежжа. Вось, напрыклад, супляменнікі ў Італіі сфарміравалі ў Неапалі спецыяльнае аб’яднанне і стварылі пры ім музычны калектыў “Спадчына”. Галоўны дырэктар радыёстанцыі Навум Гальпяровіч расказвае: “Беларусы Неапаля спяваюць родныя песні, рыхтуюць традыцыйныя стравы, захоўваюць мову, традыцыі, абрады і дзеляцца гэтым з італьянцамі, якія менавіта ад іх упершыню і чуюць пра нашу краіну”.

Прывітанне з Украіны праз міжнароднае радыё “Беларусь” перадало і Мікалаеўскае абласное нацыянальна-культурнае таварыства беларусаў “Голас Радзiмы”: “Пад час разнастайных мерапрыемстваў мы ствараем маленькі куточак роднага краю. Мы вельмі любім сваю радзіму, яе культуру, мову, з замілаваннем успамінаем беларускую прыроду, чысціню гарадоў і вёсак. З задавальненнем расказваем усім пра выдатную, прыгожую, міралюбівую краіну ў цэнтры Еўропы — Беларусь”.

Анлайн-прывітанне прыйшло таксама ад Беларускага аб’яднання ў Швейцарыі і яго віцэ-прэзідэнта Алеся Сапегі. Дзякуючы намаганням землякоў сёлета ў Мінск была перавезена урна з прахам княгіні Марыі Магдалены Радзівіл. Адным з нядаўніх праектаў беларусаў Швейцарыі было адкрыццё ў горадзе Залатурн помніка Тадэвушу Касцюшку. На мануменце — надпісы на беларускай і нямецкай мовах.

Нагадаем, праект задумваўся спецыяльна для беларусаў замежжа: каб прыцягнуць супляменнікаў да дыялогу, нагадаць пра іх родавыя карані. Паводле апошніх звестак, па-за межамі Бацькаўшчыны ў розных кутках планеты жыве цяпер каля трох мільёнаў беларусаў, шмат нашчадкаў суайчыннікаў у другім, трэцім пакаленнях.

Усе анлайн-прывітанні можна дасылаць на сайт міжнароднага радыё, а таксама на электронны адрас hellobelarus@gmail.com. Найбольш актыўных аўтараў, абяцаюць арганізатары, чакаюць прызы.

Юлія АБАЛЕНСКАЯ.

Голас Радзімы № 24 (3576), чацвер, 28 чэрвеня, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter