Ксёндз Кирилл Бардонов: август — месяц трезвости

Прыклад цвярозасці

У 1984 годзе сярод католікаў Польшчы ўзнікла ініцыятыва — апошні месяц лета цалкам устрымлівацца ад спажывання алкагольных напояў. Гэтую ідэю пераймаюць некаторыя вернікі ў Беларусі, паколькі праблема са злоўжываннем алкаголю, на жаль, існуе і ў нашым грамадстве.



Само па сабе ўмеркаванае ўжыванне алкаголю, калі жыццёвы кантэкст канкрэтнага чалавека гэтаму не перашкаджае, не з'яўляецца грахом. Аднак у нашай культуры да такіх напояў часта падыхо­дзяць са злачыннай легкадумнацю. Гэта праяўляецца не толькі ва злоўжыванні, але і ва ўспрыманні адмовы ад прапановы выпіць як праяўлення няветлівасці.

Хаця б адзін месяц у годзе, у якім бы мы не толькі не выпівалі самі, але і не куплялі алкаголь, не частавалі ім іншых, стане ўпэўненым сігналам для іншых, што свабодны час можна праводзіць без алкаголю. Добраахвотнае ўстрыманне ад яго з'яўляецца адной з форм аскезы, якое дапамагае пераадолець навязаны вобраз алкаголю як істотнага і надзвычай прывабнага элементу чалавечага жыцця. Такі вобраз падпітваецца рэкламай алкаголю, на якую штогод трацяцца каласальныя грошы. У ёй пра алкаголь распавядаюць як пра крыніцу радасці і замоўчваецца, што гэта таксама крыніца болю і пакут, адзіноты і прыніжэння.

Асабліва важна, каб мы давалі прыклад цвярозасці людзям, якія знаходзяцца ў залежнасці ад алкаголю. Кожная залежнасць уяўляе сабой замену свабоды няволяй. Залежнасць шкодзіць здароўю і адносінам з іншымі людзьмі вядзе да страты чалавечай годнасці. Хоць у нас саміх можа і не быць такой залежнасці, аднак сваім прыкладам мы здольныя дапамагчы іншым пазбавіцца ад яе. Веруючыя людзі могуць спалучыць сваё ўстрыманне ад алкаголю з малітвай аб цвярозасці для нашага народа і за тых, хто трапіў у залежнасць, каб у Бога і ў сваім асяроддзі знаходзілі падтрымку ў змаганні са слабасцямі.

Кожнае абмежаванне, накладзенае на сябе дабравольна, разумна і з добрымі матывамі, можа стаць праяўленнем унутранай моцы чалавека. Пастараемся быць адважнымі апосталамі цвярозага, здаровага, адказнага і блаславёнага ладу штодзённага жыцця.

Ксёндз Кірыл Бардонаў.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter