ТОП-темы

Прыгожа гралі дудары

21:00, 2 февраля 2012
На працягу тыдня на розных канцэртных пляцоўках краіны гучала сярэдневяковая музыка
Пачынаўся Тыдзень музыкі дуды, ці, як яе яшчэ называюць, беларускай валынкі, канцэртам “Легенды Вялікага княства — старажытная зямля” ў Мінску.
Удзельнічалі ў ім фальклорныя гурты Testamentum Terrae, Brevis, сярэдневяковы вулічны тэатр “Шальмоўскі Тэатр Ды Грыза”, ансамблі сярэдневяковых танцаў “Фламея” і “Залаты двор”. У праграме былі таксама і рыцарскія баі ад гістарычных суполак “Мінская вунія”, “Меч і Воран”.
Прадоўжылася свята ў Брэсце, дзе гледачоў чакала сустрэча з гуртамі “Стары Ольса” і Testamentum Terrae. Пасля гэтыя ж калектывы выступілі і перад гамяльчанамі.
Ужо некалькі дзясяткаў гадоў майстры народных інструментаў і выканаўцы фолк-музыкі вяртаюць у нацыянальную культуру
адзін з самых загадкавых і ўнікальных музычных інструментаў — дуду. Гранне на ёй, як і канцэрты дудароў, з кожным годам у Беларусі становяцца ўсё больш папулярнымі. У Мінску нават заснаваны і актыўна працуе “Дударскі клуб”, з 1992 года праводзіцца “Дударскі фэст” — фестываль валынкі.
Так, заварожваючыя гукі старадаўняга інструмента нікога не пакідаюць раўнадушнымі. Дуда знахо-дзіць усё больш прыхільнікаў сярод моладзі і шырока гучыць на канцэртных пляцоўках. Высокі ўзровень выканання маладых музыкаў, іх рэпертуар гаворыць пра тое, што на постфолкавай беларускай сцэне дуда зноў стала нацыянальным інструментам, крыніцай натхнення для творчых пошукаў.
Варта нагадаць, што дуда — духавы язычковы інструмент, які згадваецца ў старажытнай беларускай літаратуры ў XV стагоддзі. Выраб валынкі заўсёды лічыўся ў беларусаў справай сакральнай. У ХІХ стагоддзі дуда, як сцвярджаюць спецыялісты, была адным з самых папулярных музычных інструментаў.

Андрей МУКОВОЗЧИК
Андрей МУКОВОЗЧИК
Звонки Батьке