Прыгоды электронікаў

Школа робататэхнікі, лазерныя станкі, 3D-мадэляванне – у Мінску адкрываецца першы дзіцячы тэхнапарк

Дзеці доўга чакалі гэтай падзеі. Чырвоная стужачка яшчэ не перарэзана, а яны ўжо селі за парты: энтузіязму шмат, і вочы гараць. Класы адукацыйнага цэнтра інавацыйных практык «Тэхнапрарыў» маюць сучаснае абсталяванне, якім змогуць скарыстацца і дарослыя — маладыя наватары, студэнты, выкладчыкі. Напярэдадні ўрачыстага адкрыцця асновы IT-індустрыі спасцігала карэспандэнт «Р».


Дзіцячы тэхнапарк па апошнім слове тэхнікі абсталявалі ў мінскім Палацы дзяцей і моладзі. Месца невыпадковае: маладыя наватары даўно мелі патрэбу ў добрых лабараторыях, каб увасабляць свае ідэі. У дарагога падарунка ёсць перадгісторыя. Аляўціна Урбан, загадчыца аддзела тэхнічнай творчасці і спорту, узгадвае майскія падзеі:

— Наш вучань Даніла Елісееў сваімі рукамі сабраў 3D-прынтар і стаў абсалютным пераможцам конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў Саюзнай дзяржавы «Таленты XXI стагоддзя». А Вадзім Бабкоў стварыў робата, які здольны тушыць пажары, заняў там 1-е месца. Гэтыя поспехі і сталі штуршком да стварэння добрай базы для дзіцячай творчасці.

— Бацькі прывыклі думаць так: у палацы іх малых навучаць ляпіць з гліны, плесці з саломкі, шыць і вязаць. Усё стандартна, як паўстагоддзя таму, — Аляўціна Урбан праводзіць мяне ў гурток па інтарэсах новага пакалення — лабараторыю інавацыйных тэхналогій. За звычайнымі драўлянымі дзвярыма — найноўшая майстэрня з дарагім лічбавым абсталяваннем.

— Наўрад ці дзеці з гэтым справяцца, — яшчэ на парозе ўключаю скептыка.

Аляўціна УРБАН: «Пра такую «начынку» палац марыў амаль 15 гадоў».

У  адказ мне прапануюць паспрабаваць самой. Напрыклад, вырабіць невялікую пластыкавую машынку. Кароткі майстар-клас, і я ўжо працую над стварэннем камп’ютарнай формы маёй дэталі. Адразу складана, але мне хутка і зразумела тлумачаць, што да чаго. Атрымалася! У сучасны фрэзерны станок устаўляю флэшку з праграмай і драўляны брусок. Міргнуць не паспяваю — форма гатовая. Накладваю ліст пластыку і адпраўляю ўсё ў станок вакуумнай фармоўкі. Дзве хвіліны — і цацка ў мяне ў руках. Фантастыка, ды і толькі.

— З дзецьмі займаюцца нашы педагогі і госці: выкладчыкі вядучых ВНУ, кандыдаты навук, высакакласныя спецыя-лісты Парку высокіх тэхналогій, — Аляўціна Урбан, мой настаўнік на сёння, уключае новенькі 3D-прынтар. Непрафесійны, але вельмі наварочаны. Такога станка, запэўнівае, няма ні ў адной мінскай установе адукацыі. 

Прафесіяналы пішуць праграму для станка, а я мару: вось бы змайстраваць імянную бірульку або іншы сувенір на памяць. А суразмоўца быццам чытае думкі:

— Цэнтр не толькі на дзяцей разлічаны. Сюды можна прыходзіць усёй сям’ёй, разам рэалізоўваць задумкі. Студэнтаў, про-фільных педагогаў, ініцыятыўных пенсіянераў — усіх чакаем. Для дарослых адвядзём час вечарам, некалькі разоў на тыдзень.

Каб сфералёт узняўся ўгару, трэба напружыць звіліны. Такое практыкаванне вучыць канцэнтравацца і расслабляцца.
Працягваем экскурсiю па дзіцячым тэхнапарку. За дзвярыма з надпісам «Школа радыёэлектронікі» пакуль заняткаў няма: прывезлі і манціруюць новае абсталяванне. Зроблена восем спецыяльных антыстатычных працоўных месцаў, на маіх вачах распакоўваюць сучаснае дарагое паяльнае абсталяванне. 

— Цяпер да нас нават дзяўчынкі ходзяць. Нядаўна заўважыла, як з заняткаў сямігодка выходзіла: задаволеная, вочы гараць, — Аляўціна Урбан лічыць, што сакрэт у рознабаковасці заняткаў. 

Дзецi рэгулярна займаюцца тым, што мы прывыклі лічыць тэлекінезам — у навуцы гэта завецца нейрапілатаваннем. Слова для мяне новае. Дзеці дапамагаюць разабрацца.

— Вы можаце рухаць прадметы пры дапамозе сілы думкі, — адразу здзіўляе сямігодка Стэфан Бараноўскі. Школьнік надзявае адмысловы шлем з датчыкамі і заплюшчвае вочы: пачынае напружана пра нешта думаць. Сфералёт, які толькі што ляжаў на падлозе, рэзка ўзнімаецца ўверх. Ненадоўга затрымліваецца і імкліва падае ўніз. Раман Гудзь, загадчык лабараторыі тэхналогіі і інжынерыі, тлумачыць мне, што да чаго:

— Нейрапілатаванне заснавана на счытванні імпульсаў з кары галаўнога мозга. Каб зрушыць прадмет з месца, трэба моцна напружыць звіліны. Такое практыкаванне вучыць канцэнтравацца і расслабляцца.

Што ж, спрабую. Лічу лісце за акном, будую планы на вечар, нават пачала ў думках пісаць новы рэпартаж — прайшло ўжо некалькі хвілін, але нічога не выходзіць. Сфералёт з месца не зрушваецца. Радуюся толькі пасля пятай спробы: мой мозг пачаў кіпець, як толькі я ўспом-ніла табліцу множання. Вось сапраўды матэматык з мяне ніякі!

З дапамогай віртуальнай рэальнасці трэніруюцца маленькія архітэктары. Для іх такі атракцыён: начарціць праект у камп’ютарнай праграме, надзець спецыяльныя акуляры і «пагуляць» па свайму аб’екту, каб загадзя выявіць агрэхі і недахопы планіроўкі будынка.

Школа архітэктуры і дызайну выйшла за рамкі звыклага. Дзецям больш не трэба скрупулёзна ляпіць макеты з кардону: усё можна намаляваць з дапамогай камп’ютарнай графікі, адразу ж вырабіць на 3D-прынтары або «начарціць» 3D-ручкай. І няважна, ці стануць усе вучні знакамітымі архітэктарамі, — заняткі карысныя для агульнага развіцця.

— Я ўжо вырашыла: буду філолагам, паступлю ў БДУ, — марыць Анастасія Аляксандрава.

13-гадовая школьніца марыць і з энтузіязмам збірае праграмуемага робата з Lego. Здаецца, трохі хітрыць: які гуманітарый, яна ж прыроджаны праграміст!

— Гэта так, для сябе, як хобі, — усміхаецца яна. — Буду рознабаковай асобай, падтрымаю любую гутарку. 

ypopko@bk.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Автор фото: Владимир ШЛАПАК
Версия для печати
марина, 50, гродно
Супер!Какие возможности у наших детей,я о таком кружке могла только мечтать.
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?