Чалавек з бігборда: урач-інфекцыяніст з Кобрына Святлана Гапанюк марыць пабываць у Афрыцы на семінары-практыкуме па вірусе Эбола

Праверана: чыстая работа

Напрыканцы мінулага тыдня ў Мінску з’явіўся чарговы сацыяльны бігборд серыі «Сэрцам адданыя роднай зямлі». На гэты раз з вялікага плаката на праспекце Дзяржынскага ўсміхаецца ўрач-інфекцыяніст Кобрынскай цэнтральнай раённай бальніцы Святлана Гапанюк. Для мiнчан гэты чалавек, на жаль, пакуль малазнаёмы, а вось для кабрынчан — амаль стары сябар. Чаму? Карэспандэнту нашай газеты пра гэта расказала сама гераіня. 

З вялікага плаката на праспекце Дзяржынскага ўсміхаецца ўрач-інфекцыяніст Кобрынскай цэнтральнай раённай бальніцы.
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА

Роля і воля

Хто такі ўрач? З навуковага пункта гледжання — спецыяліст, які прадухіляе і лечыць хваробы, падтрымлівае належную жыццядзейнасць чалавека. У філасофскім сэнсе — гэта чалавек, які, згодна з унутранымі перакананнямі, выклікае ўзбуджальніка хваробы на «дуэль». Самаахвярна змагаецца з ім і... перамагае. 

Сфера прафесійных інтарэсаў Святланы Гапанюк — вірусныя гепатыты, ВІЧ, а яшчэ клешчавыя, вірусныя і вострыя кішэчныя інфекцыі. Зусім не ўкладваецца ў галаве, што прыемная 43-гадовая жанчына, якая зараз сядзіць насупраць мяне, кожны дзень вырашае пытанні жыцця і смерці. Святлана Васільеўна тлумачыць:

— Навука даўно перамагла чуму і халеру. Страхі наконт гепатыту С — гэта таксама ўчарашні дзень. Сёння ён лечыцца. Існуе бясплатная медыцынская падтрымка на дзяржаўным узроўні для ВІЧ-інфiцыраваных. 

Усмешка — абавязковы аксесуар у дрэс-кодзе Святланы Васільеўны. І гэта не яе словы, а меркаванні пацыентаў, якіх я хуценька «дапытала», калі сураз-моўнiца на нейкі час адлучылася ў працэдурны кабінет. 

— Не стамляюся вывучаць усё, што датычыцца майго кірунку работы. Напрыклад, хацела б паўдзельнічаць у семінары-практыкуме ў Афрыцы на тэму барацьбы з вірусам Эбола. 

Бачу, што Святлана Ва-сільеўна думкамі ўсё далей і далей ад кабінетнай рэчаіснасці, і вяртаю яе ў ардынатарскую пытаннем пра кар’еру:

— Працаваць урачом-інфекцыяністам прыехала ў кобрынскую паліклініку ў 1999 годзе па размеркаванні пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Потым мяне запрасілі працаваць у інфекцыйнае аддзяленне раённай баль-ніцы. 

Святлана Гапанюк сціпла «забылася» дадаць, што за дасягненні ў прафесійнай дзейнасці за мінулы год атрымала ганаровы тытул чалавека раёна. Менавіта таму партрэт Святланы Васільеўны з’явіўся на дошцы пашаны райвыканкама. 

Сфера прафесійных інтарэсаў медыка— вірусныя гепатыты, ВІЧ, а яшчэ клешчавыя, вірусныя і вострыя кішэчныя інфекцыі.
Фота аўтара

Што раіла маці

У сям’і Святланы Васільеўны ўрачом працуе не толькі яна. Гераіня прызнаецца, што ў старшых класах марыла пра іншую прафесію. Планавала стаць перакладчыкам. Лёс змяніла размова з маці.

— Бачу цябе, дачка, у белым халаце. З тваёй настойлівасцю да справы і любоўю да людзей з цябе атрымаецца выдатны спецыяліст, — сказала аднойчы дачцэ Любоў Данілаўна. 

Святлана скончыла Антопальскую сярэднюю школу Драгічынскага раёна з залатым медалём і павезла дакументы ў гродзенскі медуніверсітэт. Дзяўчыне не хапіла аднаго бала, каб стаць студэнткай. Наступны год працавала «па прафесіі» — санітаркай у аптэцы, па вечарах зубрыла хімію і біялогію. І вось Святлана ў спісе залічаных. 

Некалькі слоў пра асабістае

Прафесія дапамагла Святлане знайсці не толькі сябе, але і другую палавінку. Практыкавалася ў хірургічным аддзяленні Брэсцкай абласной бальніцы, дзе некалькі разоў рабіла перавязку маладому чалавеку. Пацыент уразіў галантнасцю і далікатнасцю. Дзесьці праз год сустрэлася вачыма з тым самым прывабным хлопцам ужо ў Кобрыне. Ён таксама запомніў уважлівую дзяўчыну-інтэрна. Далей — каханне, вяселле… Праз год у сям’і Гапанюк нарадзіўся Ягорка, а затым — Мацвей. Старэйшы сын ужо вучыцца ў Мінску на інжынера-хіміка, 9-гадовы Мацвейка — школьнік. 

Званок з прыёмнага пакоя. Жанчына з рожыстым запаленнем нагі. Ліхаманка, дрыжыкі. Праца ёсць праца. Святлана Васільеўна ставіць кропку ў нашай размове. Развітваецца, а на твары — яе фірмовая ўсмешка. Дзе я ўжо бачыла гэтую жанчыну? Вядома, на бігбордзе на праспекце Дзяржынскага ў Мінску!

hanna.petrachenka@yandex.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter