Приведут в порядок до 2021 года: как идет реставрация костёла Божьего Тела в Несвиже

Час аднаўляць камянi

Работы па рэстаўрацыі касцёла Божага Цела ў Нясвіжы выкананы на 60 працэнтаў. Першы ва Усходняй Еўропе храм у стылі барока плануюць прывесці ў парадак да 2021 года. Карэспандэнт «Р» паназірала за тым, як спецыялісты аднаў­ляюць фасады касцёла, і даведалася, чаму рэстаўрацыя, якая пачалася яшчэ ў 2011 годзе, зацягнулася так надоўга.


Нязменны з 1593 года

Нягледзячы на тое, што найбольшую цікавасць у турыстаў у Нясвіжы часцяком выклікае палацава-паркавы ансамбль, касцёл Божага Цела таксама ўвагай не абдзелены. Рэстаўрацыйныя работы ніяк не перашкаджаюць арганізацыі экскурсій. Нават сёння, у будны дзень, гід захоплена апавядае пра багатую гісторыю храма турыстычнай групе з Кітая. А расказаць ёсць пра што. 

Касцёл Божага Цела — першы храм у стылі барока на тэрыторыі Усходняй Еўропы, другі ў свеце. Будаваў яго італьянскі архітэктар Джавані Бернандоні па замове Радзівіла Сіроткі. Храм захаваўся практычна ў першапачатковым выглядзе, такiм, якiм ён быў у 1593 годзе. З моманту адкрыцця і па сённяшні дзень ён ніколі не зачыняў свае дзверы для вернікаў. Яшчэ адзін цікавы факт: пад касцёлам — вялікая сямейная пахавальня Радзівілаў, дзе спачываюць прадстаўнікі славутага роду пачынаючы з 1616 года. Крыпта ў тыя часы стала трэцяй сямейнай пахавальняй у Еўропе.

— Выгляд храма, які, дарэчы, уваходзіць у Спіс аб’ектаў сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, мы ніяк не мяняем. Ён не быў разбураны, перажыў усе войны. Толькі ў 1944-м у купал трапіў снарад, але прыхаджане хутка яго аднавілі. Мы ж зараз акуратна рэстаўруем тое, што прыйшло ў непрыдатнасць. На аб’екце працуюць каля 10—12 спецыялістаў ААТ «Белрэстаўрацыя». Рэстаўрацыя — праца спецыфічная, таму працэс займае нямала часу. Таксама яна зацягваецца з-за нерэгулярнага фінансавання, — уводзіць у курс справы Сяргей Крыўко, дырэктар КДУП «УКБ Нясвіжскага раёна», арганізацыі — заказчыка рэстаўрацыі.

Першая чарга рэстаўрацыі ўключала аднаўленне даху і купала. Спецыялісты разабралі прагнілы дах з ацынкаванага жалеза, аднавілі яго драўляную канструкцыю і зрабілі пакрыццё з медзі.Зараз жа праца ідзе над фа­садамі і інжынерным забеспячэннем. Сяргей Крыўко плануе, што другая чарга рэстаўрацыі завершыцца ў 2020 годзе:

— Затым прыступім да работ у крыпце Радзівілаў. У перспектыве таксама рэстаўрацыя званіцы і агароджы.

Кардынальна змянілі план рэстаўрацыі касцёла ўнікальныя знаходкі на яго фасадах. Пад пластом тынкоўкі спецыялісты выявілі старадаўнія каляровыя фрэскі
Цудоўныя знаходкi

Кардынальна змянілі план рэстаўрацыі касцёла ўнікальныя знаходкі на яго фасадах. Пад пластом тынку спецыялісты выявілі старадаўнія каляровыя фрэскі. Аказалася, што звонку храм быў амаль цалкам распісаны. Падобных касцёлаў няма ў Беларусі ды і ў Еўропе — адзінкавыя экзэмпляры. Як працаваць далей? Тэму выносілі на абмеркаванне навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры, успамінае Сяргей Крыўко:


— Можна было б адбіць старую тынкоўку, пакрыць новай і пабяліць. На гэтыя работы хапіла б і сезона. Але тут такая знаходка рэдкая выявілася! Вядома, вырашылі аднавіць фрэскі. Бачыце, уздоўж даху завіткі? Рэстаўратары аднаўляюць іх такімі ж, якімі яны былі першапачаткова. На кожным фасадзе — свае матывы. Напрыклад, на паўночным мы выя­вілі велізарныя яр­кія гербы кня­зёў Радзівілаў. Чаму ўсе гэтыя прыгожыя фрэскі былі ад нас схаваныя? Адназначнага адказу на гэтае пытанне пакуль няма.

Каля ўвахода ў касцёл Божага Цела пакуль што пустыя нішы для скульптур. Іх зараз аднаўляюць і падфарбоўваюць спецыялісты «Белрэстаўрацыі». Самі фігуры, дарэчы, таксама ўнікальныя. Калі рэстаўратары знялі старую фарбу, высветлілася: скульптуры зроблены з пясчаніку італьянскімі майстрамі яшчэ ў часы будаўніцтва касцёла.

Правiлы рэстаўрацыi

Унутранае ўбранне храма, без перабольшання, выклікае захапленне. Яркія фрэскі і галоўны алтарны абраз «Апошняя вячэра» датуюцца сярэдзінай XVIII стагоддзя. Уражвае тое, што калоны і аркі пад купалам намаляваныя ў стылі 3D — здаюцца выпуклымі і візуальна робяць будынак большым.


— Апошні раз фрэскі рэстаў­равалі 200 гадоў таму. Абраз — у 1970-х. Дзе-нідзе можна заўважыць сляды вільгаці, але мы пакуль не плануем рэстаўраваць унутранае ўбранне храма. Ці варта? Усе хочуць паглядзець на гісторыю, а не на сучасныя фарбы. Тым больш фрэскі вельмі добра захаваліся. А вось вокны мы ўжо памянялі. Кожнае — ручной работы, зробленае ў кузні «Белрэстаўрацыі», — паказвае Сяргей Крыўко.

Рэстаўрацыя касцёла Божага Цела ў Нясвіжы ідзе за кошт абласнога і рэспубліканскага бюджэту. Дарэчы, у мінулым годзе завершаны рамонтныя, рэстаўрацыйныя работы і створаны адпаведныя ўмовы выкарыстання на 115 гісторыка-культурных каштоўнасцях нашай краіны. Сярод іх будынак музея Бялыніцкага-Бірулі ў Магілёве, Барысаглебская царква ў Гродне, стадыён «Дынама», мемарыяльны комплекс «Трасцянец», 16 аб’ектаў на тэрыторыі Брэста і Брэсцкай крэпасці.

— Зараз за кошт сродкаў рэс­публіканскага бюджэту вядуцца рэстаўрацыйныя работы на такіх аб’ектах, як Нацыянальны мастацкі музей, Косаўскі палацава-паркавы ансамбль, палацавы комплекс у пасёлку Ружаны. Таксама фінансуецца рэстаўрацыя Свята-Успенскага манастыра ў вёсцы Пустынкі, палацава-паркавага ансамбля ў вёсцы Жылічы, касцёла Божага Цела ў Нясвіжы, Навагрудскага замка і руін Гальшанскага замка, гісторыка-куль­турных каштоўнасцей у вёсцы Крэва, манастырскага комплексу ў Юравічах і іншых аб’ектаў, — пералічвае начальнік упраўлення капітальнага будаўніцтва і матэ­рыяльна-тэхнічнага забеспячэння Міністэрства культуры Барыс Новікаў.

matuzova@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter