Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Дзве беларускі паспяхова паўдзельнічалі ў фальклорна-этнаграфічным конкурсе “ЭтноЛик”, які праходзіў у Самарскай вобласці

Перамаглі беларускія дзяўчаты

У Паволжы, як вядома, жывуць прадстаўнікі розных народаў. І каб прыцягнуць увагу моладзі да этнічнай культуры, каб юнакі ды дзяўчаты з павагай ставіліся да самабытнасці розных народаў — дзеля таго ў гарадской акрузе Самара праводзіцца Абласны фальклорна-этнаграфічны конкурс “ЭтноЛик”. Сёлета ў сярэдзіне мая — ужо ў трэці раз. Арганізатарамі непаўторнага шматнацыянальнага свята выступаюць Самарскі дзяржінстытут культуры сумесна з абласным Домам дружбы народаў, рэгіянальнай грамадскай арганізацыяй “Саюз народаў Самарскай вобласці” і Самарскім абласным гістарычна-краязнаўчым музеем імя П. Алабіна. Ад Самарскай абласной грамадскай арганізацыі беларусаў “Руска-Беларускае Братэрства 2000” у творчым форуме паспяхова паўдзельнічала Кацярына Стрынакова. Яна, дарэчы, у суполцы і намесніца кіраўніцы моладзевага аддзялення, і мастацкая кіраўніца беларускага харэаграфічнага ансамбля “Сяброўкі”.

Відэапрэзентацыю Беларусі рабіла Кацярына Стрынакова 

Паразважаем на тэму этна... Здавалася б, у сучасным свеце “правіць баль” глабалізацыя, сціраюцца нашы нацыянальныя, моўныя, рэлігійныя адметнасці. Ды ўсё ж нацыянальныя пачуцці кожнага з нас — важны элемент супольнай культуры. А ці заўсёды мы паважліва ставімся да такіх пачуццяў людзей, да іх гісторыі, мовы, традыцый ды звычаяў, да каштоўнасцяў іншай культуры і мастацтва? Не сакрэт: ва ўсім гэтым праяўляецца агульны культурны ўзровень чалавека. Зрэшты, у шматнацыянальным Савецкім Саюзе мы так усе й выхоўваліся, так і прывыкалі жыць. Цяпер жа часам бывае: ці то саромеемся свайго мінулага, ці то баімся быць “не сучаснымі”...

Зрэшты, нашы супляменнікі ў Самары згадваць пра савецкае мінулае не саромеюцца і не баяцца. “Мы ж выраслі, жылі ў Саюзе, былі па духу інтэрнацыяналістамі, і гэта была важная частка нашага жыцця, — разважае Ірына Глуская, прэзідэнт Самарскай абласной грамадскай арганізацыі беларусаў “Руска-Беларускае Братэрства 2000”. — Нас выхоўвалі як адзіную, дружную шматнацыянальную сям’ю, не робячы адрозненняў паміж беларусам і татарынам, рускім і армянінам, украінцам і грузінам... Сёння ж можна толькі радавацца, калі моладзь цікавіцца нацыянальнай культурай — як  сваіх продкаў, так і народаў іншых. Варта дружна жыць з усімі людзьмі — тады і жыццё тваё не здоўжыцца. Так кажуць беларусы. А вось індыйская прыказка: “Не парывай груба нітку дружбы, інакш калі прыйдзецца зноў яе звязаць, то застанецца вузел”...

А Кацярына Стрынакова расла, фармавалася як асоба ўжо і ў незалежнай Беларусі. Нарадзілася ў Бабруйску, у сям’і беларусаў. У 2003-м закончыла школу, а ў 2006-м — Бабруйскае медвучылішча. З 2009-га жыве і працуе ў Самары, цяпер ужо не ў медыцыне: вучыць самарскіх дзяцей харэаграфіі ў сваёй школе танцаў. Там яна і трэнер, і педагог. А яшчэ вучыцца на трэцім курсе Самарскага дзяржінстытута культуры: факультэт сучаснага мастацтва і мастацкіх камунікацый, кафедра харэаграфіі. На фальклорна-этнаграфічны конкурс “ЭтноЛик” наша супляменніца прадставіла “этна-візітоўку” пра Беларусь, у якой з дапамогай відэапрэзентацыі расказала пра сябе і родны край, пра нацыянальныя традыцыі, самабытную культуру беларускага народа. Упрыгожыў аповед і яркі, вельмі душэўны выступ Марыны Кірылавай, салісткі беларускага вакальнага ансамбля “Каданс”. Марына выконвае абавязкі кіраўніцы моладзевага аддзялення беларускай суполкі, а спявала беларускую песню “Я кахаю цябе”.

Вынік такой творчай супрацы беларусак — перамога Кацярыны ў намінацыі “Этна-візітоўка”, дыплом лаўрэата конкурсу. Варта дадаць, што святочную атмасферу сяброўства і яднання культур надавалі “ЭтноЛику” нацыянальныя касцюмы ўдзельнікаў. За беларускі строй Кацярына Стрынакова ў намінацыі “Этна-касцюм” таксама адзначана дыпломам. “Для моладзі “ЭтноЛик” — гэта магчымасць бліжэй пазнаёміцца з культурай, традыцыямі, звычаямі іншых народаў, — лічыць Марына Кірылава. — Беларуская моладзь Самары з цікавасцю, з ахвотай удзельнічае ў міжнацыянальных імпрэзах і святах. Мяркую, і ў тым, што на самарскай зямлі пануе мір ды згода паміж народамі, ёсць заслуга і мясцовых беларусаў”.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter