О чем мечтают студенты-химики и какими инновационными технологиями они пользуются

Паміж намі ёсць хімія

У апошнюю нядзелю мая традыцыйна адзначаюць сваё прафесійнае свята хімікі. Напярэдадні мы зазірнулі ў лабараторыі і аўдыторыі хімфака БДУ: даведаліся, пра што мараць яго студэнты, як рыхтуюць спецыялістаў для Беларускай АЭС, а таксама паглядзелі, як тут выкарыстоўваюць інавацыйныя тэхналогіі.

Марына ШЫКУН, магістрант хімічнага факультэта БДУ.

На Ленінградскай, 14 сёння ўрачыстая атмасфера: каля ўвахода ва ўніверсітэт усталявалі мемарыяльную дошку ў гонар вядомага вучонага-хіміка, былога рэктара БДУ, выпускніка хімічнага факультэта Фёдара Капуцкага. Пасля мерапрыемства ў сцены ўніверсітэта нас гасцінна запрашае Таццяна Савіцкая, намеснік дэкана па навуковай рабоце:

— Хімічны факультэт — унікальны, мы адзіныя ў краіне, хто рыхтуе выпускнікоў па спецыяльнасці «Хімія». Тут навучаюцца будучыя хімікі-інжынеры, выкладчыкі хіміі, фармацэўты, даследчыкі. Ёсць і новыя цікавыя спецыяльнасці. Напрыклад, нідзе ў свеце няма кваліфікацыі «Хімік. Біяфармахімік». Студэнты не толькі вывучаюць хімічны бок фармацэўтыкі (з чаго складаюцца лекі і як можна іх сінтэзаваць), але і як гэтыя прэпараты дзейнічаюць на арганізм.

Таццяна Савіцкая

Яшчэ адзін параўнальна новы і вельмі запатрабаваны кірунак — хімія высокіх энергій. У год хімфак БДУ выпускае каля 25 спецыялістаў для Беларускай АЭС, расказвае намеснік дэкана:

— На атамнай станцыі даюць высокую ацэнку ведам і вопыту нашых выпускнікоў. У краіне, дарэчы, дзейнічае дзяржаўная праграма па падрыхтоўцы кадраў для ядзернай энергетыкі, якая адкрывае для студэнтаў шмат выдатных магчымасцей. Так, мы можам адпраўляць іх на вучобу за мяжу. Атамная энергетыка — новая для краіны галіна. Таму часам заняткі студэнтаў праходзяць у вядомых цэнтрах Расіі, Славакіі, Балгарыі, Францыі, Фінляндыі. Яны наведваюць ядзерныя дзеючыя аб’екты, назіраюць за тым, як робіцца маніторынг навакольнага асяроддзя. Таксама наша ВНУ ўдзельнічае ў праекце МАГАТЭ. Студэнты маюць магчымасць папрацаваць дыстанцыйна на ядзерным рэактары, які размешчаны ў Францыі.

На Ленінградскай, 14 навучаюцца будучыя хімікі-інжынеры, выкладчыкі хіміі, фармацэўты, даследчыкі.

Каля ўвахода ва ўніверсітэт усталявалі мемарыяльную дошку ў гонар Фёдара КАПУЦКАГА.

На хімічным факультэце стараюцца не вучыць па пажоўклых падручніках — інавацыі актыўна ўкараняюцца ў адукацыйны працэс. Лекцыі можна паслухаць дома — іх запісваюць у падкасты. Перш чым выканаць лабараторную работу, студэнт мае магчымасць прагледзець навучальнае відэа. З’яўляюцца таксама курсы дыстанцыйнай адукацыі.




У год хімфак БДУ выпускае каля 25 спецыялістаў для Беларускай АЭС.


— Першымі ў краіне мы ўкаранілі курс «Уводзіны ў зялёную хімію». Мы разумеем, як хімікі забруджваюць навакольнае асяроддзе. Важна вывучыць, як прадухіліць забруджванне або ліквідаваць наступствы. Студэнты на гэтым курсе даведваюцца, як праводзіць складаныя хімічныя сінтэзы бяспечнымі для экалогіі метадамі, — дадае Таццяна Аляксандраўна.


У адной з лабараторый са своеасаблівым хімічным антуражам — колбамі розных памераў, мадэлямі малекул, рознакаляровымі вадкасцямі — мы сустракаем трэцякурснікаў Валянціну Шчарбакову і Яўгенія Грыгор’ева. Запыталі ў іх пра планы на будучыню.

— Хачу стаць хімікам-даследчыкам. Пайду па слядах бацькоў, яны працуюць у гэтай жа галіне. Хімія мяне з дзяцінства цікавіла, у прыватнасці, планую заняцца навуковай дзейнасцю. Больш за ўсё падабаецца вывучэнне арганічнай хіміі, хіміі палімераў — я лічу гэта запатрабаваным напрамкам на сённяшні дзень, — дзеліцца Яўген.

Трэцякурснікі Валянціна ШЧАРБАКОВА і Яўгеній ГРЫГОР’ЕЎ плануюць стаць хімікамі-даследчыкамі


Яго аднагрупніца Валянціна таксама плануе стаць хімікам-даследчыкам, толькі больш прыцягвае дзяўчыну хімія неарганічная:

— Вучуся на бюджэце, але размеркаванне мяне зусім не палохае! Я не чула такога, каб нашым студэнтам прыйшлося працаваць дзесьці супраць іх жадання. Прафесія запатрабаваная, перад выпускнікамі — вялікі выбар, можна самому вызначыцца і пайсці туды, дзе больш за ўсё падабаецца.


Таццяна Савіцкая дадае: універсітэт дае глыбокія веды па ўсіх раздзелах хіміі. Менавіта таму студэнты могуць пайсці працаваць на любое прадпрыемства хімічнай прамысловасці, у даследчыя інстытуты НАН, Міністэрства адукацыі, установы Міністэрства аховы здароўя, на ўсе заводы фармацэўтычнай, харчовай ці нафтахімічнай прамысловасці.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter