Палавік, сатканы ўласнымі рукамі, прыгажэй за фабрычны
23.08.2012 16:32:09
Ткаць Галіна СЫЦІНА пачала вучыцца яшчэ школьніцай.
І хоць тады ўжо любую рэч можна было купіць у магазіне, маці сказала ёй: «Трэба, каб на пасаг у дзяўчыны былі тры-чатыры коўдры, зробленыя сваімі рукамі. Тады і замуж ахвотней возьмуць, калі ўбачаць, на што здатная».
Чатыры гады назад Дом культуры ў вёсцы Вулька-1, дзе жыве Галіна Сыціна, ператварылі ў Цэнтр культуры і народнай творчасці.
— Мы вырашылі стварыць у цэнтры майстэрню народнай творчасці, — гаворыць яго дырэктар Вольга Мелюх. — У яе запрасілі майстроў вышывання, ткацтва, разьбы па дрэве і саломапляцення для таго, каб яны вучылі цудоўнаму мастацтву мясцовых дзяцей.
Вёска Вулька-1 цікавая тым, што амаль у кожным двары можна знайсці ткацкі станок. Прычым большасць з іх — у рабочым стане. Таму невыпадкова, што ў цэнтры вялікую ўвагу вырашылі надаць ткацтву. У майстэрні стаяць два ткацкія станкі: адзін — для навучання дзяўчынак, другі — для вырабу майстрамі прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якія экспануюцца на выставах.
Мясцовыя дзеці рэгулярна наведваюць майстэрню. Два разы на тыдзень тут праходзяць майстар-класы, падчас якіх народныя ўмельцы вучаць моладзь свайму рамяству. І нямала дзяцей ужо яго спасціглі.
Васіль ГЕДРОЙЦ, «БН»
Фота аўтара