Белорусская молодежь представила уникальные идеи на масштабной интеллектуальной конференции в Минске
25.09.2020 15:47:43
Людмила МИНКЕВИЧ
Вучоба на роўных
Мінчанка Софія Федчанка прадставіла праект у сферы інклюзіі. Яго ідэя нарадзілася з асабістай праблемы дзяўчыны. Два гады таму Софія ўпершыню сутыкнулася з моцным болем у спіне, які пачаў з’яўляцца пасля школьных заняткаў. У выніку шматлікіх абследаванняў урач вынес вердыкт: захворванне копчыкавай часткі пазваночніка.
Софія пачала даследаваць гэта пытанне. Даведалася, што яшчэ ў ХІХ стагоддзі канторкі карысталіся попытам у пісьменнікаў, палітыкаў, вучоных і што, па меркаванні шэрагу экспертаў, работа і вучоба стоячы паляпшае фізічнае здароўе чалавека, фарміруе пачуццё каардынацыі і раўнавагі, дае магчымасць трымаць пазваночнік у аптымальным становішчы. Адзінае засмучала Софію — як яе вучоба за канторкай будзе выглядаць збоку:
— Задумалася, што я магу зрабіць для таго, каб не толькі перамагчы свой страх, але і дапамагчы іншым пазбегнуць таго, што здарылася са мной, распаўсюдзіўшы культуру працы і вучобы стоячы. І якраз у гэты час мне на вочы трапіў артыкул пра аўтара праекта Alternative Limb Project Софію дэ Алівейра Барата, якая ператварае звычайныя пратэзы ў сапраўдныя творы альтэрнатыўнага мастацтва, улічваючы схільнасці і патрабаванні людзей, якім яны патрабуюцца. «Творчасць перамагае страх», — кажа Софія. Мяне захапіла гэта думка.
Сваім праектам «Ярчэй» Софія Федчанка прапануе рашыць праблему залішняга сядзення з дапамогай мастацтва. У планах — распрацаваць 5—7 варыянтаў малюнкаў і дызайнаў, якія зробяць канторкі больш блізкімі і звыклымі сучасным людзям.
— Сёлета я паступіла ў Мінскі архітэктурна-будаўнічы каледж, дзе неўзабаве з’явіцца мая першая канторка. І калі б раней я саромелася і пужалася рэакцыі іншых, то зараз поўнасцю ўпэўнена ў сабе і спадзяюся, што мая гісторыя прыдасць упэўненасці іншым, — дзеліцца Софія.
Горад паэзіі
Дзяніс Рабчук з Брэста вырашыў зрабіць унёсак у сферу культуры. Летам мінулага года ў яго ўзнікла ідэя распісаць сцены роднага горада творамі беларускіх паэтаў. Так нарадзіўся праект #vershybrest.
— Сабраў каманду аднадумцаў, — успамінае Дзяніс. — Сярод нас не было тых, хто разбіраўся ў стрыт-арце або праект-менеджменце. Але мы былі вельмі матываваныя. Не было толькі грошай для рэалізацыі ідэі.
Але і тут пашчасціла. У гэты час распачаліся Школа праектнага менеджара і конкурс грантаў ад агенцтва рэгіянальнага развіцця «Дзедзіч». Каманда Дзяніса вырашыла паспрабаваць свае сілы і атрымала падтрымку.
— Прыйшоў час рабіць эскізы. І тут мы сутыкнуліся з праблемай, якую звычайна спатыкаюць у краме, але ж не ў мастацтве — праблемай выбару. Цудоўных беларускіх твораў было так багата, што мы проста не ведалі, якія з гэтых тысяч вершаў павінны апынуцца на сценах, — распавядае хлопец. — Мы знайшлі выйсце ў дэмакратыі. Нехта прапаноўваў верш, потым мы абмяркоўвалі, галасавалі і так зрабілі шорт-ліст, які скарацілі да трох твораў. Імі аказаліся «Санет» Максіма Багдановіча, «Без цябе» Ніны Мацяш і «Атруці мяне вясновым хмелем» Генадзя Бураўкіна.
Заставалася атрымаць дазвол на нанясенне паэтычных радкоў на будынкі ад гарадскіх улад.
— Прыемна, што гарадскія ўлады з захапленнем успрынялі нашу ідэю. Маўляў, крута, будзем рабіць. Толькі папярэдзілі, што прыйдзецца прайсці пэўныя працэдуры ўзгаднення, — апісвае Дзяніс.
І так праз нейкі час Брэст упрыгожылі тры цудоўныя вершы, намаляваныя запрошанымі мастакамі ў розных стылях. Вядома, на гэтым Дзяніс спыняцца не збіраецца. Галоўнае, знайсці фінансавыя сродкі для рэалізацыі ідэі. Як аказалася, нанесці верш на вулічную сцяну — задавальненне не з танных. Адзін мурал абыходзіцца ў 100 і больш рублёў. Грошы ідуць на працу мастакоў, трафарэты, матэрыялы для малявання.
— Сродкі на новыя муралы збіраем праз краўдфандынг. Прыемна, што людзі адгукаюцца. На некалькі вершаў грошы ўжо сабралі, — кажа Дзяніс. — Ці будзе праект абмежаваны толькі Брэстам? Не хачу загадваць. Але было б неверагодна, каб людзі ў розных гарадах бачылі роднае мастацтва, разумелі яго пачуццёвасць і прыгажосць.
Танцы на Крыўлянцы
Кацярына Янголь з Крэва Смаргонскага раёна зацікавілася праблемамі экалогіі. Падчас прагулкі па родным мястэчку дзяўчына ўбачыла жудасную карціну: выток мясцовай рачулкі Крыўлянкі ў падножжа Юравай гары быў завалены пластыкавым смеццем.
— Успомніла ўрок геаграфіі, на якім мы некалі расказвалі пра шлях нашай рэчкі Крыўлянкі, — гаворыць Кацярына. — Яе воды праз сістэму іншых рэк трапляюць у Балтыйскае мора. Атрымліваецца, гэта адзін з сотняў вытокаў, якія фарміруюць цэлае мора. Наўрад ці той, хто кідае пластык у раку, задумваецца, куды ён трапляе ў выніку. Зацікавілася: калі па ўсёй Беларусі столькі занядбаных пачаткаў, то колькі смецця трапляе ў мора?
Адказ хутка знайшоўся ў інтэрнэце. Аказваецца, штогод у моры і акіяны трапляе каля 6,5 млн тон пластыкавага смецця. Прычым 80 % яго прыплывае з рэк. І сёння ён з’яўляецца вялікай праблемай не толькі для марскіх жыхароў, але і для чалавека. Распадаючыся на мікрагранулы і трапляючы ў харчовы ланцуг, пластык у рэшце рэшт аказваецца на нашых талерках.
— Беларусь знаходзіцца недалёка ад Балтыкі. Чысціня нашай краіны ўплывае на экалагічны стан мора. А экалагічны стан мора — на экасістэму краін, якія знаходзяцца вакол. Гэта ўзаемазалежнасць проста прымушае нас цікавіцца марской экалогіяй, — упэўнена Кацярына.
Пагутарыўшы з сябрамі, яна вырашыла спыніць «падарожжа» пластыкавага смецця з мясцовай Крыўлянкі да Балтыйскага мора. І зрабіць гэта з дапамогай… музыкі:
— Нам прыйшла ідэя адрадзіць традыцыю танцавальных вечароў, якія раней ладзіліся на Юравай гары, якраз там, дзе «пачынаецца» Балтыйскае мора. У бліжэйшай будычыні плануем выйсці на ачыстку ракі і ўладкаванне фестывальнай пляцоўкі. А ўжо наступным летам зладзіць нашы «Танцы на Крыўлянцы». Дзякуючы праекту кожны зразумее, што гэта месца не сметнік, тут могуць праходзіць кінапаказы, майстар-класы, канферэнцыі... І напэўна, ні ў каго ўжо не ўзнікне жаданне кінуць у рачулку паперку ці бутэльку. Хтосьці можа сказаць: «Ці гэта так важна ачысціць ад смецця маленькую Крыўлянку? Існуе яшчэ столькі глабальных праблем!» Але я ўпэўнена: калі кожны возьме адказнасць за прыроду, разам мы пераможам і глабальныя праблемы.
mila@sb.by