Паехаў і прапаў

Сёння нямала нашых суайчыннікаў шукаюць шчасця за мяжой. Ды не ва ўсіх гэта атрымліваецца...

Сёння нямала нашых суайчыннікаў шукаюць шчасця за мяжой. Ды не ва ўсіх гэта атрымліваецца...

Слухачы беларускага радыё і нашы чытачы прызнаюцца, што аповеды пра тых, хто паехаў некуды з роднай хаты і знік, прымушаюць сціскацца сэрца. Вось, да прыкладу, яшчэ адна гісторыя. Сяргей Віктаравіч Луцэвіч з Мінска шукае брата Васіля, 1972 года нараджэння. У 2000 годзе ён паехаў на заробкі ў Маскву і да гэтага часу пра яго нічога невядома.

Вольга Яфімаўна Мудрагелава з Магілёва хоча хоць што-небудзь даведацца пра свайго сына, Дзмітрыя Леанідавіча, 1960 года нараджэння. Дзмітрый паехаў уладкоўвацца на работу ў Саратаўскую вобласць і бясследна знік. Марыя Ільінічна Фалькова шукае сына, Аляксандра Фалькова, 1966 года нараджэння. Апошні раз яна бачыла яго ў 1996 годзе, ён прыязджаў з Междурэчанска Кемераўскай вобласці. Казаў, што збіраецца пераехаць у Краснаярскі край. Паехаў звальняцца ў Междурэчанск і не вярнуўся. Марыя Ільінічна пісала туды, але безвынікова...

Колькі, здавалася, ужо сказана пра тое, што любыя працоўныя ваяжы за межы краіны трэба планаваць прадбачліва і асцярожна. Што ёсць фірмы, якія маюць ліцэнзію на гэты від дзейнасці, што перш чым адпраўляцца ў няблізкі свет, трэба пракансультавацца ў аддзеле па грамадзянстве і міграцыі РУУС, абласным упраўленні ці дэпартаменце МУС. А таксама як мага больш высветліць пра патэнцыяльнага работадаўцу. Ды ўсё марна, большасць ваяжораў не жадаюць абцяжарваць сябе лішняй інфармацыяй. У выніку здараецца рознае.

Безумоўна, родныя будуць шукаць і чакаць бясконца, але навошта ім такія выпрабаванні.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter