Падарунак пакупнікам
02.11.2012
З`яўленнем новай крамы ў райцэнтры сёння мала каго здзівіш. У Івацэвічах жа лічаць: гэта — падзея. Таму на ўрачыстае адкрыццё магазіна “Родны кут” прыбылі кіруючыя работнікі райвыканкама, райспажыўтаварыства і яго Івацэвіцкага філіяла. Сабралася шмат жыхароў — патэнцыяльных пакупнікоў. Былі прамовы і пачастункі.
Для будаўніцтва новага кааператыўнага прадпрыемства гандлю было аблюбавана месца ў раёне вуліцы Максіма Танка. Гэта тая частка горада, дзе вялося і працягваецца маладзёжнае жыллёвае будаўніцтва. Дадзеная акалічнасць і была ўлічана, калі прымалася рашэнне аб размяшчэнні тут магазіна. На ўзвя-дзенне яго спатрэбілася ўсяго некалькі месяцаў. Агульная плошча — 200 квадратных метраў.
Маладыя гаспадыні ахвотна наведваюць новую краму, бо тут ёсць магчымасць у зручны час набыць тавары першай неабходнасці: хлебабулачныя вырабы, мясныя, малочныя прадукты, рыбу і іншае. Работнікі магазіна спадзяюцца, што з цягам часу тут будзе ўкаранёна сучасная сістэма разліку з выкарыстаннем штрыхкодаў і пластыкавых картак.