Нядзеля. У «Народным доме» аншлаг...
05.04.2012 16:28:01
У прадчуванні наваселля жыве Слонімскі драматычны тэатр — адзін з чатырох прафесійных калектываў такога кшталту ў Беларусі.
ПЛОШЧА Леніна ў Слоніме — квартал, які цудам уцалеў пасля Вялікай Айчыннай. Архітэктура тамтэйшай забудовы — некранутая вайною, еўрапейская. Але госцю райцэнтра неўзабаве кідаецца ў вочы адзін «сегмент» плошчы, абазначаны драўлянай агароджай, за якой ідзе нейкая будоўля. Будынак вялікі, з белай цэглы, дах новенькі, па пляцоўцы снуюць рабочыя. — Вось так, дзень за днём, увасабляецца наша мара, — з захапленнем гаворыць нам галоўны рэжысёр Слонімскага драматычнага тэатра Васіль СЯВЕЦ. — 20 гадоў мы «выбівалі» асобны будынак для калектыву, некалькі разоў рыхтавалі праектна-сметную дакументацыю, — а гэта неблагія грошы! І нарэшце нас пачулі! За гэта мы шчыра дзякуем Гродзенскаму аблвыканкаму і асабіста яго старшыні — Сямёну Барысавічу Шапіру.
— Агульная плошча будынка — 1600 квадратных метраў: гэта больш чым у чатыры разы перавышае плошчу, якую сёння мы арэндуем у Слонімскім раённым Доме культуры, — праводзіць для нас экскурсію па будаўнічай пляцоўцы Васіль Сявец. — Нават і не верыцца, што будзе так многа месца, што з’явяцца добрыя грымёрныя, склады для дэкарацый, касцюмаў, глядзельная зала налічыць 220 месцаў. Усё будзе новае: і мэбля, і «адзенне» сцэны, залы і абсталяванне.
— Сёння жыццё наша, па вялікім рахунку, у большасці сваёй маркетынг, — кажа Васіль Сявец. — Сучаснага гледача ўвогуле цяжка «выцягнуць» на нейкую культурную імпрэзу. А жыхарам невялічкага Слоніма калектыў і рэпертуар тэатра (у ім, дарэчы, 40 спектакляў, прычым большасць — дзіцячыя. — Аўт.) добра вядомыя. А грошы зарабляць трэба! Вось і жыве трупа на калёсах. У адным выязным выступленні занята каля дваццаці супрацоўнікаў. Гэта не толькі акцёры, але і асвятляльнік, гукааператар, адміністратар, касцюмер, загадчык трупы, адміністратар...
Усяго ў штаце Слонімскага драматычнага тэатра працуе 48 чалавек, з іх артыстаў (абавязкова прафесійных) — 14. Калектыў такі мініяцюрны, што нагадвае нечым прыдворны тэатр эпохі Адраджэння. Менавіта той, які стварыў тут, у Слоніме, у XVIII стагоддзі сам Міхал Казімір Агінскі. Нагадаю, што ў 1774 годзе шляхціц зрабіў горад асноўнай сваёй рэзідэнцыяй і пабудаваў тэатр, які існаваў у Слоніме да 1795 года.
— Сам спектакль — гэта толькі вяршыня нашага творчага «айсберга», — зазначае мастак-пастаноўшчык тэатра Аляксандр Толкач. — Працэс падрыхтоўкі спектакля такі ж, як і ва ўсіх прафесійных тэатрах. Маё падраздзяленне, да прыкладу, адказвае за сцэнаграфію і касцюмы. Усё — належным чынам: рэжысёр спектакля характарызуе, што патрэбна, якая стылістыка, антураж, а мы выконваем. Пачынаецца праца са звычайнага эскіза. На жаль, памяшканняў нам не зусім хапае, таму з нецярпеннем чакаем новы будынак: там і дэкарацыі, і майстэрні — усё разам будзе месціцца.
Да спектакля застаецца літаральна некалькі хвілін. Мы разам з галоўным рэжысёрам вандруем па тэатральных завуголлях: касцюмерная, грымёрныя, гукааператарская будка. Дзея пачынаецца...
Таццяна УСКОВА, «БН»
Фота Мікалая ВАЛЫНЦА, «БН»