“НГ”-кнiгарня: бiблiятэка аднаго чытача
21.02.2007 01:00:00
Вiдавочна, Уладзiмiру Гнiламёдаву карцiць выкласцi толькi яму аднаму вядомы вопыт жыцця. Пiсьменнiк i ў рамане “Улiс з Прускi”, дзе расказвае пра Лявона Кужаля — маладога чалавека пачатку XX стагоддзя, пра яго вандроўку на заробкi ў Амерыку, iмкнецца перадаць ад сваiх землякоў i свайго роднага краю лiст у вечнасць цi хаця б у далёкае заўтра, да нашых наступнiкаў. “Што нi вёска, то свой свет — жыццё, побыт, звычаi, норавы...” I хаця “нi кнiг, нi граматных у Прусцы не было спрадвеку, за выключэннем хiба што мясцовага бацюшкi, айца Глеба, i настаўнiка Тамаша Шпронькi”, светабачанне герояў рамана, самога Улiса — Лявона Кужаля бачыцца найцiкавейшым адбiткам многiх сацыяльных i палiтычных трывог, якiя з пачатку мiнулага стагоддзя сягаюць цi не ў час сённяшнi.
...Праз восем гадоў амерыканскага жыцця галоўны герой вяртаецца дадому. Надыхаўшыся свабоды, Лявон думае i пра наступнае: “Адзiн, без людзей, ты таксама слабак. Калi б не паверылi, не пазычылi грошай на дарогу, не дапамаглi, нiчога б не было. I Амэрыкi б не ўбачыў...”
Сонца мiфаў
Беларуская мiфалогiя: Энцыклапед. слоўн. / С. Санько ( i iнш.) ; склад. i.Клiмковiч. — 2-е выд. , дап. — Мн.: Беларусь, 2006. — 599 с.: iл.
Рэдкую энцыклапедыю можна чытаць як захапляльную кнiгу. Энцыклапедычны слоўнiк “Беларуская мiфалогiя”, укладзены журналiсткай
часопiса “Маладосць” Iрынай Клiмковiч, нягледзячы на рознахарактарны стыль аўтараў асобных артыкулаў, уяўляе сабой своеасаблiвы шматпластавы i шматгранны партрэт беларусаў як нацыi з каранямi, гiсторыяй побыту i даўняга жыцця ў гэтым свеце. Дазвольце працытаваць адзiн з артыкулаў: “БРАТ, кожны з сыноў у дачыненнi да iншых дзяцей гэтых жа бацькоў. У беларускай традыцыi роля Б(рата) вялiкая ў вясельнай абраднасцi. Калi няма ў маладых братоў, то iх замяняе блiзкi родзiч. Меншы Б(рат) расчэсвае нявесце касу, вядзе маладую на пасад, расцiлае кажух на лаве, у яго жанiх купляе месца за сталом. Б (рат) маладой вязе куфар з пасагам i атрымлiвае выкуп за яго ад маладога. У некаторых мясцiнах з боку жанiха павiнны прысутнiчаць два браты — большы i меншы. Большы Б(рат) пры кожным паклоне жанiха здымае з яго шапку i трымае над галавой. Меншы Б(рат) служыць яму сябрам. Большы Б(рат) павiнен трымацца з левага боку, а меншы — з правага”.
Шчодрыя ўрокi дабрынi
Фёдорова Г. Стёпша делает выбор: Рассказы о животных. — Гомель: Общество с дополнительной ответственностью “Барк”, 2005. — 162 с.
Кнiга, якую таксама хацелася б параiць для чытання, выйшла яшчэ пазалетась, але так i не заўважана ў Мiнску, як i па ўсёй рэспублiцы. А мiж тым Гомельская гарадская цэнтралiзаваная бiблiятэчная сiстэма дапамагла з’явiцца на свет зусiм невыпадковаму зборнiку апавяданняў пра жывёл. Аўтар — Галiна Фёдарава, празаiк са стажам. Яшчэ шмат гадоў назад вядомы рускi дзiцячы пiсьменнiк Юрый Якаўлеў пiсаў пра яе: “Апавяданнi Галiны Фёдаравай напоўнены душэўнай цеплынёю, шчыраю любоўю да прыроды. Пiсьменнiк шчодра дзелiцца сваiмi ведамi i тонкiмi назiраннямi”. “Птушыны пан-сiянат”, “Наш знаёмы лось”, “Кветкi пра нешта шэпчуць”, як i большасць iншых кароткiх, лаканiчных твораў, аднолькава вартыя ўвагi юных i дарослых чытачоў. Апiсваючы сiтуацыi з жыцця дзяцей i жывёл, пiсьменнiца нагадвае пра адказнасць чалавека за прыроду, навакольны свет. Не будзе перабольшаннем сказаць, што добрая проза Галiны Фёдаравай, пiсьменнiцы, якая доўгiя гады сцiпла i малазаўважна жыве ў Гомелi, у адным шэрагу з творамi Вiталя Бiянкi, Iвана Сакалова-Мiкiтава, Вiталя Вольскага i iншых пiсьменнiкаў-прыродазнаўцаў.