Несвиж приглашает провести ночь с Уршулей Радивил
22.06.2012 11:58:00
Упершыню ў сучаснай Беларусі сцэнічныя падмосткі ў замку Радзівілаў ператворацца ў тэатр пад адкрытым небам. Паслядоўнікі першай у Вялікім Княстве Літоўскім жанчыны-драматурга Францішкі Уршулі Радзівіл вернуць герояў яе п’ес у старажытны палац пасля больш чым двухвекавога перапынку.
Арт-фэст “Тэатр Уршулі Радзівіл”, што арганізуецца па праграме “Нясвіж — культурная сталіца”, адбудзецца 30 чэрвеня — 1 ліпеня. Аматары тэатральнага мастацтва чакаюць яго з нецярпеннем. Сустрэчу мінуўшчыны і дня сённяшняга расквеціць сузор’е народных і заслужаных артыстаў краіны, сярод іх — легенда айчыннай сцэны — Расціслаў Янкоўскі.
У першы вечар фэсту пакажуць спектакль “Выкраданне Еўропы, альбо Тэатр Уршулі Радзівіл” Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Дарэчы, гэта яго самая дарагая пастаноўка. У яе аснове — тры тэксты княгіні Радзівіл — “Дасціпнае каханне”, “Распуснікі ў пастцы” і “Шчаслівае няшчасце”. Дэкарацыі ў ім такія ж, як некалі ў тэатры Уршулі Радзівіл. Узнавілі іх па аўтэнтычных гравюрах. Над рэканструкцыяй музычнай часткі працаваў цэлы аркестр. Хтосьці пастаноўку Мікалая Пінігіна ўжо назваў не больш чым “капуснікам” на тэму хатніх радзівілаўскіх забаў”. Аднак спектакль, паказаны купалаўцамі на гастролях у Лондане, настолькі ўразіў замежную публіку, што нават пасля паказу гледачы яшчэ доўга не адпускалі акцёраў апладысментамі.
У другі дзень у тэатральнай зале ў замку Радзівілаў паставяць спектакль “Паланэз на развітанне” Мінскага абласнога драматычнага тэатра. А ўвечары ў замкавым двары будзе весці баль “Пане Каханку”. Спектакль пад такой назвай прывязе Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага.
— Прапаноўваючы ідэю такога арт-фэсту, імкнуліся не толькі паказаць жыхарам і гасцям культурнай сталіцы спектаклі, але і стварыць атмасферу сармацкага барока, — адзначае намеснік дырэктара Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Уладзімір Насеня. — Нясвіжскі аматарскі тэатр, створаны Францішкай Уршуляй Радзівіл, не меў аналагаў у тэатральнай культуры славянскіх народаў. Ён з’явіўся на мяжы шляхецка-сармацкай культуры XVII — першай паловы XVIII стагоддзя і заходнееўрапейскай культуры ў той перыяд, калі ў межах Вялікага Княства Літоўскага прафесійны тэатр адсутнічаў.
За дзве гадзіны да пачатку мерапрыемстваў у Радзівілаўскім парку пачне сваю працу горад старажытных рамёстваў, дзе можна будзе наведаць міні-кузню каваля, майстэрню ліцейшчыка, падзівіцца на даспехі рыцараў, а таксама пачаставацца стравамі старадаўняй беларускай кухні. Музыканты і танцоры пакажуць майстар-клас сярэднявечных танцаў і гульняў. Вандруючы па адноўленым замку, можна будзе адкрыць таямніцы гісторыі, акунуцца ў атмасферу беларускага Сярэднявечча. Калі пашчасціць, павітацца з самім Каралем Станіславам Радзівілам — Пане Каханку, які будзе ехаць на павозцы, запрэжанай мядзведзямі. Калі пасля прагулкі па нясвіжскіх вуліцах хопіць моцы дачакацца апоўначы, прыгледзьцеся да замка больш уважліва. Магчыма, над яго вежамі з’явіцца здань Чорнай Панны Нясвіжа.
Вы не ведалі, што:
- Францішка Уршуля Радзівіл валодала трыма замежнымі мовамі і, будучы жонкай нясвіжскага ардыната, вялікага гетмана літоўскага князя Міхала Казіміра Рыбанькі, пісала яму палкія паэтычныя пасланні;
- з вялікай колькасці дзяцей, якіх яна нарадзіла, выжылі толькі чацвёра, а да старасці дажыў толькі адзін — князь Караль, Пане Каханку;
- па характары Уршуля была сентыментальнай, цікаўнай і актыўнай. Яна занялася ўпарадкаваннем інтэр’ераў замка, пераканала мужа аднавіць дзейнасць друкарні, прывесці ў добры стан бібліятэку і знакаміты архіў;
- незадаволеная баляваннямі нясвіжскай шляхты, Уршуля вырашыла адкрыць свой тэатр. Яна напісала шаснаццаць трагедый, камедый і оперных лібрэта. Упершыню перавыдала на польскай мове Мальера, а таксама свае “Камедыі і трагедыі”, якія даследчыкі XX стагоддзя аднеслі да ўнікальных “тэатральных прымітываў” эпохі сармацкага барока. Сюжэты для сваіх “пастаральна-рамансавых” п’ес і “свецкіх містэрыяў” асветніца і драматург брала з сярэднявечных драм, антычнай міфалогіі, арабскіх казак “Тысяча і адна ноч”.
Опера І балет пад адкрытым небам
Сёння ў замку Радзівілаў у Нясвіжы пачнецца летні фестываль оперы і балета. Трэці раз ён збярэ гледачоў у адным з найпрыгажэйшых старажытных беларускіх гарадоў. У першы дзень фэсту а 15 гадзіне ў гарадской ратушы Вялікага тэатра Беларусі адбудзецца канцэрт папулярнай класічнай музыкі “Толькі раз бывае ў жыцці сустрэча...”, увечары ва ўнутраным дворыку замка гасцей свята чакае прэм’ера оперы “Евгений Онегин”. Заўтра ў тэатральнай зале адбудзецца канцэрт музычных твораў на вершы Уладзіслава Сыракомлі, а пазней — вечар балета. 24 чэрвеня а 15 гадзіне ў касцёле Божага Цела гасцей свята чакае канцэрт, прысвечаны творчасці беларускіх кампазітараў эпохі класіцызму, а ўвечары ва ўнутраным дворыку замка адбудзецца гала-канцэрт зорак Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі.