Женщины в науке - правило или исключение?
28.02.2019 07:54:00
Вера АРТЕАГА
Жанчыны ў навуцы доўгі час, амаль як Валянціна Церашкова ў касманаўтыцы, лічыліся хутчэй выключэннем, чым правілам. Прозвішчы жанчын-навукоўцаў можна было пералічыць па пальцах. З тых часоў шмат што змянілася. А нядаўна адзначаўся Міжнародны дзень жанчын у навуцы.
Фото myshared.ru
Тым не менш і сённяшнія школьнікі на пытанне «Якіх жанчын-навукоўцаў вы ведаеце?» могуць прыгадаць хіба што Марыю Кюры і Соф’ю Кавалеўскую. З таго часу ў гэтым спісе з’явілася мноства і беларускіх прозвішчаў. Напрыклад, заснавальніка і кіраўніка беларускай навуковай школы тэорыі графаў, якая атрымала сусветнае прызнанне, доктара фізіка-матэматычных навук, прафесара Рэгіны Тышкевіч. Акадэміка, доктара біялагічных навук, прафесара, заслужанага дзеяча навук БССР, выдатнага вучонага ў галіне генетыкі раслін Любові Хатылёвай. І многіх іншых.
За апошнія 15 гадоў, кажуць эксперты, паняцце «жанчына ў навуцы» стала не толькі звыклым, але і папулярным. Напрыклад, у Азербайджане доля прадстаўніц прыгожага полу ў навуцы перавысіла 50 працэнтаў, у той час як у Японіі гэта каля 15 працэнтаў. У цэлым добрым паказчыкам лічыцца ўжо ўзровень працэнтаў у 40. І трэба сказаць, наша краіна да яго падышла — па даных Інстытута сацыялогіі НАН, у нас гэты паказчык роўны 39,7 працэнта. А вось непасрэдна ў галаўной навуковай арганізацыі краіны — Акадэміі навук — і зусім складае больш за 47,5 працэнта.
Дарэчы, на думку вучонага, цяпер ужо ні ў кога не выклікае сумнення роўнасць разумовых даных мужчын і жанчын. Такім чынам, здольнасць да навуковай дзейнасці, аналітычнае мысленне і каэфіцыент IQ не маюць ніякага дачынення да гендарнай прыналежнасці. Так што жанчына, знаходзячыся ў інтэлігентным навуковым асяроддзі, адчувае сябе сёння цалкам камфортна. І шмат у чым беларуская навука робіцца жаночымі рукамі, паколькі склад шэрагу акадэмічных інстытутаў больш чым на 50 працэнтаў жаночы.
Так што ў прафесіяналізму няма полу. Гэта прызналі і самі жанчыны-кіраўнікі падчас больш чым чатырох дзясяткаў сацыялагічных апытанняў. А яго складальнікамі назвалі сфарміраваную навуковую школу, уласны навуковы напрамак, наяўнасць вучняў і паслядоўнікаў, аспірантаў, падрыхтаваных спецыялістаў і кандыдатаў навук.
Ёсць яшчэ адзін цікавы факт: сярод нобелеўскіх лаўрэатаў, пачынаючы з 1905 года, — каля 50 жанчын. Прычым больш за трыццаць з іх атрымалi высокую ўзнагароду менавіта за дасягненні ў навуцы, літаратуры, фізіялогіі і медыцыне, хіміі, фізіцы, эканоміцы. Дарэчы, у апошнія гады прэміі атрымліваюць нават не адна, а адразу некалькі прадстаўніц прыгожага полу. Напрыклад, у 2009 годзе іх было адразу пяць, у мінулым годзе — тры. Хочацца верыць, зусім хутка ў гэтым спісе будуць імёны і нашых жанчын-даследчыкаў.