Навагрудку - 965
07.07.2009 01:00:00
Пра тыя часы дагэтуль сведчыць пагорак у цэнтры горада — так званая гара Міндоўга. Лічыцца, што менавіта тут пахаваны славуты валадар.
У сярэдзіне ХІІІ стагоддзя ў Навагрудку пачалося будаўніцтва знакамітага ва ўсім свеце каменнага замка. У пачатку ХІV стагоддзя была пабудавана Навагрудская замкавая царква. Горад незвычайна багаты на старадаўнія помнікі гісторыі і культуры. Пра Навагрудак пішуць, што гэта горад-музей.
Навагрудчына — радзіма генія сусветнай паэзіі Адама Міцкевіча. З гэтым краем звязаны імёны знакамітых асоб мінулага часу: канцлера Вялікага княства Літоўскага, заснавальніка вядомай бібліятэкі ў Шчорсах Яхіма Літавора Храптовіча, вучоных Уладзіслава Дыбоўскага, Яўхіма Карскага, Барыса Тураева, Аляксандра Гаркаві, паэтаў Яна Чачота, Уладзіслава Сыракомлі, Вінцэся Каратынскага, Янкі Нёманскага, Янкі Купалы, Якуба Коласа, мемуарыста Фёдара Еўлашоўскага, фалькларыста Саламона Рысінскага, мастака Язэпа Драздовіча, опернага артыста Платона Тэсевіча і іншых.
Сярод нашых сучаснікаў — сусветна вядомы вучоны ў сферы астранаўтыкі, акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі, акадэмік і ганаровы віцэ-прэзідэнт Міжнароднай акадэміі навук і мастацтваў Еўразіі, ганаровы грамадзянін г.Навагрудка Барыс Кіт, акадэмікі Нацыянальнай акадэміі Беларусі Ф.Аляшкевіч, М.Касцюк, член-карэспандэнт НАН А.Булыка і шмат іншых вядомых асоб. Навагрудчына ўзгадавала восем Герояў Сацыялістычнай Працы, аднаго поўнага кавалера ордэна Славы.
Сёння Навагрудак — гэта адзін са значных прамысловых і культурных цэнтраў Прынёманскага краю, горад старажытны і разам з тым малады, бо тут шмат новабудоўляў, горад, які ўпэўнена глядзіць у будучыню.
Аб’ём інвестыцый у эканоміку раёна за пяць месяцаў бягучага года склаў 44,5 млрд рублёў.
32 мільёны долараў — такі аб’ём знешнегандлёвага тавараабароту за пяць месяцаў 2009 года.
За студзень — май у раёне створана 476 новых рабочых месцаў.
Валавая вытворчасць прадукцыі сельскай гаспадаркі ў гэтым годзе павялічыцца на 111,3 працэнта.
У Навагрудку будзе пабудаваны трохзоркавы гатэль “Еўропа”.