Навіна
17.08.2013 17:57:43
Уладзімір ПРАВАСУД
Сарока на хвасце прынесла навіну.
Не важна нам — адкуль,
Не важна нам — якую.
Ды ўжо Зязюля пра яе кукуе,
На вуха Муха шэпча штось Слану.
А той Мядзведзю кажа па сакрэту.
Мядзведзь — Ласю...
А Лось панёс далей...
І ўжо праз пэўны час ад навіны
ад гэтай
Узрушан кожны звер
І кожны Верабей.
І ці то ноч у лесе,
Ці то ранне,
Адно ва ўсіх пытанне:
— Ці чулі вы?
— Не чуў. А што?
— Гавораць,
Гарыць якоесь мора.
— Далёка?
— Не, паблізу дзесь.
— Ад мора, кажуць, можа загарэцца лес...
* * *
Бывае так: ад цёткі і да цёткі
Разносяцца па вёсцы плёткі.