Продолжение маршрутов и велоспоты: какие новинки подготовили для велосипедистов в Минске

Нацiснi на педаль — i паляцелi!

Зараз веласіпед адзін з самых бяспечных відаў транспарта. Чаму? За рулём усяго адзін чалавек-кіроўца, ён жа пасажыр, ён жа штурман, боцман і лоцман. Пры такіх абставінах прытрымлівацца сацыяльнай дыстанцыі вельмі проста. З гэтым згодны і намеснік дырэктара ГА «Мінскае веласіпеднае таварыства» Максім Пучынскі. Ён — сапраўдны фанат двухколавага транспарта. Гатовы да паездак як у дождж, так і ў моцны вецер. Цікава, што па дадзеных сацыялагічных даследаванняў, у краіне двухколавага транспарта больш чым аўтамабіляў! Верыцца з цяжкасцю. Але гэта праўда, пераконвае Максім. А ў сталіцы больш 800 000 веласіпедаў. Карэспандэнт «Р» на дзень далучылася да прыхільнікаў любімага транспарта паштальёна Печкіна і высветліла, што ў сталіцы робяць для веласіпедыстаў і якія навінкі іх чакаюць у наступным годзе.

Удалая веладарожка ля Свіслачы ў напрамку Палаца спорту дапамагла павялічыць колькасць веласіпедыстаў на гэтым участку да 500 чалавек у вячэрнюю гадзіну пік!

Інфраструктура — справа тонкая

Сёння добрая веласіпедная інфраструктура павінна адпавядаць пяці прынцыпам: бяспека, прамалінейнасць, звязнасць, зручнасць, прывабнасць. І калі па бяспецы пытанняў няма, то са звязнасцю ў Мінску ёсць праблемы. Я папрасіла Максіма як бывалага веласіпедыста прыдумаць для нас невялікі маршрут, на якім мы зможам ацаніць, як сталіца добраўпарадкоўваецца для веларуху. Старт — пляцоўка каля Белдзяржфілармоніі.

— Для веласіпедыстаў вельмі важная бесперапынная разметка на тратуары. Тут жа незразумела, дзе павінен адбывацца рух, — адзначае Максім Пучынскі. — Між тым, на гэтай пляцоўцы заўсёды збіраецца шмат людзей. А ўдалая разметка можа зберагчы ўсіх удзельнікаў руху ад сутыкнення.

Для веласіпедыстаў вельмі важная бесперапынная разметка на тратуары.

Прыклад вырашэння падобных праблем — ужо звык­лая для мінчан велапаласа па вуліцы Веры Харужай. Дарэчы, у хуткім часе яе плануюць падоўжыць на 1,4 кіламетра да бульвара Шаўчэнкі. Але і цяпер гэты ўчастак досыць зручны для веласіпедыстаў. Яркая разметка не дае страціць маршрут, а веласвятлафоры, устаноўленыя акурат пад аўтамабільнымі, рэгулююць рух і робяць яго бяспечней.

Праязджаючы далей па вызначаным маршруце, Максім звяртае маю ўвагу на нязручныя паркоўкі для веласіпедаў. Дастаткова вузкія «клямары» дастаюць да сярэдзіны кола.

— Гэта — сапраўдная знаходка для злодзея, — спрабуе запаркаваць свой веласіпед Максім. — Мала таго, што падобныя паркоўкі могуць пагнуць тармазны дыск або падрапаць вілку веласіпеда, дык і бяспечна пакінуць тут свой двухколавы транспарт практычна немагчыма. У сучасных веласіпедах часта выкарыстоўваюць эксцэнтрык, які дазваляе лёгка зняць кола. Нават скарыстаўшыся замком, ёсць верагоднасць, што злодзей адцягне рычаг эксцэнтрыка і адлучыць «цела» транспарта ад «ног». А ў гэтай стаянцы скарыстацца «аховай» можна толькі праз кола, не чысты на руку чалавек сыдзе з кульгавым на адну апору веласіпедам.

Дрэнны прыклад стаянкі для двухколага транспарта. Тут пакідаць веласіпед небяспечна. 

Бяспечныя велапаркоўкі абсталяваны ў выгля­дзе літары «П», і цяпер у Мінску іх становіцца ўсё больш. Каб палегчыць задачу праекціроўшчыкам, ГА «Мінскае веласіпеднае таварыства» разам з Міністэрствам архітэктуры рыхтуе нарматыўныя дакументы, у якіх выразна прапішуць стандарты, якой павінна быць веласіпедная інфраструктура. Параметры правільных велапарковак, велапалос і веладарожак. Плануецца, што гэты дакумент будзе гатовы ўжо ў наступным годзе.

Удалыя велапаркоўкі абсталяваны ў выглядзе літары «П».

Добры прыклад заразлівы

Удалая веладарожка ля Свіслачы ў напрамку Палаца спорту дапамагла павялічыць колькасць веласіпедыстаў на гэтым участку да 500 чалавек у вячэрнюю гадзіну пік! З такім паказчыкам для бяспечнага перамяшчэння трэба вытрымліваць сярэднюю хуткасць, не набіраць дадатковыя кіламетры за гадзіну. Гэты прыклад паказвае, што мінчане зацікаўлены ў стварэнні камфортных умоў для перамяшчэння на двухколавым транспарце.

За верхнюю частку арматуры можна добра замацаваць веласіпед да рамы.

— Зараз ёсць дадзеныя па гендэрным размеркаванні веласіпедыстаў: 80 працэнтаў з іх — мужчыны і толькі 20 — жанчыны, — прыводзіць лічбы Максім Пучынскі. — Сапраўды, дзяўчатам, дзецям і пажылым людзям цяжка перасякаць некаторыя вуліцы сталіцы. Ім нязручна пераносіць веласіпед праз лесвіцу ў падземным пераходзе. Усё ж такі гэта патрабуе немалых фізічных намаганняў, бо веласіпеды могуць быць вельмі цяжкімі! Таму важна займацца пытаннямі ўладкавання. І гарадскія службы працуюць над гэтым. Напрыклад, у ДАІ ёсць ідэя злучыць веламаршрут па Лагойскім тракце з цэнтрам горада праз меркаваную веладарожку ад вуліцы Багдановіча да скрыжавання на праспект Машэрава.

Яшчэ адзін маячок развіцця велаінфра­структуры — павелічэнне колькасці станцый для рамонту веласіпедаў. Да гэтай вясны з’явілася 7 новых веласпотаў. І калі першапачаткова іх усталёўвала ГА «Мінскае веласіпеднае таварыства» і Цэнтр экалагічных рашэнняў падчас праекта «Гарадскі веларух у Беларусі», што фінансуецца ЕС, то цяпер у справу прыйшоў бізнэс. І гэта добры знак. Значыць, колькасць станцый будзе расці. Дарэчы, у краіне зараз каля 30 веласпотаў, 10 з іх у Мінску.


Веласпотаў у краіне становіцца ўсё больш. На стаянцы можна падрамантаваць свой транспарт, падкачаць колы.















tychko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Фото: Алексей СТОЛЯРОВ