Маскоўскiя архiвiсты перададуць у Мiнск перапiску Горкага з бацькам Максiма Багдановiча

Напiсанае засталося

Класік рускай літаратуры Максім Горкі і бацька нашага літаратурнага талента Максіма Багдановіча — Адам Ягоравіч — былі сваякамі. Яны ажаніліся на родных сёстрах Волжыных — Кацярыне i Аляксандры. Архівы захавалі дзясяткі лістоў, у якіх ёсць і прызнанні ў каханні, і асабістыя пачуцці, і перажыванні, і спрэчкі з нагоды найважнейшых гістарычных падзей, і асабістыя просьбы. Літаратурны музей Максіма Багдановіча ў Мінску і Інстытут сусветнай літаратуры ў Маскве пры падтрымцы Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы рэалізуюць гуманітарны праект «Горкі і Багдановічы», падчас якога былі прэзентаваны лісты двух класікаў. Карэспандэнт «Рэспублікі» зазiрнуў у тую перапiску. 

Дар’я МАСКОЎСКАЯ і Алена МАЦЕВАСЯН
Фота аўтара

Пішыце лісты

Зусiм прамымі сваякамі яны, вядома ж, пры гэтым не сталі, але ўзаемная сімпатыя, якая ўзнікла паміж пiсьменнiкамi падчас знаёмства 120 гадоў таму, пасля стала падставай для сяброўства i актыўнага абмену лістамі — iх да нашага часу захавалася некалькi дзясяткаў. Архіў, што дасталi зараз са схованак, складаецца з 42 лістоў Багдановіча ў адрас Горкага і 19 яго адказаў. Адпаведна туды ж дабаўлены і лісты, якія пісаліся Багдановічам яго будучай жонцы, i яе адказы яму. Некаторыя з гэтых бумаг ужо былi абнародаваны раней, але частка прадстаўлена шырокай грамадскасцi толькi зараз. Напрыклад, перапiску Адама Багдановiча са сваёй каханай дагэтуль нiхто, акрамя даследчыкаў, уласнымi вачыма не бачыў.

Больш увагi прыцягвае да сябе, вядома ж, перапiска Багдановiча i Горкага.

— Гэта прыклад высокага эпісталярнага жанру, перапiска нясе асаблівую каштоўнасць. У ёй ёсць усе жанравыя прыклады. Бо вялася яна паміж людзьмі, якія, несумненна, валодалі літаратурнымі талентамі, — лічыць намеснік дырэктара Інстытута сусветнай літаратуры імя М. Горкага Дар'я Маскоўская. — Калі ў 1896 годзе Максім Горкі стаў мужам Кацярыны Волжынай, а ў 1899 годзе Адам Багдановіч ажаніўся на 19-гадовай Аляксандры, здарылася самае галоўнае — пісьменнікі парадніліся духоўна.

Спакушэнне  па  перапісцы

Як вядома, пэўны час Адам Багдановіч жыў у Ніжнім Ноўгарадзе, у 1896 годзе туды яго прымусіла перабрацца трагічная смерць маці Максіма — памерла ад сухотаў. Там Адам Ягоравіч доўга працаваў у аддзяленні Сялянскага пазямельнага банка, там ён пазнаёмiўся з сям`ёй Волжыных. Малодшая дачка Паўла Волжына вельмi яму падабалася.

— Перапіска паміж Адамам Багдановічам і Аляксандрай Волжынай носіць асаблівы і складаны для публікацыі характар. Я б назвала яе «перапіскай спакушэння». Гэта лiсты ад Багдановіча, якому ўжо было за 40 гадоў, і адпаведныя ад Аляксандры, якой толькі стукнула 18, — патлумачыла загадчыца архіва Максіма Горкага Алена Мацевасян.

Яраслаўль. Cямейны партрэт у інтэр'еры

Архіварыус кажа: па дакументах гэтых добра відаць, што дзяўчына няхай і ў прыкметнага, але ўсё ж удаўца з двума дзецьмі зусiм не была закаханая. Багдановіч ёй вельмі падабаўся як чалавек, але пра высокія пачуццi яна доўгi час зусім не думала. I не пiсала…

Багдановіч упарты — ён у перапісцы ідзе на ўсялякія хітрыкі, как прыцягнуць увагу да сваёй персоны. Нават цытуе каханай Шылера, Гётэ і іншых класікаў паэзii. «Я кахаю цябе ўсю, тваю душу, але і цела, разумееш ты, сонейка? Ты для мяне адзіная і непадзельная. О, калі б ты так мяне любіла!..» 

Вада камень точыць. У выніку Аляксандра адказвае згодай на прапанову рукі і сэрца. Але пасля вяселля доўга жыць маладым не давялося — падчас нараджэння першынца Аляксандра памiрае. Сэрца адказала. 

Медыкi потым гаварылi, што яно заўсёды ў яе было хворым i ёй бы гады два-тры пачакаць з цяжарнасцю. Але атрымалася так, як атрымалася. Хлопчык, якi нарадзiўся тады, таксама доўга не пражыў — памёр праз тры гады. Максiму Багдановiчу, як атрымлiваецца, ён быў братам, названы у гонар маці Аляксандрам. Дарэчы, дакументы малога зараз захоўваюцца ў архіве Максіма Горкага. Вiдавочна, трапілі яны туды праз цётку — Кацярыну Волжыну.

Два Максімы — вялікі і маленькі

На момант пераезду Багдановічаў у Ніжні Ноўгарад Максім Горкі быў у гэтым горадзе асобай вядомай. Вакол яго персоны нават сфарміраваўся своеасаблівы літаратурны салон. Зразумела, у гэты свет пастараўся мець доступ і Адам Багдановіч. А маленькі Максім, які тады часта быў пры бацьку, таксама быў уцягнуты ў бясконцае кола сустрэч.

Папкі з перапіскай

Алена Мацевасян кажа, што Максім Багдановіч ведаў Горкага нават з самага ранняга дзяцінства.

— Яго літаратурныя інтарэсы і прыхільнасці былі збольшага звязаны з уплывам Горкага, — запэўнівае загадчыца архіва Горкага.

А яшчэ Максім Багдановіч, калі пачаў рабіць першыя спробы пяра, часта дасылаў свае творы Горкаму. Пасля таго як сын памёр у Ялце ад сухотаў у 1917-м, Адам Багдановіч стаў збіраць яго архіў, але яму не вельмi шанцавала. Нешта падчас вайны было згублена, а нешта загінула на пажары. 

«Зараз раблю справу, выпісваю артыкулы Максіма з яраслаўскага «Голаса» для Інстытута беларускай літаратуры. Праца далакопа. Між іншым, Максім у 13—14 гадоў пісаў Вам і, здаецца, нават паслаў Вам кніжку сваіх вершаў. Мабыць, захаваліся ў Вас яго лісты?.. Беларусы былі б вельмі ўзрадаваныя», — пісаў Багдановіч Горкаму.

Аб чым пісалі літаратары адзiн аднаму

Вядома ж, перапіска паміж Адамам Багдановічам і Максiмам Горкім поўная ўсяго — радасці і смутку двух сямействаў, чый лёс не склаўcя, парад i растлумачванняў. Але ж, зразумела, самае цікавае — гэта асабiстыя просьбы.

Так, у 1930-я Адам Багдановіч выступаў у абарону ўсёй беларускай літаратуры. І далiкатна i мякка нагадваў Горкаму, што ў сувязі з чарговым юбілеем Аляксандра Пушкіна ў аргкамітэт «ня дрэнна было б уключыць і беларускага пісьменніка Якуба Коласа». Так у рэшце рэшт i адбылося.

А яшчэ Багдановіч прасіў у высокапастаўленага сябра дапамогі ў вырашэнні пытання з індывідуальнай пенсіяй. У першыя гады iснавання СССР на яе маглі прэтэндаваць толькі людзі з вышэйшай адукацыяй, а за плячыма ў Адама Багдановіча было толькі скончанае Нясвіжскае вучылішча. Дарэчы, Горкi дапамог яму вырашыць гэтае пытанне, а яшчэ, як цяпер даведалiся гiсторыкi, неаднаразова дапамагаў фiнансава. Пад канец жыцця ў Адама Багдановiча было не вельмi добра з грашыма, i ён часта меў у iх патрэбу. 

Мяркуючы па лiсце, Горкі высока ацаніў працу Багдановіча «Мова зямлі», хоць дапамагчы з яе выданнем не змог. Кніжка, аўтар якой пачуў у назвах рэк Расіі адгалоскі мовы людзей дагістарычнай эры, пабачыла свет у Яраслаўлі толькі ў 1990-я — праз паўстагоддзя пасля смерці аўтара.

Але самы галоўны момант, дарэчы, таксама адлюстраваны ў перапісцы — Горкі і Кацярына Пяшкова, якая ў тыя гады ўзначальвала Палітычны Чырвоны Крыж, выратавалі Багдановіча ад рэпрэсій. У 1932 годзе паважаны ўсім Яраслаўлем стары інтэлігент ледзьве не трапіў у ДПУ. Не абышлося, як вялося тады, без даносу, але i біяграфія яраслаўскім чэкістам паказалася занадта падазронай — да рэвалюцыі служыў у банку, адзін з сыноў — царскі афіцэр...

Выйшаўшы на волю, Адам Ягоравіч пісаў сябру: «Дарагі Аляксей Максімавіч! Вам, напэўна, вядома, што я ў ліку іншых пакутнікаў быў арыштаваны і прыцягнуты да следства мясцовым аддзелам ДПУ. Вы мяне добра ведаеце, што я наогул не схільны да хлусні і выкрутлівасці, а тым больш з Вамі... Я не цярплю гульні ў маўчанку, і ў апошні час, калі ўсе разважліва маўчалі, я гаварыў. Што казаў? Заўсёды слушнае, заўсёды справядлівае... Але неабдуманасць, але галавацяпства называў сваімі імёнамі...»

Горкі ў адказ развейвае сумненні ў тым, што паверыў паклёпам: «Цалкам недарэчная думка прыйшла ў галаву Вам, стары сябар Адам Ягоравіч. Ці магу я, ведаючы Вас 30 гадоў, уявіць, што Вы здольныя на нейкую контррэвалюцыю?..»

Пасля гэтага абмену лістамі яны яшчэ раз сустрэліся ў Маскве: Багдановіч гасцяваў у выдзеленым Горкаму асабняку ў Нікіцкіх варот,  што да рэвалюцыі належаў фабрыканту Рабушынскаму. Адам Ягоравіч прыязджаў і на пахаванне сына Горкага — цёзкі яго Максіма. Але, як говораць гiсторыкi, асабіста выказаць спачуванне яму ў мітусні афіцыйных пахаванняў так i не ўдалося.

benko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter