НАПАЧАТКУ БЫЛО СЛОВА
02.09.2006 01:00:00
Наша, беларускае Слова не згарэла ў агнi стагоддзяў. Мы ганарымся тым, што першыя з усходнiх славян атрымалi сваю друкаваную Бiблiю. Кнiгi, выдадзеныя на старажытнай беларускай мове доктарам Францыскам Скарынам у далёкiм ХVI стагоддзi — адно з упрыгажэнняў скарбнiцы сусветнай культуры. Наш гонар. Наша спадчына, якую проста абавязаны захаваць i зберагчы.
Нават цяпер, праз безлiч гадоў, якiя мiнулi з таго часу, калi нехта з людзей першы паспрабаваў выказаць свае пачуццi, напiсаўшы нейкiя знакi, якiя пасля назвалi лiтарамi, Слова не страцiла сваёй каштоўнасцi, значнасцi, а часам i лёсавырашальнасцi. Гэта асаблiва разумеем мы, журналiсты, для якiх Слова — рабочы iнструмент. У “Народнай газеце” мы стараемся рабiць так, каб яно служыла вам, шаноўныя чытачы. Каб яно вас iнфармавала, падтрымлiвала, не давала сумаваць, каб яно вам ДАПАМАГАЛА. Мы за ўсе напiсаныя намi словы адчуваем вялiкую адказнасць, мы шчыра жадаем, каб яны iшлi на добрае, на карысць.
Нумар, якi вы трымаеце наконаднi Свята беларускага пiсьменства, не зусiм звычайны. У iм мы сабралi ўсе самыя лепшыя праекты, якiя пастаянна з’яўляюцца на старонках нашай газеты. Не тое што пахвалiцца перад вамi — хочам зрабiць перад Святам Слова своеасаблiвую справаздачу, бо хто ж, як не вы, нашы самыя строгiя, непрадузятыя i жаданыя суддзi. Чытайце, думайце, пiшыце нам словы. Розныя — мы будзем удзячныя i за пажаданнi, i за крытыку. У сваю чаргу, з усiх тысяч слоў, якiя ў вусны продкаў уклала калiсь само Неба, напiшам для вас вось гэтыя, самыя, бадай, лепшыя i шчырыя:
МЫ ВАС ЛЮБIМ!