Минск
+14 oC
USD: 2.58
EUR: 2.84

Белгидромет: нынешняя весна будет теплее, чем обычно, температура ожидается на 0,5 — 1 градус выше климатической нормы

Надвор’е ламае ўсе графікі

За апошнія дзесяць гадоў у нашай краіне сярэднегадавая тэмпература паветра ўзрасла на 0,5 градуса. Мінулы год і ўвогуле выдаўся анамальным — ён стаў самым цёплым за ўсю гісторыю метэаназіранняў, сярэднегадавая тэмпература паветра склала плюс 8,8 градуса. Цяплейшай, чым звычайна, будзе і вясна. Паводле прагнозаў сіноптыкаў, у сакавіку і красавіку ў нашай краіне тэмпература паветра чакаецца на 0,5—1 градус вышэй за кліматычную норму.

Спецыялісты акцэнтуюць увагу: клімат мяняецца, ідзе глабальнае пацяпленне.

Трэба ўнесці карэктывы

Паўночна-Еўразійскі кліма­тычны цэнтр прыводзіць такія звесткі: сярэдняя тэмпература паветра вясной у Беларусі складзе плюс 6,9 градуса. У сакавіку будзе плюс 0,2 градуса, у красавіку — плюс 7,3 градуса, у маі — плюс 13,3 градуса. Нашы сіноптыкі згодныя з такім папярэднім прагнозам. Спецыялісты акцэнтуюць увагу: клімат мяняецца, ідзе глабальнае пацяпленне.

У гэтым сезоне снег мы бачылі ўсяго некалькі разоў, моцных маразоў таксама не было: кліматычная зіма да нас так і не прыйшла. Для нашай краіны гэта анамалія: нешта падобнае было толькі ў 1989—1990 гадах, але нават тады сярэдняя тэмпература зімы была ніжэй за нуль. Такой цёплай зімы не было амаль 140 гадоў, гэта значыць за ўсю гісторыю метэаназіранняў, пачынаючы з 1881 года. Святлана Кузьміч, намеснік начальніка Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя, абагульніла:

— Тэндэнцыя, якую мы назіраем на тэрыторыі Беларусі, адзначаецца і па ўсім зямным шары. Тэмпература паветра ва ўсім свеце павялічылася на 1,1 градуса. Змены клімату адчуваюцца ў сельскай гаспадарцы — гэтую галіну трэба адаптаваць.

Такой цёплай зімы не было амаль 140 гадоў, гэта значыць за ўсю гісторыю метэаназіранняў, пачынаючы з 1881 года.

Дарэчы, навукоўцы рэкамендуюць унесці некаторыя карэктывы ў сістэму земляробства. Мікалай Цыбулька, намеснік дырэктара Інстытута глебазнаўства і аграхіміі НАН Беларусі па навуковай рабоце, удакладняе:

— Трэба змяніць структуру пасяўных плошчаў, павялічыць пасеў азімых культур, нарошчваць пасевы прамежкавых культур. Варта перагледзець тэрміны пасадкі і ўборкі.

Спецыяліст таксама акцэнтуе ўвагу: пацяпленне аказвае станоўчы ўплыў на сельскую гаспадарку ў паўночных рэгіёнах, дзе развіццё земляробства заўсёды абмяжоўвалася нізкімі тэмпературамі. А на поўдні з’явіцца магчымасць вырошчваць больш абрыкосаў, персікаў і іншых цеплалюбівых культур.

Быць гатовымі да ўсяго

З-за глабальнага пацяплення павышаецца рызыка экстрэмальных пагодных з’яў — напрыклад, засух. У сувязі з гэтым Віктар Звяртоўскі, намеснік начальніка ўпраўлення лясной гаспадаркі Мінлясгаса, запэўніў: ведамства гатова да наступстваў глабальнага пацяплення. Ужо распрацавана некалькі важных дакументаў і стратэгій, дзе падрабязна распісаны мерапрыемствы па адаптацыі лясной гаспадаркі да глабальных змяненняў клімату:

— Тэмпература паветра павышаецца, але ападкаў больш не становіцца. Засухі часта прыво­дзяць да лясных пажараў. Мы спа­дзяёмся на лепшае, але рыхтуемся да горшага. Па ўсёй краіне ўжо ўстаноўлена больш за 600 камер назірання, з дапамогай якіх мы можам хутка зрэагаваць на надзвычайнае здарэнне. Дзякуючы выразнай арганізацыі аховы лясоў і добрасумленнаму стаўленню да справы ў лесаводаў атрымаецца зберагчы ад агню сотні гектараў лесу.

У пацяплення ёсць і плюсы: у краіне павялічваюцца плошчы расліннага покрыва.

У пацяплення ёсць і плюсы: у краіне павялічваюцца пло­шчы расліннага покрыва. Сяргей Лысенка, дырэктар ДНУ «Інстытут прыродакарыстання НАН Беларусі», загадчык цэнтра кліматычных змяненняў, удакладняе:

— Глабальныя змены клімату прывялі да павелічэння ўтрыман­ня вуглякіслага газу ў атмасферы. Для многіх раслін гэта добра, бо вуглякіслы газ спрыяе фотасінтэзу. З пачатку стагоддзя ўся наша планета пазелянела. У асноўным расліннае покрыва павялічылася на тэрыторыях Кітая і Індыі, але і ў Еўропе ёсць сур’ёзныя змены. Пацяпленне пазітыўна ўплывае на лісцяныя культуры, але негатыўна — на іглічныя.

Доктар фізіка-матэматычных навук прафесар Сяргей Лысенка падсумоўвае: з-за цёплай зімы ў краіне растрачана менш энергарэсурсаў, камунальныя службы таксама сэканомілі. На транспартнай інфраструктуры змяненне клімату адбіваецца добра, акрамя рачнога транспарту: абмяленне рэк будзе станавіцца больш частай з’явай.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Загрузка...